Do you speak на роднай мове?
На працягу тыдня карэспандэнт “ГП” размаўляла толькі па-беларуску Пятніца.
Агульны праязны
Цудоўная выдалася раніца, сонечная. Да таго ж, 10 верасня час набываць дэкадны праязны. Кандуктар прайшла побач са мной некалькі разоў, перш чым я наважылася нарэшце загаварыць (нават не ўяўляла, што гэта будзе так складана. Як з берага ў ваду зайсці).
— На наступную дэкаду ёсць праязныя? — пытаюся, і, атрымаўшы станоўчы адказ, кажу: — Мне патрэбен агульны.
Паўза. Невядома навошта, удакладняю:
— У сэнсе, на аўтобус і тралейбус.
— Есть, — адказвае і глядзіць на мяне, як падалося, з павагай.
У позірках жа пасажыраў, што знаходзіліся ў радыусе чутнасці, наколькі я паспела заўважыць, у каго зацікаўленасць, у каго варожасць.
Бадзёрым голасам размаўляю па-беларуску з калегамі ў офісе, з чытачамі і рэспандэнтамі па тэлефоне. Інтанацыя слаба суадносіцца з замаруджанасцю гаворкі. Справа ў тым, што словы даводзіцца падбіраць пасля перакладу рускамоўнай думкі на родную мову. Заўважаю, што некаторыя словы ўжываю рускія, але вымаўляю іх на беларускі манер. Прычым яны не складаныя, і каб іх перакласці, асабліва аб’ёмнага тэзаўруса не трэба. “Фамілія”… Які сорам :(
Дзякуй Богу, дома ў мяне ёсць Караткевіч. Прыйшла засмучаная амаль да слёз. Твор выцягнула з назвай якраз пад настрой: “Ладдзя роспачы”. Насамрэч, выпадковае супадзенне, бо са студэнцкіх гадоў люблю аповед пра тое, як Гервасій Выліваха з Рагачова саму смерць у шахматы перайграў, няхай сабе і не без махлярства. Пакрысе, старонка за старонкай, узгадваю словы, сінтаксічныя канструкцыі і, галоўнае, настрой, які патрэбен, каб размаўляць па-беларуску.
Субота.
Злашчасны прыпынак
Гомель святкуе Дзень горада. Не вельмі гэта прыемна, скажу я вам, раз-пораз аказвацца ў цэнтры ўвагі натоўпу. Але ўпарта гутару з сябрамі па-беларуску. Да маіх каментарыяў наконт розных прывабных атрыбутаў рэтрабульвару ці жахлівага выступлення хіп-хоп калектываў прыслухоўваюцца бадай усе, хто знаходзіцца паблізу. Цікава, што юнацтва рэагуе на беларускую гаворку як на нешта незвычайнае (і здаецца, з такім жа поспехам магла б прыцягнуць іх увагу гутаркай на кітайскай ці эсперанта), моладзь з зацікаўленасцю, сталыя людзі не заўважаюць увогуле.
Вечарам, калі вярталася дадому, раптам перайшла на рускую мову, нягледзячы на ўсю сваю рашучасць. Не рызыкнула сказаць у маршрутцы, каб супынілі мне на прыпынку. Бо па ўсім было відаць, што мяне могуць не зразумець ні вадзіцель, ні пасажыры. Было ўжо позна, цёмна, холадна і не хацелася ісці пешшу ці працяглы час чакаць аўтобуса, праехаўшы пункт прызначэння. Выйшла з брыдкім пачуццём: так прыстасоўвацца да абставін і ганебна, і крыўдна.
Нядзеля.
“Чортаў тыдзень” без выключэнняў
Ранішняя тэлефонная размова з братам скончылася яго меркаваннем, што я, напэўна, звар’яцела. Малодшанькі заявіў: хоць яму і вельмі цікава даведацца пра мае навіны, ён патэлефануе мне ў наступную суботу, калі “гэты мой чортаў тыдзень” скончыцца. І справа не ў тым, што не падабаецца яму, як гучыць мова ці ставіцца ён да яе прадузята. Проста разумее з цяжкасцю.
Вельмі абурае, калі суразмоўцы не могуць падтрымаць гутарку. Я і сама раней мела агідную звычку на беларускую мову адказваць рускай. Больш так рабіць не буду.
Зрэшты, мае сябры амаль усе шчыра намагаліся падтрымаць мяне ў добрай справе, няхай і з памылкамі. Без праблем размаўляў са мной толькі тата. Нічога дзіўнага: ён філолаг. Радаваўся, мусіць, бо такія тыдні ён імкнуўся мне наладзіць, яшчэ калі я ў дзіцячы садок хадзіла.
Тэлефанаваў знаёмы з Украіны. Адзіны чалавек, які ўвогуле не заўважыў, што я пачала размаўляць па-беларуску. Сказаў, што цудоўна разумее ўсё, што я гавару. Маўляў, нечым падобныя мовы, а сваю ён ведае. Можна толькі пазайздросціць суседзям. Дарэчы, пабываўшы ў бацькоў у Брагінскім раёне і паглядзеўшы ўкраінскія тэлеканалы, адчуваю, што і сама па-ўкраінску змагу з лёгкасцю пагутарыць. Навіны, разважальныя тэлеперадачы, фільмы, серыялы — усё на іх мове, яна ўспрымаецца добра і літаральна ўсмоктваецца ў мозг. А што наша тэлебачанне? Адзіная беларускамоўная перадача, якую з задавальненнем гляджу ўжо каторы год — “Вiдзьмо-нявiдзьмо”, што перабралася з БТ на “Сталічнае тэлебачанне”. Але я яшчэ памятаю беларускамоўныя навіны, якія зараз хіба што ў рэгіянальных выпусках пачуеш.
Панядзелак.
Што можа аб’яднаць трактар і папяросу?
Мала хто ведае пра ліст, які Якуб Колас, калі верыць словам яго сына Міхася ў адным з інтэрв’ю, аднёс у бюро ЦК КП Беларусі ў апошні дзень свайго жыцця, у жніўні 1956 года (хаця напісаны ён быў раней). Сёння гэты ліст аб катастрафічным становішчы роднай мовы, які больш чым на 30 гадоў трапіў пад грыф “цалкам сакрэтна”, можна знайсці на сайце Дзяржаўнай архіўнай службы Беларусі ў спецыяльнай падборцы дакументаў да 125-годдзя класіка. Працытую вытрымкі:
“Установы сталiцы вывелi з абыходку беларускую мову: на ёй не вядзецца перапiска, на ёй не гавораць з наведвальнiкамi, у гарадах няма беларускiх шыльд i надпiсаў, мала беларускiх афiш i плакатаў… Няўжо ж нашы аўтамабiлi, трактары, станкi, тканiны, цукеркi, папяросы сталi б горшымi, каб на iх былi беларускiя надпiсы. Хай толькi якасць не падводзiць!”
“Студыя “Беларусьфільм” здымае фільмы на рускай мове, а потым дубліруе на беларускую. Такім шляхам нацыянальную кінематаграфію не створыш”.
“Нават у многіх школах вясковых мясцовасцей беларускага толькі і засталося, што шыльды над ганкам”.
“Моладзь, падрастаючы, пачала ўжо нігілістычна адносіцца да мовы: нашто яе вывучаць, калі яна не мае практычнага прыстасавання...”
Заўважце: прайшло больш за паўстагоддзя. Хацела ўсё пакінуць без каментарыяў, ды не магу не сказаць, што пачала пільна прыглядацца да этыкетак на беларускіх таварах. Плаўлены сыр “Добрай раніцы” і вафельны батончык “Смак” — вось і ўсё, што я прыкмеціла за тыдзень.
А наконт выйсця, дык, на думку Коласа, усё можа змяніць добры прыклад. Асабліва з боку чыноўнікаў.
Аўторак.
Усход — справа тонкая
Сёння заняткі ў танцавальнай секцыі. Прыйшла крыху раней. Трэба, думаю, аплаціць абанемент, раз ужо час ёсць і каса яшчэ працуе.
— Добры вечар, — вітаюся і чую ў адказ тое ж самае на рускай мове. На твары касіра — ніякага здзіўлення. Працягваю: — Хацела б заплаціць за заняткі.
— Какая секция?
— Усходнія танцы.
— Какие? — перапытвае яна без раздражнення. Проста яўна не разумее, пра што ідзе гаворка.
— Ус-ход-ні-я, — вымаўляю па складах.
— Восточные, да? — удакладняе. Атрымаўшы пацвярджэнне, працягвае мне рэшту і чэк. — Пожалуйста...
Зайшла ў любімую краму. На маё “Дзякуй” ветліва адказваюць па-беларуску “Калі ласка”. Спыталася, ці няма ў іх раптам вяршкоў. Няма, адказваюць. Усміхаюцца: зразумелі.
З аднаго боку прыемна. З другога — адрэналін у крыві не скача. Увесь вечар абдумваю зламысны план: прагуляцца ў краму “Тысяча дробязей” і пацікавіцца, чыёй вытворчасці “вунь тая прыгожая жырандоля”?
Серада.
Гавару з морам
Караткевіч прачытаны, але далейшая моўная падпітка неабходна. Узгадала, як калісьці мяне ўразілі верлібры Максіма Танка. Накіроўваюся ў кнігарню на праспекце Леніна. Трэба ж — цэлы збор твораў паэта стаіць на паліцы. Праўда, высакавата, самой не дацягнуцца. Падыходжу да супрацоўніцы, прашу аб дапамозе, бо трэба ж высветліць, у якім томе змешчаны менавіта белыя вершы. Тая запыталася канфідэнцыйным тонам:
— А вы, наверное, белорусский язык преподаете? Или литературу?
— Ды не, — адказваю. — У мяне тыдзень беларускай мовы.
— Сегодня?
— І сёння, — стараюся заставацца стрымана ветлівай. — І ўчора, і заўтра. Бо ў тыдні, ведаеце, сем дзён. Па-руску гэта называецца “неделя”.
Добра, што хоць з кніжкай не памылілася. Цікавы паэт Максім Танк. Хацела ўжо напісаць, што еўрапейскі, ды знайшла нават японскія хоку:
Набыў ракаўку.
Цяпер я — не самотны.
Гавару з морам.
Чацвер.
Тутэйшыя
Трапілі на вочы вынікі перапісу насельніцтва 2009 года. Беларускую мову назвалі роднай 60 працэнтаў жыхароў рэспублікі, аднак звычайна размаўляюць на ёй дома толькі 30 працэнтаў насельніцтва. Пры гэтым да карэннай нацыянальнасці — беларусаў — аднеслі сябе 84 працэнты жыхароў краіны. Атрымліваецца, амаль кожны трэці беларус не лічыць беларускую мову роднай. Папраўце мяне, калі гэта не крытычная сітуацыя.
Ведаю: гэта блюзнерства — ладзіць тыдні роднай мовы ды яшчэ пра гэта пісаць. Але лепш ужо так, чым рабіць выгляд, што ўсё цудоўна.
Больш-менш свабодна я пачала размаўляць ужо на чацвёрты дзень эксперыменту. Ніякага перакладу ў галаве, словы самі сабой прыходзяць. Цяпер я лічу, што тыя, хто жыве ў Беларусі і не можа нармальна размаўляць па-беларуску, — проста гультаі. Чамусьці пасол Швецыі ў нашай краіне Стэфан Эрыксан не цураецца на беларускай мове гутарыць і не лічыць гэта неверагодна цяжкай справай.
Хацела б скончыць аповед тым, што тыдзень мой ператварыўся на “з гэтага моманту і назаўсёды”. Але не магу, бо мушу таксама змагацца са сваёй гультайскай існасцю. Ведаю толькі, што такі тыдзень — для мяне не апошні. Будзем разам?
Реклама
Другие статьи раздела
-
Сколько стоит похудеть с помощью БАДов?
- 16:05
- 08.05.2026
- 46768
-
Легко ли найти одежду для беременных?
- 10:43
- 05.05.2016
- 20494
-
Как выиграть в лотерею? Корреспондент «ГП» проверила «самые действенные» методики из интернета
- 13:54
- 22.11.2016
- 17412
-
Автобус vs велосипед: как быстрее?
- 09:07
- 11.08.2016
- 12996
-
Чудо-материалы производят в Светлогорске
- 08:41
- 02.08.2016
- 11363
-
Корреспондент «ГП» узнала, каково это — быть «женой на час»
- 12:50
- 04.02.2016
- 10717
-
Корреспондент «ГП» решила проверить, легко ли в Гомеле найти мужа
- 16:17
- 19.03.2016
- 10696
-
Жизнь в полете: Как я прыгнула на тарзанке и осталась жива
- 16:05
- 08.05.2026
- 10648
-
Скорой нужна помощь
- 16:05
- 08.05.2026
- 9446
-
В кого превращают 10 дней без соцсетей
- 10:54
- 07.10.2014
- 9117



