Малання Феакцістава са свайго паднябесся, балкона кватэры на дзявятым паверсе, любіла глядзець на ваколіцы горада. Пейзаж адкрываўся адсюль – вачэй не адвесці. Уся прырэчная тэрыторыя з яркімі яшчэ фарбамі сыходзячага лета. Жанчына была ў тым узросце, калі многія яе равесніцы гадзінамі бавяць час каля пад’езда. Малання яшчэ ж не страціла імпэт хады, смак жыцця, была вельмі лёгкай на язык і плёткі, таму з’яўлялася ля пад’езда разам з чарговай сенсацыйнай звесткай, накшталт: хто ў танцах у цэнтральным парку пераўзышоў усіх.

І вось цяпер яна, незнарок глянуўшы на ажыўленую дарогу, што вяла з горада, аж разявіла рот ад здзіўлення. Па пешаходным пераходзе ў бок прырэчных зараснікаў ішла з важкім пакетам яе суседка па ранейшым кватараванні, Марына. Яе, апранутую па-спартыўнаму, Малання перыядычна сустракала ў крамах мікрараёна.
«Хм, цікава, куды ў такую пару ідзе? Ужо ж надвячорак… Мо спатканне з кім прызначыла? Прыкідваецца толькі, пэўна, жанчынай строгіх нораваў! – у думках ужо цешылася сваім «адкрыццём» жанчына. – Будзе чым здзівіць жанок! Дачакаюся, спадзяюся, вяртання Марыны…»
Марына ж, пенсіянерка рэкламнага выдання, назбіраўшы за гады ранейшай працы важкі стос рукапісаў тэкстаў віншаванняў, вырашыла: трэба, нарэшце, спаліць гэты папяровы стос, бо доўга рваць на шматкі. З такім намерам і рушыла ў засень кустоўя. Спадзявалася, што яе «праменад» застанецца толькі ёй вядомым эпізодам. Дарма! Ці ж магла ведаць яна, што Малання спецыяльна стала вячэраць на балконе, пільна ўтаропіўшыся на прагал у кустах, куды жвава шуснула ранейшая суседка.
Марына, у сваю чаргу, спяшалася знайсці падыходзячае месца, каб раскласці полымя з папер, зрабіць гэта з абавязковым выкананнем правілаў бяспекі. Пасля дзённага дажджу пад ветрыкам травы абсохлі, але зямля была яшчэ вільготнай. «Самы добры час для маёй справы», – цешыла сябе пенсіянерка. Прайшла даволі значную адлегласць па шырокай сцяжыне між высокіх зараснікаў, калі, нарэшце, каля яблыні-дзічкі заўважыла лапік ускапанай зямлі. Але незнарок погляд жанчыны сфакусіраваўся на другім баку шырокага луга: там таропка рухаўся як бы наперарэз ёй высокі мужчына.
«Вось табе на! Думала, што нікагусенькі!» – горычна выдыхнула і спынілася. Калі ж незнаёмец ужо амаль падыйшоў да скрыжавання сцежак, у бок Марыны скокнуў белы, у рудыя плямы, паляўнічы сабака. «Божухна, ды гэта ж суседскі Дэні з гаспадаром сваім, Сямёнам. І трэба ж ім сюды забрысці!» – падумала жанчына, калі Сеня ўжо ветліва прывітаўся з ёй. Нічога не заставалася, як падзяліцца з ім сваёй таямніцай.
«Вы па паперчыне адной толькі, каб полымя вялікае не зашугала. І дачакайцеся, каб ні іскрыначкі не было ў попелі», – рэкамендаваў суседцы значна маладзейшы сусед.
Каб жа ведаў ён, што Малання, высачыўшы праз пэўны час яго, незнаёмца з сабакам, што хутка шыбаваў за ім праз прагал у кустоўі на пешаходны пераход дарогі, убачыць «прычыну» паходу Марыны. «Гэта трэба ж, з маладзейшым прагульваецца. Лявон ейны, відаць, сёння ў начную на заводзе», – пісала ў думках свой «сюжэт» Малання і ледзь не пляснула ў далоні, убачыўшы праз хвілін сорак Марыну ўжо без пакета з грузам. «І трэба ж так маскіравацца! Але ж гэты, відаць, прыгажун. Лявон не йдзе з ім ні ў якое параўнанне! Высокі, чарнабровы, вусаты… Ай ды Марына!»
Маланню аж распірала, каб хутчэй падзяліцца сваім «адкрыццём». Сунула ногі ў тапкі і бадзёра пабегла па ступеньках уніз, на чацверты паверх, да Макарыхі…


