Мая сяброўка з Пінскага раёна любіць распавядаць пра тое, што калі яны з братам засыналі 6 студзеня, напярэдадні свята Божага Нараджэння, дык пакідалі на стале, за якім вячэралі, крыху сена. Бо бабуля казала, што ў гэтую чароўную ноч да іх прыедзе нейкі загадкавы Каляда на коніку і што таго коніка трэба абавязкова пачаставаць сенам.Зараз адно з самых светлых святаў звялося да сямейнай вячэры, што, безумоўна, зусім нядрэнна. Аднак ці многа ведаем мы пра свае, беларускія, калядныя традыцыі? Хіба можа што бабулькі ў вёсках, калі запытацца ў іх пра гэта, раскажуць што-небудзь цікавае, не забыўшыся дадаць “От слаўна мы гулялі на Каляды, цяпер так не гуляюць”. І гэта праўда. Паціху забываемся мы на свае карані. Самы час крыху ўзгадаць іх.
Вячэра 6 студзеня (24 снежня па старому стылю) называлася куццёю. Уся сям'я збіралася на агульную трапезу. Памятаеце, як пра гэта ў “Новай зямлі” піша Якуб Колас?
У хаце добры лад і згода,
Як патрабуе і прыгода,
Паважнасць вечара святога —
Не ўчуеш слова ты благога.
Стол пад абрусам засцілалі сенам. На стале абавязкова павінна была быць куцця — каша з ячнага зерня. Нашы продкі лічылі, што зерне валодае дзівоснай уласцівасцю доўга захоўваць жыццё і, калі трэба, аднаўляць яго. Так што гэта рытуальная страва была сімвалам бясконцасці жыцця. Падсохлы верх куцці аддавалі курам, каб тыя добра неслі яйкі. Зачарпнуўшы першую лыжку куцці, гаспадар стукаў у акно або нават выходзіў на вуліцу і клікаў мароз — на вячэру, каб не марозіў будучы ўраджай.
А 7 студзеня пачыналі хадзіць калядоўшчыкі. Звычайна ім ахвотна адчынялі дзверы і адорвалі іх шчодрымі падарункамі: салам, каўбасамі, пірагамі — бо ўспрымалі, як магічных носьбітаў дабрабыту і чакалі з нецярплівасцю. У Мазырскім раёне нават здаўна ўсю ноч не гасілі ў хаце святла — каб калядоўшчыкі не прамінулі двор.
Беларускія калядныя традыцыі — спалучэнне хрысціянскіх і язычніцкіх элементаў. Так, напрыклад, калядоўшчыкі ходзяць з зоркай і з казой. Зорку звычайна рабілі з сіта, да якога прымацоў-валі некалькі рожак, абклейвалі прамасленай паперай, а ўнутры прымацоўвалі свечку. Першым заходзіў гаваркі хлопец, прасіў дазволу распачаць свята. Гучала гэта прыкладна так (з рознымі варыяцыямі):
— Святы вечар добрым лю-дзям! Ці дома, дома сам пан-гаспадар?
— Ой, дома, дома сам пан-гаспадар. Сядзіць ён сабе ў канцы стала.
— Дазвольце нашаму казлу пагуляць.
Гаспадары дазвалялі, уваходзілі астатнія калядоўшчыкі з казой, яна станавілася пасярод хаты і танцавала пад спевы і музыку, пасля прыкідвалася мёртвай і з задавальненнем ажывала, калі гасцей пачыналі частаваць.
Казу вадзілі не ўсюды. У розных раёнах Гомельшчыны казу замянялі і “дзедам”, і мядзведзем,
і “паваю” (на ролю павы абіралі самую прыгожую на сяле дзяўчыну), і кароваю, і канём, і жураўлём. А ў вёсцы Азершчына Рэчыцкага раёна ўдзельнікамі каляднай світы былі калядны дзед з посахам і казой, бусел, які лічыўся “прадвеснікам вясны і пачатку новага года”, цыган з мядзведзем і цыганка з канём.
Таксама былі вельмі актуальнымі батлеечныя выставы. Паводле ўспамінаў жыхароў Рэчыцы, “хадзілі на Каляды і з вярцепам (лялечным тэатрам), гэта была каробачка з пружынкамі, у ёй скакалі, плясалі лялькі. Побач гарэла свечка”.
Хлопцы і дзяўчаты на свята збіраліся разам і гулялі. Гульні былі ў большасці шлюбнага характару. Напрыклад, “Пекчы ката”. Збіраліся ў якой-небудзь вялікай хаце. Хлопцы прыносілі гарэлку, дзяўчаты — закуску. Яны ж пеклі з цеста ката і прывязвалі яго за нітку да столі. Хлопцу завязвалі рукі і прымушалі есці гэтага ката. А дзяўчына павінна была яго смяшыць. Калі не вытрымае небарака і засмяецца, яго вымазвалі сажай. Або “Жаніць Бахурку”. Выбіралі вясёлага, жвавага хлопца і нявесту яму на ўвесь вечар, садзілі на кут. А ён ужо выбіраў нявест усім хлопцам. Потым танцавалі парамі аж да самай раніцы.
Агульнабеларускі звычай — “запісваць Каляды”, калі яны мінуць: маляваць мелам на дзвярах белыя крыжы (іх называлі “белыя Каляды”) або конікаў — гэта таксама сімвал адыходзячых Каляд.
Ірына ЧАРНАБАЙ
P.S. Аўтар выказвае шчырую па-дзяку доктару філалагічных навук, прафесару кафедры беларускай літаратуры ГДУ імя Ф. Скарыны Валянціне Станіславаўне Новак за дапамогу
ў падрыхтоўцы гэтага матэрыялу.


