Вверх
Ад мора да мора — з Мінска ў Гомель?
Вынік руплівай сямігадовай працы фотакарэспандэнта “Гомельскай праўды” Алега Белавусава прадстаўлены нарэшце ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі. Фотавыстава “Радавод” аб’яднала каля паўсотні здымкаў на тэму Вялікага Княства Літоўскага. Славутыя дзеячы магутнай дзяржавы, рыцары і мірнае насельніцтва, занятае сваімі паўсядзённымі справамі, вежы замкаў і этнаграфічныя замалёўкі — Алег, як сапраўдны патрыёт, схільны рамантызаваць часы ВКЛ. А як жа. Мы ж тады былі сілай неверагоднай — “ад мора да мора”. Эпоха патрыётаў, ваяроў, але і гуманістаў, асветнікаў, перыяд станаўлення і росквіту беларускасці. Дарэчы, сам Белавусаў родам з Крыма. Але, пачаўшы супрацоўнічаць з прадстаўнікамі клубаў гістарычнай рэканструкцыі, захапіўся беларускай гісторыяй — і раптам атрымаў яшчэ адну сапраўдную радзіму. На фотаздымках яму, дарэчы, пазіруюць як раз яго сябры з клубаў гістарычнай рэканструкцыі. Гомельскіх (“Грыдні Мсціслава Глебавіча” і “Старая вежа”) і мінскіх (“Княжы Гуф”, “Алтын Тумен” і “Карона Захаду”). Яны ў вобразах князя Вітаўта, Андрэя Полацкага, Барбары Радзівіл, Соф’і Гальшанскай, Льва Сапегі, Францыска Скарыны і іншых выдатных гістарычных асоб. Ці проста людзі, якім давялося жыць у тыя часы. Алег кажа, што праца над фотапраектам (якая доўжыцца з 2005 года) дапамае яму пабачыць, ну, ці адчуць сутнасць таго часу. У яго ўвогуле філасофскі падыход да жыцця, так што падставаў не верыць, што гэта сапраўды так, у мяне няма. Да таго ж неабыякавы да мастацтва Белавусаў імкнуўся стылізаваць здымкі да адной з самых выразных манер у гісторыі жывапісу — галандскіх майстроў эпохі Рэнесансу. А некаторыя фота нагадваюць сармацкі партрэт. — Мець радавод — вялікая раскоша, — упэўнены Алег Белавусаў. — Не кожнаму гэта дадзена. Жаданне даведацца, хто ты, адкуль і кім былі твае продкі, прыходзіць часам вельмі позна, калі жывых сведкаў ужо няма на гэтым свеце. Я дакараю сябе за тое, што не стараўся, не спрабаваў даведацца, запісаць гісторыю жыцця сваіх дзядуль і бабуль. Самае дзіўнае, што ў шматвяковай гісторыі Вялікага Княства перапляліся лёсы народаў, якія насялялі прасторы ад Балтыйскага да Чорнага мораў. І таму гісторыя маіх продкаў, што жылі на Украіне, у Крыме, на Каўказе, таксама звязана з гэтай краінай. Зміцер Сасноўскі, лідар гурта “Стары Ольса”, на адкрыцці выставы ў Мінску адзначыў, што, калі ён сустрэў Белавусава 13 гадоў таму, гэта быў зусім іншы чалавек, які жыў марамі пра вяртанне ў свой Крым і не ўспрымаў Беларусь. Але праз знаёмства з нашай нацыянальный культурай і апантанымі гісторыяй людзьмі, яго вочы пачалі раскрывацца. “У кожнага містычнае пачуццё паяднанасці з продкамі праяўляецца па-свойму, — дадаў музыка. — Адзін піша кнігі, другі малюе, трэці даследуе летапісы, чацвёрты грае, а Алег Белавусаў здымае і праяўляе сваю павагу да беларускай зямлі”.
Выставу “Радавод” бачылі ўжо ў Маскве, Крыме, Нясвіжы. Цяпер вось ацаніць яе маюць шанц жыхары Мінска. І вельмі б хацелася, каб такая магчымасць была дадзена гамяльчанам. Фото Олега Белоусова
Культура