Вверх
“Чарнабрыўкі”: лепш адзін раз пабачыць
Выбітную традыцыю народнага ткацтва даследуюць веткаўскія музейшчыкі Сенсацыйнай знаходкай могуць пахваліцца супрацоўнікі Веткаўскага музея народнай творчасці імя Фёдара Шклярава. У Буда-Кашалёўскім раёне ім пашчасціла на свае вочы пабачыць унікальныя ручнікі — чорныя. Зазвычай пры слове ручнік у галаве ўяўляеш белы і чырвоны колеры. У знаходках веткаўскіх музейшчыкаў узоры вытканыя чорным колерам па беламу. Не сказаць, каб спецыялістаў здзівіў сам факт існавання такіх ручнікоў. Пра іх музейшчыкам ужо распавядалі ў Добрушскім раёне. Там іх называюць «чарнабрыўкі». Але тады давялося пра іх толькі чуць. — Сенсацыя — гэта тое, што мы да гэтага часу можам такія рэчы знайсці, — кажа навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея народнай творчасці Андрусь Скідан. — Да таго ж можна дадаць, што гэта выбітная ткацкая традыцыя згасла не так даўно, бо перадалі нам ручнікі людзі, якія самі яшчэ іх ткалі. Чорныя ручнікі ўвогуле не вельмі частая з’ява ў нацыянальным ткацтве. Гэта водгук нацыянальнай традыцыі на традыцыю царкоўную. — У Вялікі пост усе ўборы ў царкве мяняюцца на чорныя, — распавядае Андрусь Скідан. — А ручнікамі, як вядома, заведзена ўпрыгожваць абразы. Ручнік набыў чорны колер не так даўно: у пачатку дзевятнаццатага стагоддзя. Да гэтага часу абразоў у сялян не было. Наша знаходка дазваляе гаварыць пра цэлую лакальную ткацкую традыцыю, пра існаванне менавіта буда-кашалёўскіх ручнікоў. Прычым на Буда-Кашалёўшчыне існавала некалькі пластоў гэтай ткацкай традыцыі: больш старажытная і больш сучасная, якая дажыла да 60-х гадоў дваццатага стагоддзя, тады як на Добрушчыне, напрыклад, чорныя ручнікі перасталі ткаць яшчэ да вайны. Увогуле для буда-кашалёўскіх ручнікоў характэрны незвычайныя для беларускага ткацтва колеры. Тут выкарыстоўвалі, напрыклад, карычневую, сінюю, вішнёвую фарбы. Ну а чорны колер найбольш адметны, канешне. Цудоўна, што паўдзесятка тканін чорнага арнаментальнага чыну ўдалося набыць у музейныя фонды. Музейная праграма «Выратаванне старажытных знакаў», згодна з якой спецыялісты праводзяць комплексныя экспедыцыі па раёнах Гомельшчыны, распачалася больш за дзесяць гадоў назад. У рамках праграмы музейшчыкі не толькі збіраюць ручнікі і адзенне, але і фіксуюць тое, што не прадаецца і не аддаецца, на фота, збіраюць банк дадзеных. У гэтым годзе вырашылі надаць пільную ўвагу мала даследаванаму да гэтага Буда-Кашалёўскаму раёну. Пабылі ў больш чым дзесяці населеных пунктах. Плануюць гэтую працу працягнуць. Мяркуецца, што вынікі даследавання будуць абагульнены ў выставу, прысвечаную Буда-Кашалёўскаму рэгіёну. Але адбудзецца гэта праз 2 — 3 гады, не раней. Фото Олега Белоусова
Культура