На выставе «Салавей і ружа» ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблi экспануюцца работы Пелагеі Воранавай з сямейнага збору
На выставе «Салавей і ружа» ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблi, на якой прадстаўлены творы вышыўкі крыжам з фондаў музея, упершыню экспануюцца работы маёй бабулі Пелагеі Мікалаеўны Воранавай з сямейнага збору.
На выставе «Салавей і ружа» ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблi, на якой прадстаўлены творы вышыўкі крыжам з фондаў музея, упершыню экспануюцца работы маёй бабулі Пелагеі Мікалаеўны Воранавай з сямейнага збору.
Бабуля ў маладосці
Бабуліны вышыўкі суправаджалі мяне з дзяцінства, яны аздаблялі амаль усе паверхні ў доме: падзоры, посцілкі, навалачкі на ложках і канапах, абрусы і сурвэткі на сталах, шторы, гардзіны і фіранкі на вокнах, рушнікі-набожнікі на абразах, пано на сценах. І паўсюль, здавалася, быў сапраўдны «райскі сад»!
Бабуля Пелагея нарадзілася ў пасёлку Арол былога Церахоўскага раёна ў сялянскай сям’і. Складаныя гістарычныя ўмовы 1920–1930-х і жыццёвыя абставіны вымушалі яе цяжка працаваць ужо з дзяцінства. У школу трэба было хадзіць далёка ў суседнюю вёску, таму бабуля нават не скончыла пачатковых класаў, з-за чаго не ўмела добра ні чытаць, ні пісаць. Але дома маці, Еўфрасіння Фёдараўна Дубаўцова, вучыла дзяўчынку шыць і вышываць. І ўжо з 13 год яна стала працаваць вышывальшчыцай і выконвала заказы дома па замове швейнай майстэрні, якая, па бабуліных звестках, знаходзілася на вуліцы Ланге ў Гомелі. Дадому ў Арол прывозілі ніткі і вырабы – аддзенне, абрусы, рушнікі, а дзяўчынка вышывала на іх узоры. Але перад тым, па ўспамінах бабулі, ёй склалі іспыт: трэба было вышыць узор так, каб з абодвух бакоў не было ніводнага вузла. Тады бабуля і паказала майстар-клас. А з цягам часу стала нават перадавіцай, за што, як яна казала, ёй далі прэмію: 15 сарочак і вязаную хустку.
На выставе «Салавей і ружа» прадстаўлена частка спадчыны Пелагеі Мікалаеўны
Цяжкі для беларускай вёскі міжваенны перыяд змяніўся яшчэ цяжэйшым – Вялікай Айчыннай вайной. Фашысты расстралялі вясковых мужчын, пакуль жанчыны і дзеці хаваліся ў тарфяніку і бачылі ўсё сваімі вачыма. А потым, пры адступленні, немцы ўвогуле спалілі пасёлак. Ад бацькоўскай хаты засталася толькі печ, «а над ёй – зорнае неба». Жыць даводзілася ў зямлянцы. Бабуля вымушана была працаваць удвая больш, каб пракарміць маці і сястру-інваліда, а таксама пабудаваць дом. Адразу пасля вызвалення Гомеля яна паехала ў абласны цэнтр на заробкі, уладкавалася рамантаваць цягнікі для фронту.
Пад народныя спевы нараджаліся новыя вобразы: буялі рознакаляровыя кветкі,шчабяталі райскія птушкі, ішлі прыгожыя хлопцы і дзяўчаты – усюды квітнела вялiкаялюбоў да жыцця і гэтага свету
У пачатку 1950-х гадоў бабуля пачала працаваць у Церахоўскай швейнай арцелі. Даводзілася хадзіць пешкі кожны будны дзень у любое надвор’е па 12 «кілометраў» туды і назад! У 1959 годзе сям’я пераехала бліжэй да Гомеля, у пасёлак Паляна. А бабуля працягвала працаваць яшчэ некалькі год у Церахоўцы, куды дабіралася ўжо на таварных цягніках, што ішлі на Украіну і не прыпыняліся – даводзілася проста саскокваць з вагона…
Жыццё, як цягнік, не стаяла на месцы, час ішоў і прыносіў змены. Нязменнай заставалася толькі бабуліна любоў да вышыўкі. З дзяцінства памятаю, што яна прысвячала гэтаму ўвесь свой вольны час, пакуль дазваляў зрок. Моцная па духу жанчына з цяжкім лёсам станавілася ў гэтыя хвіліны пяшчотнай, мяккай, пявучай… Сапраўды, калі бабуля садзілася вышываць, яна заўсёды спявала. Пад народныя спевы нараджаліся новыя вобразы: буялі рознакаляровыя кветкі, шчабяталі райскія птушкі, ішлі прыгожыя хлопцы і дзяўчаты – усюды квітнела вялiкая любоў да жыцця і гэтага свету.
На выставе «Салавей і ружа» прадстаўлена частка спадчыны маёй сям’і, якая на працягу дзесяцігоддзяў трапятліва стваралася, захоўвалася і стала не толькі аздабленнем для дома, але і сапраўдным духоўным здабыткам. I сёння побач з музейнымі прадметамі вышыўкі крыжам, створанымі таксама таленавітымі жанчынам, ёсць пано, посцілкі, навалачкі, шторы, абрусы, рукапісныя замалёўкі-схемы вышывак Пелагеі Мікалаеўны Воранавай – простай вясковай жанчыны, якая як умела ўпрыгожвала свой маленькі свет. На выставе гарманічна аб’ядналіся час, талент і карпатлівая праца майстрыц, што з дапамогай іголкі, ніткі і няхітрага шва-крыжыка з любоўю стваралі свой «райскі сад», а ў ім – сваіх «салаўя і ружу».
Реклама
Другие статьи раздела
Самое читаемое
-
«Калейдоскоп сюрпризов». Артисты областной филармонии подготовили программу для детей
- 18:44
- 02.06.2021
- 201276
-
Самых красивых гомельчанок ищут организаторы республиканского конкурса «Мисс Беларусь — 2025»
- 10:34
- 24.03.2025
- 51401
-
Талантливая и обворожительная. Солистка областной филармонии Злата Ракович рассказала о пути на большую сцену
- 12:06
- 13.10.2024
- 34441
-
Прием заявок на радиоконкурс "Маладыя таленты Беларусі" начался в сентябре
- 12:59
- 25.08.2025
- 34406
-
Как заснять счастье? Преподаватель медколледжа и по совместительству фотограф Виктория Четырко делится секретами семейной съемки
- 08:55
- 10.03.2024
- 32876
-
Дорисовалась до звезд. Наталья Навоенко входит в топ художников-постановщиков на постсоветском пространстве
- 08:50
- 03.01.2025
- 32363
-
Новаторство и креативность. НЦСИ начал прием заявок молодых художников на республиканский конкурс
- 13:51
- 13.08.2025
- 32112
-
«Я дома». «Гомельская праўда» и картинная галерея Г. Х. Ващенко приглашают юных художников поучаствовать в арт-сушке детских рисунков «Счастливые хвостики»
- 11:34
- 24.04.2025
- 29335
-
В Жлобинском районе провели праздник «Паклон табе, наш старажытны Стрэшын!»
- 20:28
- 18.10.2025
- 21327
-
Подарок от Президента. В Тихиничах Рогачевского района прошел потрясающий концерт звезд белорусской эстрады
- 04:28
- 22.08.2021
- 20522



