Я памятаю! Недзіцячыя ўспаміны былой вязні нямецкага канцлагера

  • 3594
  • 09:48
  • 27.01.2020
  • Гомельская правда Уладзімір Пернікаў
Поделиться
Вясна стаяла ў самай сіле, у самай красе. Вішні, яблыні, грушы нібы тыя нявесты ў бела-ружовым вэлюме – так цвілі сады ў людскіх агародах. А на лугах вадзілі вясёлыя карагоды фіялкі, ландышы, зверабой ды цыкорый. І здавалася: кветкавы водар запаўняе ўсё наваколле і разлятаецца па далёкіх прасторах.
Вясна стаяла ў самай сіле, у самай красе. Вішні, яблыні, грушы нібы тыя нявесты ў бела-ружовым вэлюме – так цвілі сады ў людскіх агародах. А на лугах вадзілі вясёлыя карагоды фіялкі, ландышы, зверабой ды цыкорый. І здавалася: кветкавы водар запаўняе ўсё наваколле і разлятаецца па далёкіх прасторах. 

Людмила Фроловна Титовец2(Прилуцкая) 2020 год.jpg
Людміла Фролаўна Цітавец, 2019 год

Ідучы са школы, трэцякласніца Люда Прылуцкая любавалася гэтым хараством прыроды і ўсміхалася сама сабе: хутка чэрвень. Канікулы будуць! Прывітанне вам, цяністыя дубовыя і сонечныя бярозавыя гаі, прывітанне, ягадныя і грыбныя баравіны. Прывітанне, возера! І вясёлае лета – прывітанне!

Вось якія думкі, якія летуценні кружыліся ў галаве малой дзяўчынкі, радавалі яе. Да таго часу, пакуль іх хутар Белае, што ў Жыткавіцкім раёне, не аглушыла страшнае слова: вайна!
Ушчэнт рушыліся мары, разбіваліся надзеі. Зразумела было толькі адно: наперадзе дабра не чакай. Вайна не пашкадуе нікога.

узница Людмила Прилуцкая 1946 год.jpg

...Мы гутарылі аб жыцці-быцці з Людмілай Фролаўнай Цітавец, той самай Людай Прылуцкай, у Гомельскім абласным клінічным шпіталі інвалідаў Айчыннай вайны, дзе пралечваліся ў адзін і той жа час. Быў цёплы восеньскі дзень. Гарэзлівы ветрык то няўдала спрабаваў разгойдваць вершаліны стромкіх меднастволых соснаў, то падкрадваўся да маладых бярозак і асінак і ўволю разгульваў у іх лістоце. 

– Змалку люблю лес. Яго веліч­насць, задумлівыя пошум і цішу, – уздыхае жанчына. І праз хвіліну: – Як ён ратаваў людзей у вайну і выручаў пасля яе!

– Відаць, у вашай мясцовасці недалёка рос?

– Побач, па ўсім наваколлі. Палессе, самі разумееце.

– І вайну памятаеце?

– Памятаю! – голас жанчыны трохі пастражэў. – І не забуду яе ніколі. 

Я самая меншая ў сям’і з дзевяці чалавек Фрола Віктаравіча і Стэфаніды Бенядзіктаўны была. А старэйшых звалі Косця, Міша, Грыша, Ганна, Марыя, Франя. Бацька, два браты і Ганна згінулі ў полымі вайны. Астатнія апынуліся ў нявольніках-рабах, зведалі ўсе пакуты фашысцкага канцлагера.

Вочы Людмілы Фролаўны павільгатнелі. Наступіла паўза, якую парушыць я не адважыўся. 

– Прылуцкія спакон вякоў у бедняках не хадзілі, нішчымніцу не хлёбалі. Рыбаловы, земляробы. Вадзе і зямлі адданыя былі, – працягвала суразмоўца. – Ад цямна да цямна. Стараннасць, кемлівасць, уменне гаспадарыць прывівалася дзецям з самага маленства. Так было заўсёды, так ёсць і зараз.

Людміла Фролаўна расказала, як прыйшлі немцы і пачалі наводзіць свае парадкі, якія заціснулі палешукоў моцнымі абручамі. Многія з вяскоўцаў пайшлі ў партызанскія атрады, а тыя, хто застаўся ў сваіх населеных пунктах, стагнаў пад каваным фашысцкім ботам.

Неўзабаве, у сакавіку 1942 года, ад хутара Белае не засталося ніводнай хаты. Раней нажытага – ні грама. Добра, што самі ўратаваліся ад агню. Пацягнуліся з пустымі торбамі хто куды. Прылуцкія – у Жыткавічы. 

Добра, што паспагадалі знаёмыя, прытулілі іх у сваім жытле. А вось з работай вялікая праблема. Нарэшце-такі пашчасціла: Марыю і Франю прынялі ў нямецкі шпіталь, дзе працавалі прыбіральшчыцамі, чысцілі бульбу, выконвалі іншую работу. Хоць і мізэрны заробак там быў, але з яго і жыла сям’я. 

У 1944-м пачалося рашучае наступленне Чырвонай арміі на ўсіх франтах, у тым ліку і па Беларусі. 20 чэрвеня фрыцы са сваімі паслугачамі-паліцаямі, не даўшы людзям часу на зборы сваіх рэчаў, згрупавалі іх у калоны і пад злос­ны брэх сабак пагналі на вакзал. Па дарозе білі бізунамі тых, хто ішоў марудна. Адзін фрыц агрэў цяжарную Франю так моцна, што сінякі з нагі сыйшлі толькі пасля вайны. Таварнякі, у якіх не было чым дыхаць, праз трое сутак прыбылі ў Нямеччыну.

Гэта быў горад Штутгарт-Гедэльфінген, канцлагер «КІС». Калючы дрот, вартавыя з кулямётамі ці аўтаматамі на вышках, драўляныя баракі па 30–40 чалавек у кожным, з трох’яруснымі нарамі і адзіным умывальнікам. Усіх рабаўнікоў пастрыглі ці пагалілі, правялі дэзынфекцыю, прозвішчы-імёны занеслі ў спецыяльны журнал, выдалі драўляны абутак, паласатую робу з надпісам OST і нумары.

– У мяне нумар быў 1798, мамы – 1797, Марыі – 1777, Франі – 1796, – гаворыць Людміла Фролаўна. – Папя­рэдзілі, што калі, крый божа, асмелімся карыстацца сваімі ранейшымі імёнамі, кары не пазбегнем. 

На працу, якая была арганізавана ў дзве змены, ганялі на завод Дайнербент. Напэўна, ніхто з вязняў не ведаў, якая прадук­цыя адпраўлялася за яго вароты, акрамя таго, што яна ішла на ваенныя мэты. Усе Прылуцкія працавалі на заводзе, у тым ліку і падлетак Люда. Спачатку была прыбіральшчыцай у цэху, а потым яе навучылі працаваць на шліфавальным станку пад кантролем нямецкага майстра і рабочай. 

Праца цяжкая і стома вялікая. Іншым разам, як кажуць, ледзь не падала з ног, але хуценька падхоплівалася і з жахам назірала, як побач на спіны тых, хто марудзіў з работай, абрушваліся нагайкі наглядчыкаў. 

Арганізм дзяўчынкі пасля 12-га­дзіннай працы патрабаваў свайго: сытай ежы. А якая яна сытая, калі раніцай на сняданак кубак чорнай кавы без цукру, чарпак баланды ў абед ды вечарам тое ж самае? Выручала, праўда, тое, што адна немка, работніца таго ж цэха, бачачы старанне дзяўчынкі, брала яе да сябе дадому дапамагаць у гаспадарчых справах. Карміла і надзяляла прадуктамі, якія Люда патаемна прыносіла ў барак і дзялілася імі з астатнімі членамі сям’і.

У час нашай размовы да нас падыйшла жанчына і кінулася ў абдымкі да Людмілы Фролаўны. 

– Пляменніца, Інайда Пятроўна Саўчыц, – прадставілася яна мне.

– Дачка Франі. Нарадзілася ў канцлагеры, – дапоўніла яе Людміла Фролаўна. – І роды прымала фрау.

Пачаўся новы аповед, з якога вынікала, што Франю, нягледзячы на цяжарнасць, таксама ганялі на той завод. А ў баракі не-не ды і прыходзілі месцічы, якія з ліку вязняў выбіралі сабе памочнікаў па гаспадарцы. І адна фрау на здзіўленне ўсім паказала пальцам на Франю, якая была ўжо з вялікім жыватом. Чым кіравалася яна, даводзіцца толькі здагадвацца: чыстай жаночай салідарнасцю ці прафесійным інтарэсам (фрау была ўрачом-гінеколагам). 

Толькі вядома адно: яна прыняла роды ў сваім доме, забяспечыла няшчас­ную пялюшкамі і іншымі неабходнымі рэчамі, прадуктамі, якія прывязвала ёй пад пахі, каб тая непрыкметна праносіла іх у барак. Фрау, вядома, вельмі рызыкавала, але абышлося. Дарэчы, яна ж і выбрала імя дзяўчынцы.

У час работы на заводзе нованароджаная заставалася ў бараку адна без маці, і Франя баялася, што немаўля могуць забіць з-за плачу. Таму ў адчаі і пад вялікім страхам нейкім чынам прабралася ў кабінет каменданта лагера, кінулася яму ў ногі і ўпрасіла перавесці на работу прыбіральшчыцы непасрэдна на тэрыторыі лагера. І той злітаваўся, хаця, вядома, таксама рызыкаваў. 

Людміла Фролаўна расказала і аб тым, як па некалькі гадзін вязняў кожны дзень трымалі на апельплацы ў любое надвор’е. Праводзілі пераклічку, высвятлялі прычыну адсутнасці таго ці іншага вязня (а памерлых і хворых было многа), таму і пад дажджом і снегам моклі, і на марозе мерзлі, і ў мокрым адзенні падалі спаць. 

Побач з канцлагерам «КІС» знахо­дзіўся і лагер ваеннапалонных з Савецкага Саюза, Францыі, Югаславіі і іншых краін. Іх, асабліва рускіх, жорстка прыгняталі, здзекваліся, марылі голадам. Адтуль часта вывозілі целы памерлых.

Мае суразмоўцы (а да іх пасля далучылася і дачка Людмілы Фролаўны, Тамара Леанідаўна Аскерка) успомнілі аб тым, як вязняў лагера «КІС» пасля бамбёжак вызвалялі амерыканцы. Яны добра кармілі людзей цэлых два месяцы, уручалі падарункі і прапаноўвалі стаць грама­дзянамі Амерыкі, Аўстрыі, Аўстраліі, Канады. Былі такія, што згаджаліся, але многія вязні з Украіны, Расіі і Беларусі адправіліся на сваю радзіму. Прылуцкія разважалі так: дома і салома ядома, а свая хатка нібы родная матка.

А чужына і ёсць чужына. 

На радзіме іх сустрэлі як служак ворага: былі ў Германіі, працавалі на яе, значыць, жывіце як зможаце. З Мазыра, куды прывезлі Прылуцкіх, у Жыткавічы многія дзясяткі кіламетраў яны з васьмімесячным дзіцём на руках і хворай маці дабіраліся то пёхам, то на якой падводзе. У прапісцы ім адмовілі, і яны прыйшлі на сваё папялішча ў хутар. А там – ніводнага родзіча, ні жытла, ні работы. Марыя і Людміла вымушаны былі шукаць родзічаў, якія жылі за 30 кіламетраў, каб раздабыць нейкіх харчоў. Пасля ім ўсё ж пашчасціла знайсці работу ў Жыткавічах. А потым і выйсці замуж.

Франя з хворай маці пабудавалі зямлянку, склалі ў ёй печ і жылі восем гадоў з Інайдай на тыя 19 рублёў, што Стэфаніда Бенядзіктаўна атрымлівала за загінулага сына Косцю. Потым пе­рабраліся ў хатку, якая з’явілася вынікам іх упартасці і старання. Франя ўладкавалася на працу: спачатку ў калгас, а потым у рыбгас. 

Людміла апынулася ў Гомелі. Яе муж франтавік Леанід Іванавіч Цітавец працаваў капітанам-механікам суднарамонт­нага завода. Калі ў сям’і было ўжо трое дзяцей, Цітаўцы прынялі да сябе ў аднапакаёвую кватэру дзвюх пляменніц, у тым ліку і Інайду. Жылі дружна, ў клопатах і павазе адзін да аднаго. Людміла Фролаўна працавала ў сталовай завода спачатку пасудамыйкай, затым поварам. Апошняя работа была вельмі цяжкай.

– Мама, – гаворыць яе дачка Тамара Леанідаўна, – з 29-гадовага ўзросту гіпертонік, у яе падарвана нервовая сістэма, што перадалося і нам, тром яе дачкам. Мяркуем, што жахі вайны, страх перад бізунамі ды нагайкамі, пастаянная трывога за сваё жыццё моцна ўздзейнічалі на яе псіхіку. Да свайго даўгалецця яна дажыла толькі дзякуючы цярпенню і медыцынскім работнікам. Яе мара была такая: каб мы атрымалі прафесіі, каб наша жыццё было шчаслівым.

27 студзеня ў Людмілы Фролаўны дзевяносты год нараджэння. Шчыра віншуем яе і жадаем перайсці стогадовы рубеж. А там – як Бог дасць.

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей