Былы дзетдомавец дабiваецца прызнання яго вязнем фашысцкix лагераў
Былы дзетдомавец дабiваецца прызнання яго вязнем фашысцкix лагераў
Эпізоды
З Мікалаем Паўлавічам Мяжохіным я пазнаёміўся выпадкова. Аднойчы ішлі разам на чыгуначны прыпынак “Клёнкі”, у наваколлях якога суседнічаюць нашы садова-агародныя таварыствы. Разгаварыліся. Выявілася, што ён, як і я, 1939 года нараджэння і зведаў цяжкасці і бядоты ваеннага і пасляваеннага перыядаў. Але ці памятае што з таго часу, бо дзіця было ж малое? Мне, напрыклад, у галаву ўрэзаліся такія эпізоды саракавых гадоў, якія не выветрыліся і дагэтуль.
Эпізоды
З Мікалаем Паўлавічам Мяжохіным я пазнаёміўся выпадкова. Аднойчы ішлі разам на чыгуначны прыпынак “Клёнкі”, у наваколлях якога суседнічаюць нашы садова-агародныя таварыствы. Разгаварыліся. Выявілася, што ён, як і я, 1939 года нараджэння і зведаў цяжкасці і бядоты ваеннага і пасляваеннага перыядаў. Але ці памятае што з таго часу, бо дзіця было ж малое? Мне, напрыклад, у галаву ўрэзаліся такія эпізоды саракавых гадоў, якія не выветрыліся і дагэтуль.
Два немцы зайшлі ў наш двор і пачалі нешта пагрозліва патрабаваць, а Букет пачаў кідацца з ланцуга на іх. Адзін фрыц схапіў каромысел і некалькі разоў ударыў яго па галаве. Мы з Нінай, старэйшай сястрой, гэта ўсё бачылі і, перапалоханыя, доўга плакалі па забітаму сабаку. Памятаю, як другія немцы ў суседскім садзе частавалі нас, малечу, цукеркамі і, задаволеных, падкідвалі аднаго за адным угору. Як паліцай адабраў у нас цёплы кажух. Як ішлі сям’ёй у бежанцы, і на лясной дарозе я знайшоў чырвоны чайнік, а мама загадала яго не браць. Як у бежанцах у хату гаспадароў днём прыходзілі немцы, а пасярод ночы нейкія мужчыны, якія нешта патрабавалі ў іх. І адзін з гасцей, каб я, напэўна, перастаў ад страху плакаць, пасадзіў мяне ў ступу. Як вярталіся ў спалены і разбураны Чачэрск і пасяліліся ў дзедавай хаце, куды набілася звыш дваццаці родзічаў.
Магу пералічваць гэтыя як і далей, бо самі па сабе падобныя эпізоды вельмі ўжо ўчапіліся ў маю душу. Такое ж самае, ды яшчэ больш экстрэмальнае, аказваецца, было і ў Мікалая Паўлавіча. Вось аповяд яго жыцця, яго няпростага лёсу.
Фашысцкая навала
У тройчы георгіеўскага кавалера Руска-японскай вайны Рыгора Філімонавіча Семянцова і яго жонкі Акуліны Фамінічны было шэсць сыноў і дачка Праскоўя, маці Мікалая Паўлавіча. Дзядуля і заснаваў у 1923 годзе пад Гомелем хутар, які потым перарос у вёску пад назвай Рыкаў, а пасля — Чырвоны Маяк. У пачатку вайны, калі фашысты захапілі гэты населены пункт, Праскоўя Рыгораўна, яе дзеці Ліда і Коля Мяжохіны жылі ў дзеда, а іх муж і бацька Павел Іванавіч Мяжохін яшчэ да гэтага быў прызваны на фінскую вайну, адкуль не вярнуўся.
— І вось, — гаворыць Мікалай Паўлавіч, — немцы пачалі выганяць нас з хаты, каб самім заняць яе, а я зашыўся на печы. Адзін з іх, бамбіза гэтакі, схапіў мяне за карак і на двары даў такога выспятка, што, падаючы, я ўбачыў яго падкаваны бот. Забягаючы наперад скажу, што такім жа ботам гады праз два ці, можа, больш у нейкім лагеры мяне агрэў другі фрыц. Пры наступных абставінах. Два немцы галіліся на маленькіх стульчыках, а я і некалькі галодных хлапчанят круціліся каля іх з надзеяй, што тут можна нечым разжыцца. І калі адзін фрыц выкінуў у траву лязо брытвы, я падумаў, што гэты бліскучы прадмет будзе мне добрай цацкай, і падняў яго. Дык фашыст пад раскацісты рогат лупануў мяне тым ботам з такой сілай, што я апынуўся ў балацянцы, адкуль сам не здолеў бы выбрацца. Выцягнулі лагерныя жанчыны.
Прыхвасні-паліцаі данеслі немцам, што ў Рыгора Семянцова сыны і зяць служылі ці служаць у Чырвонай арміі, і тыя неўзабаве ўзяліся за яго, маю маці, нявестак і іх дзяцей. У тым сэнсе, што ўсіх 24 Семянцовых і Мяжохіных праз Гомель некуды пагналі пад канвоем. Дзед казаў, што, здаецца, у Жлобін. Спачатку трапілі ў адзін накапляльна-сартавальны лагер, потым у другі.
— У выніку такога адбору, — уздыхае Мікалай Паўлавіч, — родзічы-нявольнікі апынуліся ў розных прымусовых месцах, а мае дзядзькі Васіль і Фёдар Семянцовы, як выявілася пасля вайны, ажно ў Аўстрыі. Дзед успамінаў, што яго і іншых дарослых ганялі на работу ўмацоўваць абарончыя і іншыя ваенныя збудаванні ворага. У лагеры, дзе ён знаходзіўся з раднёй, панавалі голад, холад, пастаянныя пагрозы і здзекі і, канешне, хваробы. Тое ж самае было і пры этапіраванні нявольнікаў з аднаго накапляльна-сартавальнага пункта ў другі. Калі Праскоўя Рыгораўна і яе маці Акуліна Фамінічна распалілі агонь, каб сагрэць дзяцей, што катэгарычна забаранялася, немцы расстралялі іх абедзвюх, а маленькая Ліда была паранена. У выдадзенай ёй даведцы сцвярджаецца, што гэта рана ваенных часоў.
Тут трэба зрабіць невялікае адступленне. Рыгор Філімонавіч быў не толькі храбрым воінам, але і добрым печніком і мулярам. Да рэвалюцыі ён зарабляў па тры рублі ў дзень. Столькі ж каштавала і карова, і… галёшы. Да таго ж ён умеў спраўляцца з рознымі хваробамі, чаму навучыўся ў сваіх бабулі і маці. Мікалай Паўлавіч расказваў, як дзед у 1958 годзе вылечыў ад гангрэны яго левую руку, якую ў бальніцы хацелі ампутаваць. А тады, у 1942 ці 1943 годзе, да яго звярнуўся начальнік накапляльна-сартавальнага лагера, якога адольвала нейкая немач і з якой не мог справіцца нямецкі ўрач. І што вы думаеце: Рыгор Філімонавіч паставіў яго на ногі. Удзячны афіцэр з рызыкай для сябе не адмовіў у просьбе дзеда — аддаў яму дакументы расстралянай дачкі. Так у яго руках апынуліся метрыкі Мікалая, прафсаюзны білет яго бацькі і пашпарт Праскоўі Рыгораўны з дзвюма нямецкімі пячаткамі-штампамі. Больш таго, начальнік лагера распарадзіўся забяспечыць параненую Ліду неабходнымі лякарствамі для таго, каб яна нічым не заразілася.
Пашпарт цяпер знаходзіцца ў абласным музеі ваеннай славы.
— Гэта ўнікальны дакумент, які мае вялікае навуковае значэнне. Ён сведчыць аб тым, што акупацыйныя ўлады ў населеных пунктах Гомельскай вобласці стваралі “Аддзелы рэгістрацыі” грамадзян, якія падлягалі арышту і затрыманню, — гаворыць намеснік дырэктара па навуковай рабоце Канстанцін Мішчанка. — “Аддзелы затрымання” фарміравалі лагеры ці месцы прымусовага ўтрымання. Там рэгістравалі прыбыўшых і прысвойвалі ім нумар вязня. Пад гэтымі нумарамі грамадзяне ўтрымліваліся ў няволі, гэта значыць у лагерах. Такім чынам пасля рэгістрацыі чалавек лічыўся ўжо нумарам. Пашпарт грамадзянкі Мяжохінай (Семянцовай) Праскоўі Рыгораўны пацвярджае знаходжанне яе разам з малалетнімі дзецьмі ў няволі менавіта ў такім месцы.
Заўважым, што навукова-метадычны савет музея зацвярджае, што гэты дакумент адзіны ў вобласці і нават у рэспубліцы.
— Добра памятаю, — Мікалай Паўлавіч працягвае свой расказ, — як вялікі натоўп, у якім апынуліся і мы, гналі пад канвоем некуды далёка. Аўчаркі з грозна ашчэранымі пашчамі, аўтаматчыкі і стрэлы па тых, хто адставаў, замаруджваў хаду. Мноства трупаў старых і дзяцей на дарозе, якія так і заставаліся ляжаць.
На новым месцы, агароджаным калючым дротам, вартавыя вышкі, адкуль раз-пораз раздаваліся стрэлы па нявольніках. Мясцовасць балоцістая, з рэдкалессем. Ніводнай пабудовы, дзе можна было б пагрэцца. Шмат хворых, многія ледзь цягалі ногі. Мяне і Ліду дзед нікуды не адпускаў ад сябе, каб мы чым не заразіліся. Ён, дапамагаючы людзям, сам не захварэў. Я таксама, бо ўвесь час ляжаў, закутаны ў нейкія лахманы. Пасля, калі нас вызвалілі, дзед сказаў, што мы былі ў Азарычах, пасля якіх, дарэчы, мая сястра Ліда доўга адыходзіла ад хвароб у Навабеліцкай бальніцы (шпіталі).
Дзіцячы дом і Урал
Як і трэба было чакаць, Чырвоны Маяк быў ушчэнт разбураны. Хат амаль зусім не засталося, бо бярвёны з іх пайшлі на бліндажы, траншэі, іншыя абарончыя збудаванні, а многія трапілі пад снарады і міны. Уцалелыя жыхары пачалі рабіць буданы і зямлянкі. У дзедавай пасялілася сем яго самых блізкіх родзічаў, а Мікола і Ліда апынуліся ва Улукаўскім спецдзетдоме № 20.
— Дырэктарам і яго намеснікам былі афіцэры-франтавікі, якія мелі раненні, — гаворыць Мікалай Паўлавіч. — Вялікай душы людзі і добрага сэрца. Як і выхавацелі. Асабліва запомнілася Любоў Канстанцінаўна (прозвішча яе, на жаль, забыў), якая днявала і начавала з намі. Яна чытала нам казкі, у халады па чарзе выводзіла кожнага на свежае паветра, на бераг Іпуці, бо на групу ў 20 чалавек былі толькі адны цёплыя чаравікі і палітончык. А дырэктар асабіста катаў нас на горным веласіпедзе, які, не ведаю адкуль, быў у дзетдоме. Жылі, вядома, з цяжкасцямі, але дружна. Барані божа, каб хто каго пакрыўдзіў ці нешта ўкраў.
На зваротнай старонцы пашпарта маці Мікалая Мяжохіна Праскоўі Рыгораўны стаіць пячатка і штамп нямецкай камендатуры
На зваротнай старонцы пашпарта маці Мікалая Мяжохіна Праскоўі Рыгораўны стаіць пячатка і штамп нямецкай камендатуры
Там жа Мікола пайшоў у школу. Неўзабаве з некалькіх дзіцячых дамоў Гомельшчыны быў сфарміраваны эшалон і накіраваны за Урал, каб рабяты атрымалі рабочую спецыяльнасць. Мяжохін трапіў у Магнітагорск. Скончыў з граматай рамеснае вучылішча, стаў электраслесарам пятага разраду. У той час на металургічным камбінаце адкрыўся цэх эмаліраванага посуду, у які ён быў прызначаны брыгадзірам. У яго, шаснаццацігадовага, у падпарадкаванні некалькі мужыкоў, якія па ўзросту гадзіліся яму ў бацькі. Тым не менш сваімі ведамі і майстэрствам, чулымі адносінамі хлопец заваяваў іх павагу, на выхадны кожны работнік брыгады па чарзе браў яго ў сваю сям’ю.
Мікалай — навучэнец Магнітагорскага рамеснага вучылішча. 1954 год
Мікалай — навучэнец Магнітагорскага рамеснага вучылішча. 1954 год
Праз каторы час як добрага спецыяліста сваёй справы Мікалая Мяжохіна перавялі ў Тульскую вобласць на аднаўленне шахты 13-біс. Аднак высветлілася, што з-за ўзросту яму рана працаваць пад зямлёй. У хуткім часе Мяжохін вярнуўся ў Беларусь, дзе з родных застаўся толькі стары дзед.
Калі бабуля і маці распалілі агонь, каб сагрэць дзяцей, немцы расстралялі абедзвюх жанчын
Армія
Рыгор Філімонавіч па-ранейшаму жыў у зямлянцы і вельмі ўзрадаваўся вяртанню ўнука. На дзедаву пенсію і грошы, якія прывёз, Мікола разам з суседам пабудаваў старому хату, а сам уладкаваўся на працу ў Гомелі. Аднаўляў цэнтральныя вуліцы горада. Потым на працягу амаль чатырох гадоў Мікалай Паўлавіч служыў у Латвіі ў авіяпалку 30-й паветранай арміі.
— Мне пашанцавала, — гаворыць ён, — на камандзіра вайсковай часці Васіля Андрэевіча Баравога, яго намесніка Міхаіла Іванавіча Кавалёва, які да вайны працаваў настаўнікам у Барысаве, ды і на іншых афіцэраў. Праз год мяне прызначылі стралком аддзялення аховы штаба КДБ, пазней я стаў памочнікам камандзіра ўзвода. Камандаванне часці паклапацілася аб тым, каб павысіць веды салдат, арганізавала вучэбныя курсы. Афіцэры і іх жонкі выкладалі жадаючым усе школьныя прадметы, рыхтавалі да паступлення ў вячэрнюю школу горада Тукумса. За год я са сваёй пяцікласнай адукацыяй так навайстрыўся, што адразу пайшоў у дзясяты клас. Здаў экзамены, атрымаў атэстат сталасці на латышскай мове. Вельмі прыемна было, што з тае прычыны камандзір часці падарыў руска-нямецкі слоўнік з пажаданнем вучыцца далей.
У час службы ў Латвіі
У час службы ў Латвіі
Даўно ўжо няма на гэтым свеце ардэнаноснага палкоўніка Баравога, але яго слоўнік я захоўваю як добрую памяць аб ім. Больш таго, і зараз падтрымліваю сувязь з яго родзічамі, езджу да іх у Кіеў, а ў Гомелі прымаю як дарагіх гасцей.
І яшчэ адзін момант. У 1959 годзе нашу роту паднялі па трывозе і павезлі пад горад Цэсіс на ліквідацыю апошняй банды “лясных братоў”, дзе (прабачце, што хвалюся) я вызначыўся ў гэтай аперацыі і атрымаў раненне. Камандаванне часці заахвоціла мяне водпускам на 15 дзён і тэлевізарам “Рубін-102”. Гэтую рэдкую па тым часе рэч я падарыў свайму дзетдому.
Ваенны кансультант Мяжохін у В’етнаме
Ваенны кансультант Мяжохін у В’етнаме
Інстытут
Пасля арміі перад Мікалаем, як кажуць, было сто дарог. Па якой з іх ісці? Дзед памёр, бацькоў няма, у родзічаў свае сем’і. І пакуль ён думаў аб далейшым шляху, яго сябар-саслужывец Аляксей Філіпчанка прапанаваў паступаць на фізіка-тэхнічны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта імя Т. Шаўчэнкі. Грошай няма для вучобы, быў адказ. З бацькамі дамоўлюся, дапамогуць. Згода? Згода. Але, як аказалася, сябар недаацаніў матэрыяльныя магчымасці сваіх бацькоў. На першым курсе ўніверсітэта стыпендыі не давалі ніводнаму студэнту, і Міколу давялося, як кажуць, перабівацца з хлеба на ваду. Першы курс скончыў падпрацоўваючы грузчыкам. А далей вымушаны быў перавесціся ў палітэхнікум сувязі з адначасовым уладкаваннем там на працу шафёрам.
— На чацвёртым курсе, — гаворыць Мікалай Паўлавіч, — я аднавіўся ва ўніверсітэце. У гэты час у Харкаве адкрыўся першы ў Савецкім Саюзе інстытут радыёэлектронікі, туды сталі набіраць студэнтаў-выдатнікаў з іншых ВНУ, у лік якіх трапіў і я. Атрымаў дыплом інжынера-тэхнолага, інжынера-канструктара і інжынера па эксплуатацыі радыёэлектроннага абсталявання. Гэта дазволіла мне працаваць на адказных пасадах: тэхнічным кансультантам у В’етнаме і Анголе, а ў Гомелі — галоўным канструктарам па электроніцы аўтаматызаваных буравых установак СКБ пры Міністэрстве нафтавай прамысловасці, начальнікам цэха вытворчага аб’яднання “Карал”, начальнікам сектара новых распрацовак СКБ завода радыётэхналагічнага аснашчэння, галоўным інжынерам Інстытута механікі металапалімерных сістэм Акадэміі навук Беларусі.
У працоўнай кніжцы Мяжохіна — падзякі за ўдасканаленне радыёлакацыйных сістэм, паспяховае выкананне навукова-даследчых распрацовак. А калі дасягнуў пенсійнага ўзросту, яшчэ некалькі гадоў рыхтаваў кадры радыёспецыялістаў у каледжы электратэхнікі. Працоўную актыўнасць ён спыніў у 77 гадоў.
Непаразуменне
— Яно, — уздыхае Мікалай Паўлавіч, — пачалося, калі я вырашыў атрымаць статус вязня і падаў заяву ва ўпраўленне сацыяльнай абароны адміністрацыі Чыгуначнага раёна. Але там адмовілі ў маім хадайніцтве. Вымушаны быў звярнуцца ў суд Чыгуначнага раёна, які вынес рашэнне на маю карысць, указаўшы толькі, што трэба ўстанавіць тэрміны майго знаходжання ў няволі. Аднак упраўленне сацыяльнай абароны абскардзіла яго, і наступны суд стаў на бок упраўлення. Пасля гэтага было яшчэ некалькі судовых пасяджэнняў, у выніку чаго даведка навукова-метадычнага савета абласнога музея ваеннай славы была прынята пад сумненне, бо “носіць мяркуемы характар”. У тым плане, што пашпарт Мяжохінай не пацвярджае знаходжанне яе ў няволі разам з малалетнімі дзецьмі. Хаця вядома, што ў пашпарт бацькоў пачалі ўносіць імёны дзяцей толькі ў 1953 годзе пасля ўказу Хрушчова аб спагнанні падатка на бяздзетнасць.
Суды чамусьці таксама не разгледзелі даведку Улукаўскага спецдзетдома, выдадзеную мне ў кастрычніку 1967 года, калі ў той час я яшчэ не думаў хадайнічаць аб прызнанні мяне вязнем, і браў яе для атрымання допуску да сакрэтных матэрыялаў па сваёй рабоце. Таксама не разгледзелі і даведку абласнога архіва, якая пацвярджала вышэйпаказаную. Замест іх была разгледжана зусім іншая, ад 25 лістапада 2016 года, прадастаўленая ўпраўленнем сацыяльнай абароны з Улукаўскай дапаможнай школы-інтэрната для дзяцей з адхіленнямі, якая побач з іншымі дакументамі і лягла ў аснову прынятых судовых рашэнняў.
У дакуменце, які я атрымаў з дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі, па факту прымусовага ўгону сям’і Мяжохіных у канцлагер “Азарычы” наша прозвішча не значыцца. Няма яго і ў пайменным спісе савецкіх грамадзян, якія былі ўгнаны ў рабства ў кастрычніку 1943 года з населеных пунктаў Раманавіцкага сельсавета, куды ўваходзіў пасёлак Чырвоны Маяк. У той жа час архіў сцвярджае, што “спісы ўгнаных грамадзян з’яўляюцца няпоўнымі і вызначаюцца недакладнасцю сведкаў”. Дык як тады разглядаць пашпарт маёй маці з тымі дзвюма нямецкімі пячаткамі-штампамі?
І яшчэ. Задаюся пытаннем: дзе да пяцігадовага ўзросту я знаходзіўся? Ці быў я, круглы сірата, выхаванцам спецдзетдома, што пацвярджаюць дзве афіцыйныя даведкі, або, згодна з даведкай, якую прадаставіла суду ўпраўленне сацабароны, выхаванцам дапаможнай школы-інтэрната для дзяцей з адхіленнямі? Яна створана праз паўвека пасля вайны на той жа самай тэрыторыі, дзе знаходзіўся спецдзетдом, і ў яе спісах маё прозвішча адсутнічае. Вось такая “ваўка” ў маёй галаве зараз. З чым я, натуральна, згадзіцца не магу. Таму і буду дабівацца свайго. Тым больш што адкрыліся новыя абставіны.
Уладзімір Пернікаў Фота Таццяны Грэмяшкевіч і з архіва Мікалая Мяжохіна Ад рэдакцыі. чым закончыцца справа Мікалая Мяжохіна, мы пастараемся расказаць вам, паважаныя чытачы.
Реклама
Другие статьи раздела
Самое читаемое
-
Блогер-тракторист из Хойников уехал в Латвию, а теперь рассказывает сказки о том, что у него хотели забрать ребенка
- 12:54
- 12.01.2021
- 156139
-
В Гомельском районе молодожены, возвращаясь со своей свадьбы, спасли пострадавших в ДТП
- 09:47
- 01.10.2019
- 134049
-
Какая доза выпитого алкоголя может стать смертельной
- 11:17
- 20.03.2019
- 126726
-
В Гомеле человек, переболевший COVID-19, стал первым в области донором плазмы с антителами
- 17:19
- 11.05.2020
- 115089
-
ПравдаБлог. Тихановская сделала шокирующее признание о своих доходах
- 15:58
- 26.02.2021
- 109867
-
Видеофакт: кто стоит в первых рядах на несанкционированных мероприятиях в Гомеле
- 16:35
- 27.08.2020
- 102353
-
На Гомельщине вводят обязательный масочный режим
- 10:11
- 09.11.2020
- 93689
-
О контроле на границе с Россией, необычных задержаниях и туристическом сезоне рассказал начальник Гомельской таможни
- 14:27
- 21.08.2020
- 91808
-
В Гомеле начали применять китайскую вакцину от коронавируса. Чем она отличается от российской?
- 13:22
- 18.03.2021
- 78262
-
Таксисты Гомеля выразили свое возмущение: "Наболело! Хотим здоровой конкуренции!"
- 11:59
- 25.02.2019
- 77127



