Вандроўка дзевятнаццатая. Чкалава

  • 9467
  • Гомельская правда
Поделиться
Напярэдадні старога Новага года завіталі мы ў гэтую вёску ў Гомельскім раёне. Былі здзіўлены, калі бібліятэкар-края­знавец Таццяна Ермакова паведаміла: да красавіка 1939 года селішча мела назву Жаробнае. Таццяна Іванаўна — ураджэн­ка гэтай зямлі, уразіла сваёй шчырай руплівай працай на ніве краязнаўства. Сабраныя ёй звесткі пра родную вёску — у пульхных папках. Тут і легенды пра назву, і фальклорныя запісы ад мясцовых жыхароў — народныя абрады, песні, прыказкі, прымаўкі, замовы… Цікава, што Таццяна фактычна працягвае справу, распачатую яе цёткай, выпускніцай філалагічнага факультэта ГДУ імя Ф. Скарыны Юліяй Краўцовай, якая 37 год аддала бібліятэчнай справе, а зараз з’яўляецца ўдзельніцай гурта “Берагіня”, прыязджае на
Напярэдадні старога Новага года завіталі мы ў гэтую вёску ў Гомельскім раёне. Былі здзіўлены, калі бібліятэкар-края­знавец Таццяна Ермакова паведаміла: да красавіка 1939 года селішча мела назву Жаробнае. Таццяна Іванаўна — ураджэн­ка гэтай зямлі, уразіла сваёй шчырай руплівай працай на ніве краязнаўства. Сабраныя ёй звесткі пра родную вёску — у пульхных папках. Тут і легенды пра назву, і фальклорныя запісы ад мясцовых жыхароў — народныя абрады, песні, прыказкі, прымаўкі, замовы… Цікава, што Таццяна фактычна працягвае справу, распачатую яе цёткай, выпускніцай філалагічнага факультэта ГДУ імя Ф. Скарыны Юліяй Краўцовай, якая 37 год аддала бібліятэчнай справе, а зараз з’яўляецца ўдзельніцай гурта “Берагіня”, прыязджае на рэпетыцыі з Бабовічаў. Там цяпер аграгарадок, цэнтр жыцця. Але чкалаўцы з уласцівым патрыятызмам імкнуцца зберагчы духоўнасць, культурны асяродак сваёй вёскі. Пасля закрыцця летам мінулага года мясцовага клуба ім застаецца бібліятэка, размешчаная побач са школай. Пакуль мы знаёміліся з гуртом “Берагіня”, шмат рабят забягалі, каб узяць патрэбныя кнігі для чытання. Утульная атмасфера бібліятэкі, гасцінная гаспадыня і робяць яе сапраўдным домам. Да XVIII стагоддзя Жаробнае было вёскай Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства. А як увайшла ў склад Расійскай імперыі, стала ўласнасцю графа Румянцава-Задунайскага. У 1788 годзе тут жылi 235 рэвізскіх душ, вёска была ў Хамінскай эканоміі. У вайну 1812-га жарабенцы пакутавалі ад марадзёрства французаў, якія забіралі ў сялян апошняе.

Легенды пра назву

Колісь рухаўся з Гомеля на кабыліцы мужык. Толькі ўз’ехаў на масток праз мясцовую рэчку Случ-Мільча, як прыйшлося спыніцца: кабыла стала жарабіцца. Усё адбылося як трэба, жарабятка цудоўнае з’явілася на свет божы. Таму і вёску сталі называць Жаробнае. Ёсць яшчэ адна версія. Быццам бы пры размеркаванні пашы ці сенакосаў на заліўных лугах уздоўж Сожа кожны гаспадар цягнуў жарабок (жэрабя) з нумарам сваёй палоскі. Прызнацца, больш жыццядзейнай мне здаецца першая легенда. У ваколіцах Жаробнага ў свой час было тры памесці. Валодалі імі адстаўныя афіцэры. Тэрыторыя цяперашніх Чкалава і Бабовічаў належала кіяўляніну Мухартаву. Летам ён любіў адпачываць у Жаробным. Яго памесце — двухпавярховы цагляны дом — знаходзілася ў 1,5 кіламетра ад вёскі на беразе Сожа. Зямлі і лесу належала памешчыку 868 гектараў, апрача таго меў млын, маслабойку, кузню. Быў у Мухартава агромністы сад з шыкоўнымі бэзавымі алеямі самых розных гатункаў і колераў. Можна ўявіць, які водар стаяў вясной, калі квітнела ўсё гэтае хараство! Пасля рэвалюцыі ўладанні Мухартава былі экспрапрыіраваны і сталі зонай адпачынку. Тут размясціўся піянерскі лагер, дачныя домікі. А вясной 1925-га на гэтых землях арганізавалася арцель, якую ўзначаліў гамяльчанін Маргуноў (імя, на жаль, невядома). 14 сялянскіх гаспадарак уступілі ў яе. Разам з тэрытарыяльнымі рэфармаваннямі вёска (цэнтр сельсавета) уваходзіла то ў склад Гомельскага раёна, то нават Гомеля (люты 1931-га). Увесну 1931 года жарабенцы ўбачылі першы трактар. Усе вяскоўцы выскачылі на вуліцу, каб падзівіцца на тэхнічнае цуда. А першым трактарыстам быў Сямён Колядаў. У 1933-м гаспадарка стала калгасам імя Івана Гікалы. Праз два гады ў яго ўступілі ўсе 312 аднаасобных гаспадарак. Пабудавалі клуб, школу, склад. Не абыйшлі Жаробнае і раскулачванне, і рэпрэсіі. Высылалі сялян аж на Урал і ў Казахстан. Вестка пра пачатак Вялікай Айчыннай прыйшла ў вёску Чкалава 22 чэрвеня ў сем гадзін раніцы. Адразу ж дарослае насельніцтва арганізавалася ў народнае апалчэнне. Многія пайшлі на фронт і ў партызаны. 8 старонак у матэрыялах, сабраных Таццянай Ермаковай, складаюць спісы загінуўшых у барацьбе з фашызмам землякоў.
Жорсткія баі за вызваленне разгарнуліся ў ваколіцах вёскі восенню 1943-га. Людзі пакінулі свае селішчы, рухаліся за Сож — у Цярэшкавічы, потым у Клімаўку. А калі вярнуліся назад, заспелі толькі коміны, вёска была ўшчэнт разбіта і спалена. Жылі ў зямлянках, прычым многіх чкалаўцаў звалілі тыф і малярыя, некаторыя падарваліся на мінных палях… З жанчын і старых арганізавалася брыгада, сталі адбудоўваць вёску. У 1951-м у ходзе зліцця калгасаў імя Чкалава ўвайшоў у склад саўгаса “Камуніст” Бабовіцкага сельсавета. А ў маі 1957-га стаў комплекснай брыгадай адкармсаўгаса імя Жданава, у якім у канцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя працавала каля 600 чалавек. У 1986-м тут пачалося будаўніцтва новай школы. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС чкалаўцы прынялі пад сваё крыло перасяленцаў з Астраглядаў, Пірак і іншых вёсак Брагіншчыны. Прыбылі і некалькі сем’яў з Нараўлянскага і Веткаўскага раёнаў. Жывуць большасць такіх навасёлаў на вуліцы Калініна.
Чкалаўцы па праву ганарацца тым, што ў іх вёсцы нарадзіліся мастак Валерый Ляшкевіч, а таксама майстар спорту міжнароднага класа, чэмпіён Еўропы па цяжкай атлетыцы Леанід Лабачоў. Вядомасць вёсцы прыносяць, несумненна, і бібліятэкар-краязнавец Таццяна Ермакова (у 2009 годзе яна заняла другое месца ў рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”), і вышывальшчыца Юлiя Мядзведзева, і цудоўныя гаспадарлівыя сем’і, чые сядзібы радуюць вока. Ды ці ж усіх згадаеш?

Родная зямелька, як зморанаму пасцелька

Чкалаўцы ніколі не забывалі, што яны — жарабенцы. І таму з асаблівай любоўю мясцовыя жыхары адносяцца да коней. Кажуць, каб гэтую жывёліну не сурочылі, трэба перад выездам са двара плюнуць ёй у морду. А каб не сурочылі не менш каштоўную для вяскоўцаў карову, у слоік з малаком кідаюць крышку солі. Перад тым як садзіць капусту, садзяцца на градкі. А вось каб цэлы год не балела спіна, неабходна пакуляцца праз яе, калі ўпершыню вясной прагрыміць гром. Да сённяшняга дня чкалаўцы захоўваюць абрад “Аброчная серада”. Кажуць, у даўнія часіны на іх палеткі напала саранча ці чэрві. Яны з’ядалі ўсё на сваім шляху. Вяскоўцы не ведалі, як зберагчы пасевы, таму звярталіся за дапамогай да святароў. Тады па ўсім Жаробным паставілі крыжы з іконамі, упрыгожылі іх кветкамі. І напасці як не было…Таму і цяпер у пачатку вуліцы Новай стаяць два крыжы, на якіх заўсёды прыгожыя ручнікі.
Раней у вёсцы часцей спраўлялі вяселлі. Па мясцовай традыцыі яго гуляюць два дні. А папярэднічаюць яму сватанне, змовіны. Цікава, што тутэйшыя нявесты спраўлялі і апошні дзень свайго дзявоцтва — “разборную кашу”. Лічылася, калі сяброўкі маладой з’ядуць і вып’юць усё, што ёсць на стале, замуж пойдуць у сваю вёску. Калі ж гэта не ўдасца ім, то лёс закіне далёка. Знаёмячыся з вясельным фальклорам, зачапілася вокам за радкі: “Хай сабе гарбата, абы была багата”, “Хто з пасагам жонку мае, на гарбу яе цягае”. Мудра і сучасна. А калі паслухала ў выкананні жаночага гурта “Берагіня” шчадроўкі, вяснянкі гэтай зямлі, прыказкі, прымаўкі, якімі шчодра сыпалі жанчыны, ад душы парадавалася: сваё, спаконвечнае будзе жыць і перадавацца нашчадкам.
Фотаздымкі:

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей