Аповед былога воіна, ім самім расказаны

  • 2784
  • Гомельская правда
Поделиться
“Я з сям’і сялянскай, гаротнай, з вёскі Аляксандраўка Рамязоўскага сельсавета. Маці памерла, калі мне шэсць гадкоў было. Бацька не жаніўся, глядзеў мяне і сясцёр Варвару і Полю. А ў 1937-м і бацька памёр, засталіся мы круглымі сіротамі. Апякуном стаў дзядзька, бяздзетны родны бацькаў брат Васіль. Разам са сваёй Таццянаю ўзяў на выхаванне яшчэ і Валодзю — сына яе сястры. Ён цяпер ганаровы грамадзянін Ельска, 101 год чалавеку, святкуем часта з ім, іншы раз і 50 грамаў бяром на грудзі… Пасля заканчэння сямі класаў вымушаны я быў наймацца пасвіць жывёліну ў вёсцы. Ад гаспадара да гаспадара пераходзіў, кармілі, торбу складалі з сабой

DSC_0432“Я з сям’і сялянскай, гаротнай, з вёскі Аляксандраўка Рамязоўскага сельсавета. Маці памерла, калі мне шэсць гадкоў было. Бацька не жаніўся, глядзеў мяне і сясцёр Варвару і Полю. А ў 1937-м і бацька памёр, засталіся мы круглымі сіротамі. Апякуном стаў дзядзька, бяздзетны родны бацькаў брат Васіль. Разам са сваёй Таццянаю ўзяў на выхаванне яшчэ і Валодзю — сына яе сястры. Ён цяпер ганаровы грамадзянін Ельска, 101 год чалавеку, святкуем часта з ім, іншы раз і 50 грамаў бяром на грудзі…

Пасля заканчэння сямі класаў вымушаны я быў наймацца пасвіць жывёліну ў вёсцы. Ад гаспадара да гаспадара пераходзіў, кармілі, торбу складалі з сабой у поле. А ў канцы восені атрымліваў заробак — па 10 рублёў за карову, паўпуда жыта і 10 кілаграмаў бульбы. Да таго ж кожная гаспадыня адразала палатна на штаны. Быў мне і яшчэ занятак: у вольны час плёў пасталы (лапці). Тры гады так працаваў. Пасталеў, у 1939-м паступіў на працу ў калгас “Шлях камунізму”. На валах араў зямельку. Калі грымнула вайна, выканаў даручэнне — адвёз у райваенкамат усіх ваеннаабавязаных са сваёй Аляксандраўкі. А сам з іншымі хлопцамі быў мабілізаваны на адгон калгаснай жывёлы. Праз Беларусь, Украіну мы прыгналі скот у Дзмітрыеў Курскай вобласці, здалі на мясакамбінат. Ваенная камендатура выдала адпаведную даведку, яе я здаў кіраўніцтву партызанскага атрада. Ды гэта было крыху пазней.

У перыяд акупацыі паліцэйскі ўчастак фрыцаў быў у Рамязах. Зрэдчас наведваліся яны і ў Аляксандраўку, мясцовае насельніцтва хавалася, дзе хто мог. Летам 1942-га эпідэмія сыпнога тыфу зваліла і мяне, але пашчасціла выжыць. Змушаны быў да поўнага выздараўлення пайсці ў курані. З 17 чэрвеня 1943-га па 11 студзеня 1944-га быў я радавым байцом партызанскага атрада “Бальшавік” 37-й Ельскай брыгады. Удзельнічаў ва ўсіх аперацыях, хадзіў на заданні.

Помніцца, як мы зрабілі засаду паміж Скародным і новай Валаўскай Рудняй, знішчылі камісара Ельска і яго прыхвасняў. Знялі з іх абмундзіраванне, пераапрануліся, у тым ліку і партызанскі ўрач, які добра ведаў нямецкую мову. Сабраўшы астатніх фрыцаў і іх паслугачоў, паведамілі ім: здайце зброю, пойдзем да партызан, каб захавалі жыцці. Так удалося вызначыць і пакараць многіх здраднікаў Радзімы.

З боку Ельска ў накірунку Лельчыц была вузкакалейка. У ліпені 1943-га немцы збiралiся прачэсваць лес ад партызан. Пра гэта нам стала вядома ад сувязных Антоненкі і Шульгі. Удалося падарваць цягнік з варожай сілай.

Спроба ўзяць райцэнтр была яшчэ ў снежні 1943-га. Але праціўнік быў мацней — нам прыйшлося адступіць. Напярэдадні вызвалення Ельска чатыры атрады народных мсціўцаў — “Бальшавік”, імя Чапаева, “Смерць фашызму”, “За Радзіму” — злучыліся з войскамі Чырвонай арміі ў вёсцы Завадзь Нараўлянскага раёна. Мы ў складзе 1323-га, 1321-га і 1326-га стралковых палкоў 415-й стралковай дывізіі пад камандаваннем палкоўніка Малчанава 11 студзеня 1944 года штурмам авалодалі Ельскам. Я атрымаў лёгкае асколачнае раненне. Помніцца, як нямецкі кулямётчык засеў у званіцы Троіцкай царквы і сек бязлітасным агнём, пакуль не быў знішчаны сам. Пазней мне давялося ўдзельнічаць у вызваленні Мазыра, Калінкавічаў, Петрыкава.

Са станцыі Муляраўка на Петрыкаўшчыне эшалон з намі, чырвонаармейцамі, якія толькі што прынялі прысягу, накіраваўся на Украіну, у Роўна. У лютым 1943-га трапілі пад бамбёжку, пагэтаму спатрэбілася папоўніць сілы. І ў ноч з 11 на 12 ліпеня 1944-га 600 байцоў нашага палка высадзіліся разам з атрадам маракоў у Пінску. Былі вельмі цяжкія баі, мы адводзілі ўвагу фрыцаў ад галоўнага ўдару нашай арміі. Разам з камандзірам узвода Іванам Казловым мы падаўлялі агнявую кропку праціўніка: фашыст касіў нашых, схаваўшыся пад ложкам у адной хаце. На жаль, Іван загінуў. Пахаваў я яго на ўскраіне Пінска, пра што напісаў бацькам у Новасібірск. Пасля вайны яны прыязджалі, вазіў іх на магілу сына…

Адразу пасля гібелі Казлова прыняў на сябе камандаванне ўзводам. На другі ж дзень, 13 ліпеня 1944-га, быў цяжка паранены ў голаў і кантужаны. Медсястра пераправіла на другі бераг Прыпяці ў царкву-медсанбат. Потым быў накіраваны ва ўкраінскі Корасцень, дзе фарміраваўся санітарны цягнік-шпіталь. Праз усю Украіну ехалі ў Грузію. Помніцца, як душэўна страчалі нас на станцыях украінскія ўдовы-салдаткі, падносілі апошняе, каб мы падсілкаваліся, перадавалі гладышы з малаком, у якім плавалі жабы (гэта каб было халаднейшае).

Вылячыўся ў Тбілісі, трапіў на радзіму Сталіна ў Горы, у запасны артполк. Прыязджае пакупец: у каго сярэдняя адукацыя, накіроўваюць у танкавую школу ў Баку асвойваць цяжкія амерыканскія танкі. Кармілі слабавата, дык я збіраў цукар, які давалі некурашчым, і абменьваў на кукурузныя чурэкі, так і мацаваліся. Пасля заканчэння школы кінулі нас на 70-кіламетровы марш. Ад напружання ў мяне рана на галаве адкрылася. Бакінская гарнізонная ваенна-ўрачэбная камісія прызнала годным да страявой, нягодным для бронетанкавых часцей. Трапіў у школу авіяспецыялістаў на тэрыторыі Грузіі, вывучаў амерыканскія знішчальнікі “Кобра” і “Дуглас”. Тут і сустрэў Дзень Перамогі. У саставе 402-га знішчальнага імя Суворава Чырвонасцяжнага палка трапіў у групу савецкіх войскаў у Германіi. Хаця быў авіяспецыялістам, часта выконваў іншыя абавязкі, загадваў сакрэтным справаводствам палка, не раз суправаджаў дакументы ў штаб дывізіі ў Брандэнбургу. Служыў да ліпеня 1949-га, па прыказу маршала Жукава дэмабілізавалі.

Калі прыехаў у Аляксандраўку, збегліся радня і ацалелыя жыхары вёскі, стол накрылі. Рады, што я вярнуўся, аддаўшы сваю маладосць служэнню Айчыне. Назначылі загадчыкам Рамязоўскага цэглавага завода. Неяк на асабісты прыём прыязджаў дэпутат Вярхоўнага Савета БССР. Звярнуўся я з лістом: выдзелілі бясплатна 30 кубаметраў лесу, зрабіў зруб сваёй хаты.

На справаздачна-выбарчай камсамольскай канферэнцыі пазнаёміўся з будучай жонкай Аленай Бароўскай. Яна наважыла пераехаць у Ельск. Працаваў інспектарам культасветработы, затым — райфінаддзела. Выбіраўся дэпутатам гарпасялковага Савета, быў народным засядацелем у судзе.

Тагачасны дырэктар саўгаса “Ельскі” Віктар Дашкевіч прапанаваў: пераходзь да мяне. Быў экспедытарам, загадчыкам гаспадаркі, апошнія 27 гадоў намеснікам дырэктара па забеспячэнню. У 1982-м на пенсію пайшоў, ды яшчэ дзесяцігоддзе працаваў. За гэты час тры дырэктары змяніліся…

З гаспадыняю сваёй пражылі мы разам 60 гадоў, выхавалі траіх дзяцей. Сын Сяргей зараз нас даглядае, з’яўляецца апекуном. Дарэчы, наш сваяк, сын сястры маёй жонкі вучоны-селекцыянер Міхаіл Кадыраў, — ганаровы грамадзянін раёна. Ён стварыў каля 20 сартоў ячменю, звыш 30 гадоў аддаў інстытуту земляводства і селекцыі Нацыянальнай акадэміі навук, 14 з іх — у якасці кіраўніка. Паважаю гэтага чалавека!

Нядаўна наш зямляк пісьменнік Сцяпан Міксюк выдаў сваю чарговую кнігу пра партызанаў Ельшчыны “В памяти народной”, у ёй ёсць матэрыял і пра мяне…” Павел Паўлавіч вынес з глыбiнi пакояў чамаданчык з дакументацыяй і пачаў паказваць публікацыі з розных выданняў, даведкі-адказы са шматлікіх інстанцый, у якія звяртаўся. Апошняе пісьмо — аб тым, што спецыялістамі КЖРЭУП “Ельскае” зроблена замена водаправоднай сеткі ў летняй кухні, а спецыялістамі Ельскага цэха газавай гаспадаркі налажана сістэма работы воданагравальнай калонкі. Але ж калі зноў што якое, былы партызан і чырвонаармеец Бычкоўскі, старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі КСУП “Ельскі” будзе адстойваць свае інтарэсы праз самыя высокія інстанцыі.

Тамара КРУЧЭНКА

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей