Чытаем беларускае?

  • 4327
  • Ірына ЧАРНАБАЙ, Таццяна ВАЛОДЗІНА, Юлія ХАМІЦЭВІЧ
Поделиться
Ніка Ракіціна Ці папулярная на Гомельшчыне айчынная літаратура, высвятлялі карэспандэнты “ГП”. На шляху да “Кнігі караблёў” Два гады таму яе імя стала вядомым на ўсю Беларусь, ды і не толькі. Гамяльчанка Ніка Ракіціна за свой дэбютны раман “Ганітва”, напісаны ў жанры гістарычнага фэнтэзі, стала лаўрэатам прэміі “Лепшы малады аўтар Еўропы” на міжнароднай канферэнцыі фантастыкі “Еўракон-2008”, якая праходзіла ў Маскве. Хто не ведае: штогадовыя канферэнцыі Еўрапейскі Саюз навуковай фантастыкі праводзіць з 1972 года. У розны час іх лаўрэатамі станавіліся браты Стругацкія, Станіслаў Лем, Кір Булычоў, Гары Гарысан, Сяргей Лук’яненка. Так што нічога дзіўнага ў тым, што гомельскай пісьменніцы прыйшлося даць незлічоную колькасць

IMG_2567_M
Ніка Ракіціна

Ці папулярная на Гомельшчыне айчынная літаратура, высвятлялі карэспандэнты “ГП”.

На шляху да “Кнігі караблёў”

Два гады таму яе імя стала вядомым на ўсю Беларусь, ды і не толькі.
Гамяльчанка Ніка Ракіціна за свой дэбютны раман “Ганітва”, напісаны ў жанры гістарычнага фэнтэзі, стала лаўрэатам прэміі “Лепшы малады аўтар Еўропы” на міжнароднай канферэнцыі фантастыкі “Еўракон-2008”, якая праходзіла ў Маскве. Хто не ведае: штогадовыя канферэнцыі Еўрапейскі Саюз навуковай фантастыкі праводзіць з 1972 года. У розны час іх лаўрэатамі станавіліся браты Стругацкія, Станіслаў Лем, Кір Булычоў, Гары Гарысан, Сяргей Лук’яненка. Так што нічога дзіўнага ў тым, што гомельскай пісьменніцы прыйшлося даць незлічоную колькасць інтэрв’ю.
Давялося пагутарыць з Нікай і мне. Яна распавяла, што пісала свой раман доўгіх восем гадоў і што калі б не было Інтэрнэту, ён бы пыліўся ў стале. Дзякуючы Сусветнай павуціне пазнаёмілася з Эрыкам Брэгісам, які стварыў выдавецтва “Снежны ком”, што спецыялізуецца на элітарнай фантастыцы. Неўзабаве была надрукавана “Ганітва” — своеасаблівы фэнтэзійны свет, населены не эльфамі і хобітамі, а персанажамі беларускага фальклору. Два гады таму знайсці гэту кнігу ў гомельскіх крамах было немагчыма.
Сітуацыя не змянілася і да гэтага дня. Па словах Нікі Ракіцінай, у Гомелі “Ганітву” не купіць. На прылаўках кнігарань яна адсутнічае. А чаму — адказаць пісьменніца не можа.
— Працэс пападання кніг у рукі пакупнікоў-чытачоў — вельмі доўгі, моташны і цяжкі, — кажа Ніка. — Мне як творчаму чалавеку складана ў яго ўнікаць.
Дарэчы, нягледзячы на добрыя водгукі крытыкаў і поспех у аматараў фантастыкі, ніякага прыбытку “Ганітва” аўтару не прынесла. Толькі маральнае задавальненне. І тут Інтэрнэт спрацаваў у мінус. Раман, як і іншыя творы пісьменніцы, лёгка даступны для скачвання.
Зусім нядаўна ў сааўтарстве з Наталляй Мядзянскай яна скончыла працу над новым творам. Ён называецца “Кніга караблёў”. Завяршаецца яго рэдагаванне. Гэта таксама фэнтэзі, з уласным, дасканала прапрацаваным светам. Калі кніга будзе надрукавана — невядома. Уладкаваць рукапіс у выдавецтва, прызнаецца Ніка Ракіціна, цяпер даволі складана.
А на пытанне аб тым, што трэба зрабіць, каб беларуская літаратура стала папулярнай у чытачоў, Ніка сумленна адказала:
— Не ведаю. Мне здаецца, добрыя тэксты заўсёды ахвотна чытаюцца, усё роўна, з якой краіны іх аўтар, і на якой мове яны напісаны.
Сама Ніка, праўда, піша ў асноўным па-руску.

Ірына ЧАРНАБАЙ

 


А класіку купляюць

— Як школьны настаўнік адназначна скажу, што чытаць увогуле сталі значна менш, — падзяліўся член грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, паэт Святаслаў Крупенька. — Прычым, асабліва моладзь па прычыне масавай камп’ютарызацыі. Цяпер жа галоўны Бог — Інтэрнэт… У нас, на жаль, незапатрабавана не толькі родная літаратура, але і родная мова, у дачыненні да якой няма сур’ёзнай дзяржаўнай падтрымкі. Некалі Янка Брыль слушна заўважыў: каб беларус стаў сапраўдным беларусам, яму трэба не дазволіць, а загадаць ім быць. Лепей не скажаш!
Песімізм пісьменніка не падзяляе загадчыца галоўнай кніжнай крамы Гомеля, што на праспекце імя Леніна, 45, Любоў Прыходзька:
— Беларускамоўныя кнігі рэалізуюцца ў нас даволі ўдала. Таму я ўпэўнена, што яны і чытаюцца. Асабліва зараз, у пачатку новага навучальнага года. Попытам карыстаецца праграмная класіка, творы Івана Шамякіна, Івана Мележа, Якуба Коласа, Андрэя Макаёнка, Уладзіміра Караткевіча, Максіма Танка, Петруся Броўкі, Барыса Сачанкі і многіх іншых. Канешне, складаней з творчасцю тых аўтараў (незалежна ад мовы выдання), хто меней “раскручаны”, скажам , Юрый Фатнеў, Васіль Ткачоў, ці хто не так даўно займаецца творчасцю, як гамяльчанін Іван Лосікаў. Дарэчы, Васіль Юр’евіч і Іван Лукіч часта бываюць у краме, цікавяцца лёсам сваіх кніг.
У нас вялікім попытам карыстаюцца беларускія народныя казкі, зборнікі іх не залежваюцца на паліцах. Адно толькі чуем ад пакупнікоў-бацькоў і выхавацеляў дзіцячых садкоў: каб былі кніжкі з большай колькасцю яркіх малюнкаў. Шырокі зараз і асартымент беларускамоўнай вучэбна-метадычнай літаратуры для студэнтаў і выкладчыкаў вышэйшых навучальных устаноў. Асабіста для мяне было прыемна пачуць ад старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леаніда Козіка ў час яго нядаўняга наведвання нашага “Книжного мира», што “для Гомеля гэта шыкоўнейшая крама з літаратурай па-беларуску”.

Таццяна ВАЛОДЗІНА

Мала не многа

IMG_4487
Наталля Батракова


Беларускую літаратуру чытаюць школьнікі, студэнты і пенсіянеры.
Такую выснову можна зрабіць, зірнуўшы на статыстыку выдачы кніг у бібліятэках. Папулярныя менавіта тыя аўтары, чые прозвішчы фігурыруюць у школьных хрэстаматыях. Таму і адвальваюцца карашкі ў купалаўскай “Паўлінкі” і “Новай зямлі” Якуба Коласа. А астатніх беларускіх аўтараў не заўсёды адрозніш па роднай мове. І пісаць яны могуць пра што заўгодна: ад жахаў вайны да кахання сакратарак.
У абласной універсальнай бібліятэцы імя Леніна колькасць кніг на беларускай мове складае ўсяго каля 10 працэнтаў ад агульнага паступлення. І гэта практычна ўся літаратура, якая выдаецца на радзіме!
З навінкамі можна пазнаёміцца на спецыяльных выставачных стэндах. Бібліятэкары з усіх сіл стараюцца прыцягнуць увагу чытача — раскрываюць кнігі на малюнках, фотаздымках або яркіх загалоўках. Існуюць таксама дні інфармацыі, калі чытачам распавядаюць аб свежых паступленнях ці хаця б проста вывешваюць спісы навінак. А ўжо ці прыглянецца чытачу назва і як хутка панясуць выданне дадому — не адгадаць. Так, яшчэ не кранутымі стаяць і сёння некаторыя кнігі 2007 — 2009 гадоў выпуску.
— З сучасных аўтараў любяць Валянціну Паліканіну і Наталлю Батракову, — падзялілася Ірына Елпаева, вядучы бібліятэкар аддзела абанемента ГАУБ. — Паліканіна часта выступае, яе вершы ведаюць многія. А ў Батраковой два цікавыя раманы выйшлі — “Тэрыторыя душы” і “Плошча згоды”, людзі ахвотна бяруць іх пачытаць.
Малавядомых і зусім незнаёмых пісьменнікаў і паэтаў наведвальнікі бібліятэк абыходзяць бокам. Напэўна, баяцца, што будзе нецікава. Куды надзейней выглядаюць пажоўклыя старонкі аповесцей Васіля Быкава, апавяданняў Кузьмы Чорнага, паэм Аркадзя Куляшова. У пашане ў гамяльчан і жыхароў вобласці і землякі — Іван Шамякін, Іван Навуменка, Барыс Сачанка, Іван Мележ, Андрэй Макаенак.
Перыядычныя выданні з беларускага каталога выпісваюцца па максімуме. “Маладосць”, “Полымя” і “Нёман” запытваюць у асноўным педагогі і студэнты-філолагі. У такіх часопісах пачынаюць свой творчы шлях маладыя аўтары і шырока прадстаўлены старажылы. Толькі вось жадаючых быць у курсе літаратурных новатвораў сярод чарговых чытачоў не так ужо і шмат. І каб прыцягнуць увагу да таленавітых суайчыннікаў, бібліятэкі арганізуюць сустрэчы з паэтамі і пісьменнікамі. У гасцях у “Ленінкі” ўжо бывалі Таіса Мельчанка, Ніна Шклярава, Віктар Ярац і многія іншыя.

Юлія ХАМІЦЭВІЧ

 

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей