Подых вечнасці

  • 1857
  • Гомельская правда
Поделиться
У нашай краіне толькі тры музеі рэдкай кнігі. Адзін знаходзіцца ў старажытным Полацку, другі адкрыты ў сталіцы, а трэці вось ужо больш за два гады працуе ў Гомелі.Блуканне навокал Каб хутчэй трапіць у асяроддзе рарытэтаў, на плошчы Перамогі горада над Сожам я спытаў у жанчыны, апранутай быццам непаўналетняя, дзе знаходзіцца музей рэдкай кнігі. Яна пільна зазірнула мне ў вочы, памаўчала і параіла шукаць яго недзе ў парку. Студэнты бліжэйшага ўніверсітэта транспарту згадзіліся паведаміць пра замежныя ўстановы культуры, але толькі не пра родныя. Маці з каляскай прапанавала даведацца па тэлефоне. Але ў спісе аператара сувязі такой даведкі не было.Таму лічу сваім абавязкам
IMG_2084_BУ нашай краіне толькі тры музеі рэдкай кнігі. Адзін знаходзіцца ў старажытным Полацку, другі адкрыты ў сталіцы, а трэці вось ужо больш за два гады працуе ў Гомелі.

Блуканне навокал

Каб хутчэй трапіць у асяроддзе рарытэтаў, на плошчы Перамогі горада над Сожам я спытаў у жанчыны, апранутай быццам непаўналетняя, дзе знаходзіцца музей рэдкай кнігі. Яна пільна зазірнула мне ў вочы, памаўчала і параіла шукаць яго недзе ў парку. Студэнты бліжэйшага ўніверсітэта транспарту згадзіліся паведаміць пра замежныя ўстановы культуры, але толькі не пра родныя. Маці з каляскай прапанавала даведацца па тэлефоне. Але ў спісе аператара сувязі такой даведкі не было.
Таму лічу сваім абавязкам паведаміць, што трапіць у музей рэдкай кнігі лягчэй лёгкага. Дастаткова зайсці ў абласную ўніверсальную бібліятэку імя У. І. Леніна і павярнуць направа. Музей побач з галоўным уваходам.

Каралеўскі ўзор

Для рэдкіх экзэмпляраў тут адвялі вялікі пакой, дзе па абодвух баках ёсць балконы. Нешта накшталт класічных каралеўскіх бібліятэк. На выставачных стэндах у вясёлкавым карагодзе ззяюць каляровымі малюнкамі незвычайныя кнігі.
Назва выдання 1612 года адразу кінулася мне ў вочы — “Таямніцы беззаконня, або Гісторыя папства” Філіпа дэ Марнэ. Відавочна, што яшчэ ў тыя часіны прыцягвалі ўвагу чытачоў яскравымі загалоўкамі. Каля кожнага экспаната замацавана невялічкая таблічка. Без такога тлумачэння было б сапраўды цяжка, бо на рускай мове толькі кожны шосты экзэмпляр з некалькіх тысяч.
Самы старажытны палеатып — зборнік песень Франчэска Пятраркі, выдадзены ў Венецыі ў 1547 годзе. Цікава, што праз столькі стагоддзяў яго пергаментная вокладка выглядае даволі някепска. Узнікае жаданне патрымаць ва ўласных руках гэта паэтычнае самавыяўленне, прасякнутае супярэчнасцю паміж сярэднявечным аскетычным і зусім новым бачаннем свету. Але замкі на шкляных дзвярах нагадваюць, што гэта не бібліятэка, а сапраўдны музей.
— Хаця ён і не мае юрыдычнага статусу, аднак уся яго дзейнасць будуецца ў адпаведнасці з законам аб музеях. Па ім нават статыстычныя дадзеныя прадстаўляюцца, — тлумачыць дырэктар абласной універсальнай бібліятэкі імя У. І. Леніна Валянціна Дуброва. — А ідэя стварэння музея рэдкай кнігі належыць былому старшыні абласнога Савета дэпутатаў Валерыю Сяліцкаму.

Асаблівая каштоўнасць

Менавіта Валерый Сцяпанавіч прынёс сюды шмат экспанатаў, сярод якіх копія старажытнага рукапіснага помніка XI стагоддзя — Тураўскага Евангелля. Гэта адна з першых створаных на беларускіх землях кніг, вядома, з тых, што захаваліся да нашых дзён. Арыгінал захоўваецца ў Вільнюсе, там жа і яе старажытная вокладка, якая мае асаблівую каштоўнасць, таму “вопратку” выстаўляюць асобна.
У музеі знаходзіцца адна з нацыянальных праваслаўных святынь Беларусі — Слуцкае Евангелле 1582 года. Дакладней, факсімільнае ўзнаўленне тэксту ўласнаручнага твора слуцкага князя Юрыя Алялькевіча з роду Рурыкавічаў. Напісана чарнілам, але так, быццам літары друкавалі механічным спосабам.
— У пачатку вайны Слуцкае Евангелле разам з іншымі экспанатамі магілёўскага музея, у тым ліку і Крыж Еўфрасінні Полацкай, было згублена, — тлумачыць загадчыца аддзела рэдкай кнігі абласной бiблiятэкi Дзiна Мельнiчэнка. — Папярэдняе даследаванне дае падставу сцвярджаць, што знойдзены экзэмпляр — сапраўды страчанае ў 1941 годзе Слуцкае Евангелле.
Недарэмна спрадвеку захоўвалася гэтае багацце. Нашы продкі лічылі, што нашчадкам усё вельмі патрэбна.

Ад Айвенга да Гары

Раптам у музейную залу забег хлопчык гадоў пяці і аслупянеў. Было бачна, што яму тут вельмі падабаецца. Ен заглядзеўся на зусім маленькія кніжкі. Самая мініяцюрная — “Цуд з цудаў”, памерамі ўсяго шэсць на дзевяць міліметраў. У ёй на пяці мовах выказванні Пушкіна і Горкага. За малым зайшоў яго бацька. Супрацоўніца музея запрасіла іх абодвух далучыцца да агляду экспазіцыі. Але мужчына не згадзіўся і літаральна за шкіркі выцягнуў з музея зачараванае дзіця.
Не прайшло і хвіліны, як ціхі пакой напоўніўся дзіцячым гоманам. Хлопчыкі і дзяўчынкі больш абмяркоўвалі свае праблемы, чым разглядалі экспанаты. Школьнікі хуценька прабеглі міма арыгіналаў прыгодніцкіх твораў А. Дзюма, В. Скота, Ф. Купера. На пытанне, чаму не звярнулі ўвагу на сусветна вядомыя літаратурныя каштоўнасці, яны шчыра адказалі:
— Мы не ведаем такіх прозвішчаў.
— Што ж тады вы чытаеце? — у голасе экскурсавода прагучала расчараванне.
— Гары Потэра, — адказаў нейкі нябачны за сцяной аднакласнікаў хлапчук.

Вытокі прыкладаў

Апошняя гомельская княгіня Ірына Паскевіч перавяла на французскую мову “Вайну і мір” Льва Талстога і “прымусіла” парыжан чытаць гэты твор. Трохтомнік тут захоўваецца на асобнай паліцы. Дзіўна: як пасля прайгранай французамі вайны яны захапляліся кнігай, дзе расказваецца пра тое, як іх жа французскае войска было разбіта ўшчэнт? Непадалеку сціпла ляжыць ваенны трафей — кніга з асабістай бібліятэкі вядомага Напалеона. На тое, што яна належала менавіта гэтаму знакамітаму чалавеку, указае яго асабісты подпіс.
У музеі да Дня беларускага пісьменства разгарнулі выставу “Рукапісная кніга Веткі”. У экспанатаў надзвычай цікавае мастацкае ўпрыгожванне. Па іх можна прасачыць развіццё славянскага кнігадрукавання. Галоўны захавальнік Веткаўскага музея народнай творчасці Святлана Лявонцьева адзначае, што арнамент кніг распісвалі тэмпернымі фарбамі, якія таксама рыхтавалі для іканапісу.
Старадрукаваныя і рукапісныя кнігі некалі сабраў веткаўчанін Фёдар Шкляраў, якога цяпер, на жаль, ужо няма. Мне пашанцавала сустрэцца з гэтым апантаным народным майстрам. Паказваючы, на старажытныя літары, падобныя на малюнкі, ён з хітрынкай спытаў: “Што гэта?”. Я паспрабаваў прачытаць, але не здолеў. Словы ніяк не ўтвараліся. Тады майстар
ухмыльнуўся і растлумачыў: “Тут не літары, а лічбы. Арабскія пішам, рымскімі карыстаемся, а свае не памятаем”. Тое ж атрымалася і з разгадкай сэнсу іншай рукапіснай кнігі. У ёй веткаўскія майстры пакінулі нам у спадчыну музыку, але не на звычайным нотным стане. А калі пазіраеш на застыўшыя ў колеры гукі, то неяк адчуваеш, што аўтары надалі ім аптымістычнае гучанне. Можа, каб нас падбадзёрыць і натхніць?

Васіль ДУБІК

 

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей