Зор далёкіх чуючы харал…

  • 3117
  • Тамара КУПРЭВІЧ
Поделиться
Соф’я Піліпаўна Ліпніцкая, дырэктар літаратурнага музея івана мележа Лепшага экскурсавода, што правёў бы мясцінамі, з якімі звязаны лёсы герояў Івана Мележа, чым Соф’я Ліпніцкая, няма, — з такой высновай ехалі мы “да людзей на балоце”.У вёсцы, дакладней у аграгарадку Глінішча, у музеі славутага пісьменніка і заспелі яго шаноўную гаспадыню. Сем гадоў Соф’я Піліпаўна аддала справе захавання спадчыны свайго дзядзькі, які “Палескай хронікай” таленавіта засведчыў свету, што “і за Гомелем людзі ёсць”, ды яшчэ якія, Палешукі!— Іван Паўлавіч нарадзіўся, вырас і пайшоў у свет не з гэтай хаты. І нават не з той, што стаіць зараз па вуліцы імя Мележа, 57. Так,
IMG_1384_B
Соф’я Піліпаўна Ліпніцкая,
дырэктар літаратурнага музея івана мележа
Лепшага экскурсавода, што правёў бы мясцінамі, з якімі звязаны лёсы герояў Івана Мележа, чым Соф’я Ліпніцкая, няма, — з такой высновай ехалі мы “да людзей на балоце”.
У вёсцы, дакладней у аграгарадку Глінішча, у музеі славутага пісьменніка і заспелі яго шаноўную гаспадыню. Сем гадоў Соф’я Піліпаўна аддала справе захавання спадчыны свайго дзядзькі, які “Палескай хронікай” таленавіта засведчыў свету, што “і за Гомелем людзі ёсць”, ды яшчэ якія, Палешукі!
— Іван Паўлавіч нарадзіўся, вырас і пайшоў у свет не з гэтай хаты. І нават не з той, што стаіць зараз па вуліцы імя Мележа, 57. Так, гэта сядзіба сям’і, але ж дом на ёй узводзіўся новы ў пасляваенны час, дзесьці ў 1953 годзе. І бываючы на радзіме, пісьменнік любіў больш бываць у Каранеўцы, у Вяргейчыкаў, стрыечнай сястры Настассі і яе мужа Уладзіміра.
Пастаяўшы колькі хвілін у ціхім роздуме каля глінішчанскага мележаўскага дома, мы рушылі да літаратурных помнікаў класіка. Шлях ляжаў праз Алексічы, у якіх Іван Паўлавіч скончыў сямігодку… Няма зараз ужо нават падмурка той будыніны, затое ў Хойніках цудоўная, адноўленая да Дня беларускага пісьменства сярэдняя агульнаадукацыйная школа № 1, дзе атрымаў атэстат сталасці будучы класік беларускай літаратуры…
Бадай, самым шыкоўным помнікам мележаўскім героям сёння з’яўляецца груша-дзічка, што прысуседзілася каля дарогі, вядучай з Алексіч у Каранеўку. Вядома ж, вырасла яна з атожылка той ігрушы, пад кронай якой прызначаў Ганне спатканні Васіль… І зараз закаханыя лічаць добрай прыкметай у дзень вяселля патрымацца за дрэва-сімвал, падмацавацца яго трывушчасцю. Чарнобыльскія вятры дзьмулі, іншыя катаклізмы руйнавалі жыццё, — ды выстаяла груша! Сёння яна ўспрыймаецца як помнік моцы, неўміручасці Палесся.
А побач каля грушы, як вокам акінуць, ляжыць самая ўрадлівая зямля “людзей на балоце” — цагельня, за якую біліся мележаўскія Васіль і Яўхім. І сёння гэта найбольш урадлівыя палеткі КСУП імя Мележа. А вось знайсці хоць бы якія прыкметы грэблі, тую ж вузкакалейку, якая была непадалёку, не ўдалося.
У самой жа Каранеўцы па-шчасціла пазнаёміцца з Васілём і… Васілінай Жолуд. Вось з каго можна было б пісаць Васіля і Ганну пасляваеннага часу… Гэта ж трэба, такое падабенства характараў! Цётка Васіліна — зухаватая, увішная, хуткая на слова. Адчуванне такое, што хвіліну вытрымаць без справы ёй маркотна. Яна з тых, хто і ў працу, і ў танец бы ў вір з галавой кідаецца, усё робіць з любоўю, бо душа яе спеўная. Гаспадар жа, Васіль, стрыманы ў пачуццях, памяркоўны, слова яго важкае, выпрабаванае гадамі, перажытым. У ваколіцах яго ведаюць як пчаляра.
Уразіла нас тое, што лёс цёткі Васіліны схожы з лёсам галоўнай мележаўскай гераіні. Яна сірацінкай засталася ў трохмесячным узросце, таму спаўна зведала, як жыць з мачахай. Ды і са свякроўкай пражыла 30 гадоў!
Аказалася, што і ў яе Васіля лёс не саладзейшы. “Бацьку на фронт не ўзялі, бо накульгваў. Загінуў дома, — выдыхнуў наш суразмоўца. — Млын у Алексічах быў, бацька яго заўсёды запускаў. І калі ў 1942-м немцы наляцелі паліць вёску, каля ветрака там і расстралялі з другімі вяскоўцамі…
— А як жа вы пазнаёміліся, як зарадзілася ваша каханне? — цікавімся ў Васіля і Васіліны Жолуд.
IMG_1403
Васіль і Васіліна Жолуд,
сённяшнія жыхары каранеўкі


— Було ў мяне хлопцаў багато, што казаць, — прызнаецца каранеўская прыгажуня, якая і ў сталым узросце не страціла сваёй абаяльнасці. — Васіль бацьку падабаўся, ён хаты дапамагаў людзям будаваць, масцеравы буў. Але ж не адважваўся мяне зачапіць, спакойны, рахманы. Толькі і мог сказаць, калі моладзь пачынала расходзіцца з вуліцы: “Пасядзі, пагаворым”. Спачатку я яго захады на смех уздымала, а потым падчынілася. У 1948-м мы пажаніліся, вось колькі разам пражылі, трох сыноў і дзвюх дачок выхавалі, дачакаліся восем унукаў, шэсць праўнукаў. А ў хаце сваёй цяпер удвох мы засталіся з дзедам. Ён даражыць мной, беражэ, баіцца адзін застацца. Вось такое каханне нашае…
На глінішчанскіх могілках мы пакланіліся памяці бацькоў Івана Паўлавіча Мележа, яго роднай сястры Юліі. Вырашылі завітаць да яе дачкі Ліліі Краўчанка, мастацкага кіраўніка гарадскога цэнтра культуры і спорту. Не памыліліся, адчыніўшы дзверы гэтай установы: Лілія Уладзіміраўна была на чарговай рэпетыцыі, прычым не адна, а з маленькай унучкай. Пявуння, дэкламатар ды і аўтар вершаў некаторых песень, якія выконвае яе калектыў “Спадчына”, жанчына працягвае матчыну традыцыю: Юлія Паўлаўна колісь спявала ў хоры імя Цітовіча.
— Вядома ж, у нашым рэпертуары ёсць і любімая песня Івана Паўлавіча Мележа “У канцы грэблі шумяць вербы…” Гэта наш свое-асаблівы гімн. Якое б мерапрыемства не праводзілі ў раёне, які юбілей не спраўлялі, спяваем яе, бо без “вербаў” мы не хайнічане, не палешукі, — дзеліцца сваімі развагамі Лілія.
Падумалася: юная Віка таксама некалі падхопіць песню сваёй бабулі. Галасістая мележаў-ская радня! Марына, дачка Ліліі,  маці сваю пасачыла, бы нітка з іголкаю нераздзельныя на канцэртах шчыруюць. А як хораша спявае Вера Савельеўна Генаш, пляменніца класіка, якая яшчэ не так даўно выкладала на філфаку ГДУ імя Ф. Скарыны. Прынамсі, гэта героі сённяшняй палескай хронікі.
Школьны, а дакладней двор дзяржаўнага навучальна-педагагічнага комплексу “Дзіцячы садок — сярэдняя школа імя Івана Мележа” патанае ў пярэстых восеньскіх кветках, аздоблены ён рукатворным вадаёмчыкам, караблікам, агромністым матыльком з ярка-зялёнымі крыламі. Усё гэта — фантазія настаўнікаў працы Валянціна Міхасёва і Святланы Жураўскай, ажыццёўленая з дапамогай вучняў. Здорава, што з маленства глінішчанцы навучаныя працаваць. Сёлетнім спякотным летам цудоўны ўраджай клубніц на школьнай плантацыі атрымалі, часткова рэалізавалі. Грошы пайшлі на набыццё фарбаў для касметычнага рамонту. Люба глянуць на школу ў аграгарадку!
У колькіх кроках ад яе сядзіба глінішчанскага селяніна, найлепшая ілюстрацыя побыту колішніх людзей на балоце. Чым не літаратурны помнік?
“Раманы “Палескай хронікі” і ў час іх з’яўлення, і сёння выконвалі і выконваюць сваю гістарычную місію, — падкрэслівае літаратуразнаўца Серафім Андраюк у палымянскім артыкуле “Зямля Івана Мележа”. — Тады яны сцвярджалі гуманізм і праўду, сёння — гэта адзін з найбольш яркіх вобразаў нацыянальнага адметнага свету, найбольш значных доказаў нацыянальнай сувярэннасці...”
Тамара КУПРЭВІЧ
Фота Вячаслава СУХАДОЛЬСКАГА

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей