Вандроўка сёмая: Кавалі

  • 3340
  • Гомельская правда
Поделиться
Доўга ж дабірацца ў гэтую вёсачку ў Ельскім раёне на памежжы з украінскай Оўруччынай. Але ж даехалі на коніку жалезным — “фальксвагене”. Каб пазнаёміцца з прадстаўнікамі па-сапраўднаму мужчынскай прафесіі каваля. Неаднойчы ў даследваннях навукоўцаў чытала, што назву гэтай вёсцы дало найменне характэрнага для мясцовых старажылаў занятку. Кавальскай справай тут спакон веку славіліся мужчыны. Бацькі перадавалі прафесію сынам. Таму, кіруючы ў чарговую вандроўку, хацела пазнаёміцца з сапраўдным кавалём. Пашанцавала! Старшыня Засінцаўскага сельсавета Васіль Халяўкін асабіста даставіў нас у Кавалі да Міхаіла Шатуна, наследніка бацькоўскай славы, які і сёння здольны выкаціць “фрагмент” сваёй кузні і спрактыкаванымі рухамі паказаць, як нараджаецца полымя. — Бацько мой
DSC_1775_BДоўга ж дабірацца ў гэтую вёсачку ў Ельскім раёне на памежжы з украінскай Оўруччынай. Але ж даехалі на коніку жалезным — “фальксвагене”. Каб пазнаёміцца з прадстаўнікамі па-сапраўднаму мужчынскай прафесіі каваля. Неаднойчы ў даследваннях навукоўцаў чытала, што назву гэтай вёсцы дало найменне характэрнага для мясцовых старажылаў занятку. Кавальскай справай тут спакон веку славіліся мужчыны. Бацькі перадавалі прафесію сынам. Таму, кіруючы ў чарговую вандроўку, хацела пазнаёміцца з сапраўдным кавалём. Пашанцавала! Старшыня Засінцаўскага сельсавета Васіль Халяўкін асабіста даставіў нас у Кавалі да Міхаіла Шатуна, наследніка бацькоўскай славы, які і сёння здольны выкаціць “фрагмент” сваёй кузні і спрактыкаванымі рухамі паказаць, як нараджаецца полымя. — Бацько мой Аляксей Астапавіч вучыўся прафесіі ў мясцоваго майстра Дзмітрыя Хамца, — распавядае Міхась. — Дарэчы, гэтае прозвішча самае распаўсюджанае ў нас. А карані майго роду тут, па суседству, у Шатунах. Аказваецца, загартоўку прафесіяй Шатун-старэйшы атрымаў яшчэ ў гады Вялікай Айчыннай. У баях пад Масквой быў кантужаны, абмарозіў пальцы на назе. Таму вымушаны быў перакінуцца на працоўны фронт, два гады шчыраваў у калгасе “Дружба” Саратаўскай вобласці, пазней — на аднаўленні Кавалёў, бо вёска была спалена гітлераўцамі ў ліпені 1943-га. Сын паказаў мне пажаўцелы ад часу лісток бацькавай характарыстыкі, прывезенай з Расіі. “Аказаў вялікую дапамогу гаспадарцы ў рамонце сельскагаспадарчага інвентару. Любыя заданні выконваў у тэрмін, высакаякасна і ў любы час…” — з хваляваннем узнавіла я тэкст 66-гадовай даўніны. Прынамсі, такую ж характарыстыку работы і Шатуна-малодшага пачула ад жыхароў Засінцаўскага сельсавета. Колькі сярпоў, капачак, акучнікаў, плугоў, вазоў адрамантавалі ў невялічкай кузні бацька з сынам, не злічыць. Міхась нават калі службу нёс у арміі ў Амурскай вобласці, каваў неабходнае, рамантаваў тэхніку, асвоіў і прафесію зваршчыка. Неацэнным спецыялістам вярнуўся ў Кавалі з войска. Жыхары навакольных вёсак сельсавета і сёння маюць ва ўжытку рэчы, якія не раз вярталі да жыцця кавалі Шатуны. Міхась сам ужо пенсіянер, але нікому не адмаўляе ў дапамозе. Выглядае малажава, рухавы. Суседзі ў асноўным старыя і нямоглыя людзі. — Не заўважыў, як вёска наша састарэла, — шчыра дзеліцца суразмоўца. — Колісь було ў нас хат 50, шмат моладзі, цяпер толькі дзесь 15 “жывых” дамоў засталоса. Ступаючы ў двор з шыкоўнымі шматколернымі вяргінямі, палісаднікам каліны, а пазней і ў дыхтоўны, дагледжаны, як лялька, дом, сказала свайму герою пра намер пазнаёміцца з яго жонкай. А ён загадкава ўсміхнуўся: “Ды ніколі не жаніўся я…” Мне ледзь мову не адняло! Выфарбаваныя, бы толькі што, сцены, столь і падлогі кожнага пакоя, новенькія, бы толькі з крамы, фіраначкі на вокнах. Дыхтоўная мэбля ў пакоях, прыгожыя дарожкі, чысціня такая, што ўладарыць тут адчуванне свята. На сталах бялюткія абрусы. І… лялька ў зале, адзіная асоба жаночага полу, бы напамін пра кагось. — Ды як жа такі зайздросны гаспадар і адзін? — не ўтрывала я. — Ну, дзе ж справядлівасць нябесная. — А мне памочнікаў не трэба, сам з усім спраўляюса, — сказаў Міхась, бы падводзячы рысу размове.— Хадзем, пакажу, як я да зімоўкі падрыхтаваўса. У склепе вочы разбегліся ад колькасці назапашанай кансервацыі. Слоікі рознага памеру з яркім шматколерным гароднінным і грыбным начыненнем роўненька выстраіліся, бы радавыя, на палічках. Вось дык гаспадар-гаспадыня! Уявіла ў гэты момант гарадскіх бэйбусаў, што зранку тоўпяцца каля пункта прыёму шклотары, каб скінуцца на “трох”. Вось бы іх сюды на экскурсію, да Міхася. Хай бы паглядзелі, якія ў сельскай глыбінцы мужыкі водзяцца. Ей богу, працверазелі б! Каваль не спіўся, не скурыўся, не ператварыў дом у лежбішча. Наадварот, з яго пакояў выходзіць не хочацца, так тут утульна. З партрэтаў на сцяне ўзіраюцца на сына бацька з маці і быццам усміхаюцца: “Ай ды Мішка!” — Чэсна кажучы, баюся, што зраблю вам своеасаблівую рэкламу, пасля якой могуць сюды кабеты з горада паехаць. Мо і не адны, а з дзецьмі… — дзялюся з Міхаілам. — Як прыедуць, так і паедуць! — безапеляцыйна адказвае ўсмешлівы каваль. Рэліктавы! Літаральна за прасторным лугам за сядзібай Шатуна віднеецца паласа хвойніку. Аказваецца, лес украінскі. І неяк не па сабе робіцца, калі чуеш ад жыхароў Кавалёў, што ступаць туды нельга. Мяжа! А якія ж перажыванні віруюць у сэрцы Дзмітрыя Хамца, які ў верасні з Украіны дабіраўся ў госці на радзіму аж з самой Макееўкі, з Данбаса. Дзіця вайны, немалады мужчына, стоячы з намі, гарнуў да сябе сястру і горка плакаў, згадваючы, як правяралі яго на мяжы, дзяліўся набалелым: — 47 гадоў там пражыў, ужо і дзяцей, і ўнукаў выгадавалі з жонкай на Украіне. А я колькі ні прывыкаў, так і не прывык там. Сумна ў адрыве ад бацькоўскай зямлі. Праўду кажуць: дзе радзіўся, там і згадзіўся… Правіцельства новае на Украіне, а змен яшчэ не чутно. Пенсію атрымліваю 1200 грывен, а за кватэру заплаціць трэба каля 900… Са шматдзетнай сям’і Хамцоў (а было ў бацькоў Дзмітрыя і Ганны іх аж дзесяцёра) у жывых зараз пяць братоў і сястра. Руплівіца Ганна Кірылаўна! У Кавалях няма ёй роўні ў зборы ягад, кабеты называюць яе “смерч для лесу” — з такой хуткасцю напаўняе кашы! — Ды дзяцінства пасляваеннае галоднае ў такой вялікай сям’і вымушала спяшацца ў любой робоціне. Трудно жылі, горовалі, столькі дзетак, што маці не спроўлялоса ежу варыць, — дзеліцца Кірылаўна, сціраючы са шчакі слязіну. — Я з восьмі класаў пайшла робіць на подсочку. Потым — на хферму дояркою. Уяўляеце, 32 гады не мела ні разочку ні выходного, ні ў водпуск ніколі не ходзіла. Неяк ногу подвіхнула, дома застоласа, ды тут жа прыходзіць хтось з кіроўніцтва і кажа: “Глядзі, расфармірую тваю групу кароў”. Ковыляючы, рушыла, што ж рабіць... Бувало, короў подою, ды ў лес бежу по ягоды, а потым у город. Спроўлялоса! У 40 годоў застоласа одна з трыма сыночкомі. Памер хозяін, усе жыццё на тракторы одробіў. Хорошы буў! А цяпер ву только і жыць: пенсію отрымала 600 тысяч, сыны, слава Господу, толковы, жанаты, добро жывуць. Усе трое тут, у нашым Ельскім краі: двое ў Скародным, адзін у Засінцах. Шэсць унучкоў ужэ ў мяне: тры хлопчыкі і тры дзяўчаткі! З імі і я шыбко бегаю ў лес! Дык вось яны якія незвычайныя, вяскоўцы-кавалі. Фарпост на мяжы, жалезны!
Тамара КРУЧЭНКА Фота аўтара і Вячаслава СУХАДОЛЬСКАГА

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей