Я люблю хадзіць між хвой, Цешыцца грыбамі…

  • 4505
  • Алена МАРТЫНЕНКА
Поделиться
Нягледзячы на іней, што іскрыцца на ранішняй траве, мяне вабіць рознакаляровы восеньскі лес. Вітаюся з дрэвамі, што па-сяброўску працягваюць сваё вецце. Асцярожна абмінаю ўзоры ледзь бачнага павуціння. Нізка кланяюся першаму ўбачанаму баравічку. “Праўдзівы грыб, праўдзівік” — так называе белы грыб мой дзядуля, указваючы на ядомасць і добры смак. “Уладар бору” ўражвае сваёй веліччу — грыбны цар, адным словам.Мілуюся з ранішнім сонцам, шукаю абітальнікаў бярозавага лесу. Буравата-чорная шапка сарамліва прыкрывае пухнатую ножку. Гэта падбярозавік. Ён у народзе носіць імя абабак, бабка, пухняк, бо мае вялікую шапку, быццам жанчынка з апетытнымі формамі ў капелюшы. Падбярозавік, кампанейскі таварыш, ніколі не расце адзін. Побач
PA070045_BНягледзячы на іней, што іскрыцца на ранішняй траве, мяне вабіць рознакаляровы восеньскі лес. Вітаюся з дрэвамі, што па-сяброўску працягваюць сваё вецце. Асцярожна абмінаю ўзоры ледзь бачнага павуціння. Нізка кланяюся першаму ўбачанаму баравічку. “Праўдзівы грыб, праўдзівік” — так называе белы грыб мой дзядуля, указваючы на ядомасць і добры смак. “Уладар бору” ўражвае сваёй веліччу — грыбны цар, адным словам.
Мілуюся з ранішнім сонцам, шукаю абітальнікаў бярозавага лесу. Буравата-чорная шапка сарамліва прыкрывае пухнатую ножку. Гэта падбярозавік. Ён у народзе носіць імя абабак, бабка, пухняк, бо мае вялікую шапку, быццам жанчынка з апетытнымі формамі ў капелюшы.
Падбярозавік, кампанейскі таварыш, ніколі не расце адзін. Побач з ім не толькі яго браты, але і чырвонагаловыя сваякі — падасінавікі (краснагаловікі, чырвонагаловікі). Сябры сядзяць на адной палянцы, толькі кожны пад сваім дрэвам: адзін пад бярозкаю, другі — пад асінкаю.
А вось і водарам Францыі запахла ў беларускім лесе — пад нагамі шаравата-белы шампіньён. Назву сваю атрымаў менавіта ў гэтай краіне (у перакладзе проста “грыб”). Для нашага чалавека заморская назва нязвыклая, і ён прыдумвае сваё трапнае найменне. Пячурка, пячорка, як гавораць людзі, вельмі смачная ў печаным выглядзе, асабліва, калі прыправіць яе маслам і вяршкамі…
Палянка, дзе раней было балота, адлівае сінню зарасніку брусніц (на жаль, ягады адышлі), побач — махавік. Яго заўсёды сустрэнеш на месцы мохавага балота, імшары. Таму другое імя грыба — імшарнік. І жоўта-бурая шапачка трапляе ў поўную ўжо пруцянку — кошык з прутоў.
Ядомыя грыбы хаваюцца пад шыгалле: лісце, мох, іголкі. А казлякі (дрэнныя, неядомыя) вытыркаюцца на паверхню. Гэта ўсемагчымыя паганкі. Пухоўкі, плюгаўкі, смердзюкі, сквернаўкі, замарашкі — якія толькі найменні не прыдумваюць людзі, каб выказаць адмоўныя адносіны да гэтых абітальніц лесу. Выдзяляецца сярод іх прыгажун мухамор. Не выказваючы хвалявання з-за сваёй ядавітасці, зіхаціць ён яркай вопраткай на паляне. Цікава, што назву мухамору дало выкарыстанне яго ў якасці патравы насякомых. Мелка нарэзаны грыб клалі ў малако. “Страва” гэтая пахам прываблівае мух і іншых крылатых гудзельнікаў, але з’яўляецца для іх атрутай.
…Дарога дадому заўсёды здаецца цяжэйшай. Асабліва апошнія крокі. Застаецца толькі перабраць грыбочкі: маладзенькія пасмажыць па-сялянску, а з паслякоў (старых, апошніх) зрабіць путунізку і засушыць, каб зімой цешыцца з грыбнога супчыку і з асалодай узгадваць сваё ціхае паляванне.
Алена МАРТЫНЕНКА
Фота Любові ГАРБАЦКАЙ

ГРЫБЫ СМАЖАНЫЯ ПА-СЯЛЯНСКУ

500 г свежых грыбоў, 2 цыбуліны, 2 бульбіны, 2 — 3 сталовыя лыжкі смятаны, 100 г сметанковага масла, соль, зеляніна.
Грыбы ачысціць, абліць кіпенем, прамыць, нарэзаць, выкласці на патэльню. Калі з грыбоў выпарыцца амаль ўся вадкасць, пакласці масла, дробна пакрышаную цыбулю і нарэзаную невялікімі кубікамі бульбу, дадаць соль і смажыць да гатоўнасці бульбы.
Перад падачай на стол пакласці смятану, прагрэць, пасыпаць дробна нарэзанай зеленню пятрушкі і кропу.

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей