Ці дойдзем мы да Беларусі, альбо Роздум аб лёсе роднай мовы

  • 3521
  • Алена Лагуновіч
Поделиться
Абрад “Пахаванне стралы” ў вёсцы Казацкія Балсуны З цікавасцю і ўдзячнасцю прачытала ў “ГП” артыкул Ірыны Чарнабай “Do you speek на роднай мове?” Гэта тэма даўно хвалюе мяне, журналіста з вялікім стажам работы ў друку. Большасць матэрыялаў я пісала менавіта на роднай мове. Але, калі выйшла на пенсію, усё радзей непасрэдна сутыкалася з ёй.І вось па прыкладу маладой калегі ўвяла і для сябе тыдзень беларускай мовы. Давялося адчуць рознае: і ўсмешкі, і насмешкі, непаразуменне і нават здзеклівыя кпіны. Так, у паліклініцы, лежачы пад кропельніцай, аб нечым спытала жанчыну з суседняга ложка. “НЯ знаю!” — знарок ламаючы язык, адказала яна. І столькі
IMG_1472_B
Абрад “Пахаванне стралы”
ў вёсцы Казацкія Балсуны
З цікавасцю і ўдзячнасцю прачытала ў “ГП” артыкул Ірыны Чарнабай “Do you speek на роднай мове?” Гэта тэма даўно хвалюе мяне, журналіста з вялікім стажам работы ў друку. Большасць матэрыялаў я пісала менавіта на роднай мове. Але, калі выйшла на пенсію, усё радзей непасрэдна сутыкалася з ёй.

І вось па прыкладу маладой калегі ўвяла і для сябе тыдзень беларускай мовы. Давялося адчуць рознае: і ўсмешкі, і насмешкі, непаразуменне і нават здзеклівыя кпіны. Так, у паліклініцы, лежачы пад кропельніцай, аб нечым спытала жанчыну з суседняга ложка. “НЯ знаю!” — знарок ламаючы язык, адказала яна. І столькі грэблівасці, пагарды прагучала ў яе двух словах, што я нават атарапела. Ды дыспутаваць было неяк няёмка — не тыя абставіны. І ці ж адна яна такая?
Аўтар усхваляваўшага мяне артыкула ўзгадала пра апошні прыжыццёвы ліст Якуба Коласа, якога абурала катастрафічнае становішча з роднай мовай. Прывяду толькі адну вытрымку: “Моладзь, падрастаючы, пачала ўжо нігілістычна ставіцца да мовы: нашто яе вывучаць, калі яна не мае практычнага значэння”.
І сёння, праз паўвекавы адрэзак часу, гэтыя словы гучаць па-ранейшаму актуальна. Ды і што ўжо гаварыць пра моладзь, калі ўрадавыя і іншыя паперы пішуцца, выступленні на розных узроўнях вядуцца на рускай мове, калі пераважная большасць насельніцтва не валодае і не жадае валодаць роднай мовай. Маўляў, руская ж мова ў нас таксама дзяржаўная. І ніхто не хоча зразумець, што з-за гістарычнай несправядлівасці ці, па выразу Уладзіміра Караткевіча, “па з’едлівай волі багоў”, руская і беларуская мовы апынуліся зусім у розных вагавых катэгорыях.
Між тым, мова — душа народа. І тут хочацца нагадаць словы другога народнага песняра Янкі Купалы: “Гэта душа душы беларуса — мова зраслася з ім, як зрастаецца са сваім коранем дрэва. Падкапайце яго, абсячыце дазвання яго корань — дрэва засохне, перастане жыць”. Купала сцвярджаў, што вырачыся роднага слова — тое ж самае, як вырачыся роднай маці. І ачуняць, глянуць па-арлінаму смела, на думку песняра, мы зможам толькі тады, калі пад кожнай страхой, кожным дахам зойме пачэснае месца наша родная беларуская кніжка.
Дык што ж мы зрабілі, што мы робім, здраджваючы сваім продкам, упадабляючыся манкуртам, Іванам без роду і племені? На вялікі жаль, мы рэдка задумваемся пра свае карані. А, магчыма, каб задумваліся, былі б болей памятлівымі, болей абачнымі і адказнымі, з большай цеплынёй ставіліся да людзей, што пакінулі нам вялікую спадчыну — нашу мову.
Дзеля справядлівасці адзначу, што ў апошні час усё ж адбываюцца станоўчыя зрухі. Вось і ў Хойніках нядаўна праходзіла свята — Дзень беларускага пісьменства. І, як трапна адзначыў старшыня аблвыканкама Аляксандр Якабсон з гэтай нагоды, “нешта таямнічае і святое пакладзена ў аснову свята, бо яшчэ з часоў Еўфрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага, Францыска Скарыны і Васіля Цяпінскага беларуская кніга ўшаноўвалася, аберагалася, як бясцэнны дар”.
Ці не пра гэта гаварыў Янка Купала?
У час свайго тыдня гутарыла з сяброўкай — мінскай журналісткай. “А чаму толькі тыдзень, а не ўвесь час? — здзівілася яна. — На мой погляд, пры ўсіх абставінах трэба размаўляць па-беларуску. Не хвалюйся, цябе зразумеюць. Можа нехта і скрывіцца, але зразумее. Пачынаць трэба з сябе”.
І сапраўды, сустракалася я і з паразуменнем, асабліва з боку моладзі. Можа таму, што ў грамадскім транспарце размаўляла больш са студэнтамі? Гэтаму радавалася. І адначасова горка ўспамінала, як ад рукі такіх жа бязвусых у далёкія ўжо 60-я трагічна загінуў у Мінску наш аднакурснік Ігар Хадановіч. За тое, што размаўляў на роднай мове. Некалькім бязглуздым бэйбусам — не магу іх назваць інакш — гэта аднойчы не спадабалася.
Калі Ігар выйшаў пасля размовы з тэлефоннай кабіны, яго акружылі. Пачалася лаянка, кпіны, здзекі, якія скончыліся… смерцю Ігара — светлага цнатлівага юнака з дапытлівым розумам.
“За вакном дождж” — ягоная першая і апошняя, пасмяротная кніга, якую сабралі і выдалі сябры і з якой бачна, як пісаў у прадмове вядомы паэт Анатоль Вярцінскі, што “ў асобе Ігара Хадановіча ішоў у нашу літаратуру сапраўдны талент”.
А колькі беларускіх талентаў бязвінна загінула ў час рэпрэсій 30-х гадоў мінулага стагоддзя! Іх творы, як сонечныя промні, дагэтуль асвятляюць наша жыццё. Гэту светлыню і сёння ўбіраюць душы лепшых прадстаўнікоў моладзі.
У гэтым пераканалася, калі ў рамках Дня беларускага пісьменства давялося выступіць перад навучэнцамі ліцэя ў гомельскай бібліятэцы імя Івана Мележа. І, паверыце, у час выступлення бачыла не толькі зацікаўленыя твары, але агеньчыкі паразумення і згоды ў вачах. Значыцца, засталася цяга да беларускай мовы, паэтычнага слова. Слова беларускае будзе жыць у народзе, у творах і вершах пісьменнікаў і паэтаў — “сумлення нацыі”.
“Трапяткая і сіняя, як васілёк, і гарачая, як прамень” — так назваў родную мову наш таленавіты пісьменнік і паэт, непераўзыдзены рамантык Уладзімір Караткевіч, 80-гадовы юбілей якога мы хутка адзначым. Да самага свайго апошняга дня ён быў гарачым і ваяўнічым барацьбітом за чыстае народнае беларускае слова.
Сёння на роднай мове пішуць многія слынныя паэты і пісьменнікі — сталыя і маладыя. Гэта дзякуючы ім, беззапаветна ўлюбёным у мілагучнае беларускае слова, яно працягвае віраваць, падобна чысцюткай крыніцы, зноў і зноў напаўняцца жыватворнай вадой жыцця.
Але ж, але ж… Да спаўнення спадзяванняў Янкі Купалы мы яшчэ не дажылі. Яшчэ не часта гучыць мова на вуліцах, у грамадскіх месцах, аўдыторыях і офісах, яшчэ не пад кожным дахам ёсць добрая беларуская кніжка. Шкада…
І ўсё ж такі закончыць хочацца на аптымістычнай ноце. А менавіта словамі карыфея  беларускай паэзіі Ніла Гілевіча:
Равуць вятры, грымяць грамы,
пыл засціць вочы нам і ўсё ж,
І ўсё ж мы дойдзем,
дойдзем мы да Беларусі!

Алена Лагуновіч,
член Беларускага
саюза журналістаў

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей