Вандроўка восьмая. Стрэнькі: жывы, здаровенькі!

  • 4139
  • Гомельская правда
Поделиться
Злева — муж і жонка Ткачовы, Канстанцін Ражкоў справа — Наталля Старавойтава і Валянціна Кіпценка ў экамузеі “Беларуская лялька” Марозным снежаньскім днём рушыла я ў гэтую вёсачку непадалёк ад Рагачова. І не прагадала: бы ля вогнішча ў купальскую ноч пасядзела. Адцепліла душу пад шчырыя згадкі пра былое гэтай зямлі, якімі падзяліліся прадстаўнікі калектыву Стрэнькаўскага раённага цэнтра рамёстваў. Так-так, я не памылілася. Вясковы цэнтр — у рангу раённага. І гэта адзнака адметнасці вёскі, пра якую ўжо ведаюць далёка за межамі Беларусі. Упершыню я сустрэла стрэнькаўскіх жанок на Славянскім полі, ля манумента Дружбы: разам з прадстаўнікамі Расіі і Украіны яны прэзентавалі свае непаўторныя вырабы ў горадзе майстроў. Такіх
PC157675
Злева — муж і жонка Ткачовы, Канстанцін Ражкоў справа — Наталля Старавойтава і Валянціна Кіпценка ў экамузеі “Беларуская лялька”
Марозным снежаньскім днём рушыла я ў гэтую вёсачку непадалёк ад Рагачова. І не прагадала: бы ля вогнішча ў купальскую ноч пасядзела. Адцепліла душу пад шчырыя згадкі пра былое гэтай зямлі, якімі падзяліліся прадстаўнікі калектыву Стрэнькаўскага раённага цэнтра рамёстваў. Так-так, я не памылілася. Вясковы цэнтр — у рангу раённага. І гэта адзнака адметнасці вёскі, пра якую ўжо ведаюць далёка за межамі Беларусі. Упершыню я сустрэла стрэнькаўскіх жанок на Славянскім полі, ля манумента Дружбы: разам з прадстаўнікамі Расіі і Украіны яны прэзентавалі свае непаўторныя вырабы ў горадзе майстроў. Такіх саламяных лялек амаль у рост чалавека яшчэ нідзе не даводзілася сустракаць. Запала ў сэрца і назва вёскі — Стрэнькі. Шчырая, задушэўная, меладычная. Яна нібы сімвалізуе стрэчу. Кажуць старажылы, што колісь Кацярына II ехала гэтымі землямі. Там, дзе цяпер Гадзілавічы, дрэнна стрэлі яе халопы, негасцінна. А вось у Стрэньках — са ўсёй уласцівай народу беларускаму шчодрасцю. Таму і ўвасоблена гэта ў назве селішча. Фактычна Стрэнькі ўтварыліся ад зліцця вуліц з вёскай-суседкай Калатоўкай. Да Вялікай Айчыннай вайны тут было 118 двароў, 430 жыхароў. А паколькі размешчаны населены пункт на шляху на Бабруйск, у лютым 1944-га вельмі горача было тут: войскам правага крыла Першага Беларускага фронта супрацьстаяла 9-я варожая армія групы “Цэнтр”. Аднак, нягледзячы на вогненную ваенную стыхію і розныя іншыя паваротныя моманты гісторыі, вёска вытрымала. Сёння тут 625 жыхароў, з іх 380 працаздольнага ўзросту. Сказваецца, безумоўна, блізкасць да райцэнтра: многія шыбуюць туды на працу — маршруткі штогадзіну злучаюць Стрэнькі з Рагачовам. Добры знак года сыходзячага ў тым, што васьмёра дзетак нарадзілася ў вёсцы. Прычым пяць — дзяўчынак. Як даўней казалі — да міру! І каб раслі дзеткі здаровенькімі, паслухмянымі, працавітымі, па даўняму стрэнькаўскаму звычаю ім у калыскі лялькі-абярэгі паклалі. А па калідоры раённага цэнтра рамёстваў мы прайшлі з малодшым навуковым супрацоўнікам цэнтра Наталляй Старавойтавай, бы па вуліцы стрэнькаўскай у час розных святаў беларускага народнага календара пашпацыравалі. Можаце ўявіць, наколькі гэта незвычайны калідор, сцены якога — поры года, таленавіта расквечаныя фотаздымкамі вясковых пейзажаў, лялькамі-абярэгамі, прадметамі побыту, дзівосамі з саломкі, гліны і дрэва. Гэтыя сцены настолькі адухоўленыя таленавітымі работамі, што, здаецца, спяваюць! У цэнтры школьнікі вучацца вырабляць цацкі з гліны, саломы, лазы, тканіны, дрэва, цеста пад кіраўніцтвам вопытных майстроў.
PC157662
Валянціна Кіпценка, дырэктар Стрэнькаўскага цэнтра рамёстваў
На Ражство ў Стрэньках прынята вешаць пад столь саламянага павука — сімвал шчасця. Робяць тут жанчыны ў гэты час і невялічкую ляльку, яна спрыяе дабрабыту. Цікава, што ў яе ўзнятыя рукі. “Калі яе дораць, то кажуць: не маркоцься і рук не апускай!” — сказалі мне стрэнькаўскія майстрыхі, уручаючы “свежаспечаную” прыгажуню. Праўда, адна акалічнасць — прыгажуня яна больш па сваіх уборах пярэстых, бо рысы твару такіх “берагінь” не малююць. Наконт гэтага такая філасофія продкаў: у ляльку без твару злы дух не ўселіцца і не нашкодзіць! Яшчэ адкрыццё зрабіла цікавае: у час шчадравання на Каляды ходзяць калядоўшчыкі не толькі з казою, а і з мядзведзем, такая тутэйшая асаблівасць. І калі рагатая дапамагае выгнаць нячысцікаў са двара, спрыяе добраму прыплоду ў гаспадарцы, шчодраму ўраджаю нівы, то мядзведзька выкарыстоўваецца як татэм, як дух-засцерагальнік. Стрэнькаўскія лялькі — шчырыя працаўніцы. Яны ездзяць з мясцовым вакальным калектывам па населеных пунктах, удзельнічаюць у абрадах. Старажылаў-перасяленцаў з чарнобыльскіх рэгіёнаў — кармянцаў, брагінцаў, хайнічан пабуджаюць падключыцца да працэсу. І тыя ў нетрах сваёй памяці такія дыяменты адкопваюць! “І ў нас лялек рабілі…” — згадваюць сівыя бабулі, зморшчанымі ад працы рукамі паказваюць свой майстар-клас. Мне ж яго правяла майстар-метадыст Вольга Ткачова прама ў экамузеі “Беларуская лялька”. Дзякуючы гэтай жанчыне спасцігала я мудрую філасофію свайго народа: “Продкі нашы лічылі, што дзіця да чатырох гадоў павінна гуляць з цёплай цацкай, каб не застудзіць душу. Гульня з лялькамі заахвочвалася: праз яе малеча далучалася да сямейнага быту, гаспадаркі. Мо таму, што гэта страчана, цяперашнія сем’і не такія моцныя? Каб жыццё дзіцяці не было колатым і рэзаным, жанкі ў працэсе вырабу лялек не выкарыстоўвалі нажніцы і іголкі”. Дрэва з лялькамі-мартынічкамі ўпрыгожвае гасцінны цэнтр рамёстваў. Цікава, што такія лялькі і ў малдаван, і ўкраінцаў ёсць. Яны вырабляюцца з белай тканіны, падвязваюцца чырвонымі ніткамі. Белы колер — сімвал сыходзячай зімы, чырвоны — знак вясны, гарачага сонейка. Дарэчы, заклікалі ў Стрэньках вясну і з дапамогай саламяных птушак уласнай вытворчасці. Жанчыны выходзілі з імі ў поле, прымаўлялі: “Прыдзі, вясна-красна!” А калі ўжо якой кабеце жывая птушка сядзе на плячо, быць той жанчынцы ўвесь год прыгожай і шчаслівай. А яшчэ і лялькі-вяснянкі выкарыстоўвалі для больш хуткай сустрэчы з вясною. Мяркуюць стрэнькаўцы, што такі падарунак паспрыяе цэлы год гаспадыні быць рухавай і прывабнай, ды і гаспадар — валадар такога абярэгу —жвавы і жыццярадасны 365 дзён! А на Купалле, лічыцца тут, не абысціся без Купаўкі. Гэтую прыгажуню, вырабленую з рознакаляровай мешкавіны, падпяразаную крыж-накрыж яркімі стужачкамі (яшчэ адна мясцовая адметнасць!), з міні-букецікамі лекавых раслін сплаўлялі па вадзе разам з купальскімі вяночкамі, каб забрала яна ўсе хваробы, беды і нястачу. Прашчуры цяперашніх стрэнькаўцаў, безумоўна, прадставілі б Пакосніцу. Ёй забаўляліся дзеці, пакуль бацькі працавалі на сенажаці. Лялька простая для вырабу, бо яна з траў лугавых, пераматаных накрыж, як я ўжо зазначала, чырвонымі ніткамі. Слухаючы выкладчыцу (не ніжэй!) курсу “Сямейна-бытавыя лялькі” Вольгу Ткачову, пацікавілася, якая лялька дапамагала ў сёлетняе засушлівае лета? PC157707— Сухавейка наша знакамітая! Ведаеце, яна нам і дапамагла дождж наклікаць, — падзялілася Вольга Дзмітрыеўна.— Робіцца лялька з тканіны колеру выпаленай сонцам зямлі. Ставілі яе продкі нашы ў кожным двары на працягу сямі дзён. Прычым на ручаняты прывязвалі гэтай ляльцы палосачкі тканіны, адбеленай на купальскай расе, па ліку дзён, якiя прайшлi. Калі дажджу не было, то на сёмы дзень сухавейцы прывязвалі яшчэ і вядзерцы сімвалічныя… А мая лялечка вельмі цудадзейнай атрымалася: тры матузкі падвесіла, і дождж лінуў! Зернавушак мясцовых я таксама пабачыла. Тоўсценькія лялькі-працаўніцы, абярэгі зерня. Падалося, што ў іх увасоблены жанчыны, якім давяралася зажынаць першы жытнёвы сноп. У мясцовай традыцыі яго ўпрыгожваць і ставіць у хаце ў чырвоны кут, ды і малаціць пачынаць з яго. Зярняткі тыя ў царкву неслі, асвячалі, а потым у невялічкі мяшэчак насыпалі, хустачкі павязвалі. Дзетвара ўсю зіму забаўлялася зернавушкамі. Пэўна б, я яшчэ доўга распытвала і саламяных спраў майстрыцу, дырэктара цэнтра Валянціну Кіпценку, і майстра разьбы па дрэве Ігара Ткачова пра іх каларытныя вырабы, што ўпрыгожваюць тутэйшую выставачную залу, калі б не бадзёрая мелодыя “Лявоніхі”, што загучала праз сцяну. Аказваецца, гэта карэнная стрэнькаўка Надзея Даманцэвіч, дырэктар сельскага Дома культуры, якой ўжо шосты дзясятак, расцягнула пяцірадны баян. Добра ўрэзала! — Такое суседства і творчы тандэм нам толькі спрыяюць, калі ладзім абрады, гасцей розных сустракаем, — расказаў Канстанцін Ражкоў, удзельнік фальклорнага калектыву. 11Ступілі мы праз парог, апынуліся ў Доме культуры, і Надзея Іванаўна песняй меладычнай прывітала. Заслухаешся! Вось дык супадзенне — два ў адным, маю на ўвазе талент культработніка. Феномен! — Ды ў нас род такі галасісты: мама мая, цётка Вера цудоўна спявалі, ды і дзед Федзя добра йграў на баяне і гармоніку, — падзялілася дырэктар. — А зараз я выступаю часта ў дуэце з дваюраднай сястрою Тамарай Кучаравай. Дзякаваць лёсу, і ўнучак мой Міколка скончыў школу музычную па класу акардэона. Жыве песня ў Стрэньках, не згубіцца ў часе. Дык хай жа мудрасць продкаў і надалей кіруе вёскай! З такой высновай пакідала я гэту невялікую кроплінку на карце Гомельшчыны. І хачу ўсім чытачам параіць: калі чакаюць вас у годзе новым, 2011-м, важныя сямейныя падзеі, завітайце ў Стрэнькі, зачарпніце з гэтай крыштальнай крыніцы вопыту народнага, і ўсё будзе ў вас па-людску!   Ірына Седлер, дырэктар раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра народнай творчасці: — Літаральна на кожны крок чалавечага жыцця існуюць лялькі-абярэгі! І гэта ўласціва практычна ўсім славянскім народам. А вытокі гэтай тэмы яшчэ з язычніцкіх часоў. У нас вырабам лялек займаліся жанчыны — засцерагалі сям’ю, мужа, дзяцей. Гэта і сёння прысутнічае, але ж, вядома, набывае больш сучасных адмецін. Згадаем шчадраванне каляднае, калі водзім гульневых лялек ці тых жа масленічных, якіх спальваем. Некалькі гадоў таму я пазнаёмілася з абярэгавымі лялькамі, прадстаўленымі ў час раённага свята “З народных крыніц”. І гэта тэма так зацікавіла! А тут яшчэ паспрыяла тое, што на Гомельшчыне рэалізоваўся сумесны праект ЕС і ПРААН “Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні”. Мы атрымалі грант і набылі неабходную для ганчарнай майстэрні печ для абпальвання гліны, а таксама абсталяванне для выставы. Ды аформілі яе не ў выглядзе стэлажоў, а сялянскай хаты. У ёй і размясціўся экамузей “Беларуская лялька”.
Тамара КРУЧЭНКА Фота аўтара i Вячаслава Сухадольскага
P.S. З 24 снежня стрэнькаўскiя лялькi можна ўбачыць на выставе ў музеi Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей