Лёс чалавека. Беспартыйная камуністка

  • 3369
Поделиться
Звычкі бываюць рознымі. Лідзія Кузьмінічна Скакун з вёскі Першамайск Рэчыцкага раёна не ўяўляе свайго жыцця без працы. У студзені жанчыне споўнілася 85 гадоў, а яна і зараз працуе ў гаспадарцы «Абарона краіны»— фуражырам і загадчыцай склада на ферме. Родам з вогненнай вёскі Нялёгкі лёс ў Лідзіі Скакун. Вайна, смерць блізкіх, горкі сірочы хлеб, праца ад цямна да цямна... Нарадзілася Лідзія Кузьмінічна і ўсё жыццё пражыла ў Кабылеве (у 1939 годзе вёску перайменавалі ў Першамайск). Аддаленую ад галоўных дарог (да Рэчыцы 37 кіламетраў) вёску з усіх бакоў акаляе лес. Прыгожа вакол. Сапраўдная партызанская вёска. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Лідзе было 14 гадоў — скончыла шэсць класаў. Бацька — камуніст і старшыня калгаса — пайшоў на фронт. Маці засталася адна з чатырма
Звычкі бываюць рознымі. Лідзія Кузьмінічна Скакун з вёскі Першамайск Рэчыцкага раёна не ўяўляе свайго жыцця без працы. У студзені жанчыне споўнілася 85 гадоў, а яна і зараз працуе ў гаспадарцы «Абарона краіны»— фуражырам і загадчыцай склада на ферме. Родам з вогненнай вёскі Нялёгкі лёс ў Лідзіі Скакун. Вайна, смерць блізкіх, горкі сірочы хлеб, праца ад цямна да цямна... Нарадзілася Лідзія Кузьмінічна і ўсё жыццё пражыла ў Кабылеве (у 1939 годзе вёску перайменавалі ў Першамайск). Аддаленую ад галоўных дарог (да Рэчыцы 37 кіламетраў) вёску з усіх бакоў акаляе лес. Прыгожа вакол. Сапраўдная партызанская вёска. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Лідзе было 14 гадоў — скончыла шэсць класаў. Бацька — камуніст і старшыня калгаса — пайшоў на фронт. Маці засталася адна з чатырма дзецьмі. У вёсцы нярэдка дыслацыраваліся партызаны. Да іх далучыліся і мясцовыя жыхары. У адказ на гэта ў студзені 1943 года ў Кабылева прыбыў атрад немцаў і паліцыі — больш за 200 чалавек. На працягу двух тыдняў фашысты здзекваліся з сялян, грабілі і палілі хаты, адбіралі жывёлу... Людзі не вытрымалі і разышліся па лясах. Некалькі месяцаў вёска пуставала, пакуль акупанты не загадалі вярнуцца. Інакш — смерць. Тым, хто паслухаецца, абяцалі спакойнае жыццё. Большасць жыхароў 13 мая вярнулася ў свае хаты. А 14-га немцы акружылі Кабылева, выставілі кулямёты. Пачалася жорсткая расправа. Мірных сялян расстрэльвалі, заганялі ў хаты і падпальвалі. Не шкадавалі нікога — ні старых, ні жанчын з маленькімі дзецьмі. Забілі каля 1200 чалавек, больш за 600 з іх — дзеці. Вялікая некалі вёска за адзін дзень пераўтварылася ў руіны, пакрылася магіламі. Фашысты расстралялі, а потым спалілі маці і двух братоў Лідзіі. Яна і малодшая сястра Ніна цудам засталіся жывымі. — Страх Гасподні што тады было, — успамінае Лідзія Кузьмінічна. — Ноччу мы прыйшлі з лесу дадому, а ўжо раніцай немцы прыехалі ў Кабылева. Вёска палае, а мы павыходзілі з хат і стаім. Падышоў немец. Каб яго задобрыць, маці паслала мяне за яйкамі. Таму я і жывая засталася. Вярнуцца да сваіх не паспела: агонь зусім блізка падышоў. Залезла ў хлеў і праз ушчыліны паглядваю на вуліцу. Падумала: хаты гараць, таму што там нікога няма. Немец мяне не забіў, дык ужо і хату чапаць не будзе. Дурная была. А тады бачу: і наш дом загарэўся. Выбегла на поле, схавалася там ды і заснула — у кажушку і босая. Пашанцавала і Ніне. Калі фашыст пачаў страляць па людзях, яна ўпала на маму, мёртвую. Дзяўчынку нават не паранілі. Немец падняў Ніну і стаў вадзіць з сабою па ўсёй вёсцы. А як пачалі людзей заганяць у хаты і падпальваць, хацеў туды і яе кінуць. Дзяўчына заплакала: «Пан, не трэба — мяне там заб’юць». Чамусьці ён пашкадаваў яе. Некаторы час жылі сёстры ў суседняй вёсцы ў дзядзькі. У 1944 годзе вярнулася Ліда ў родную вёску. Пабудавала зямлянку і стала жыць. Ніну ў дзіцячы дом забралі. Прыйшлі з вайны мужчыны, вярнуўся і Лідзін бацька, паранены. Сталі будаваць хаты — Першамайск паступова адраджаўся. У 1959 годзе тут жыло ўжо больш за 600 чалавек. Зараз жа вядомая з XVIII стагоддзя вёска (уваходзіла ў склад Рэчыцкага павета Мінскага ваяводста Вялікага Княства Літоўскага) паступова вымірае. Засталося ўсяго каля 90 сялян. «Як вырасла вёска, так і рассыпалася. Як той грыб», — кажа самая старэйшая жыхарка Лідзія Скакун.   Гаспадыня фермы 68 гадоў аддала сельскай гаспадарцы Лідзія Скакун. Пайшла ў калгас працаваць яшчэ ў 1944 годзе, у 17 гадоў. Цяжка было, успамінае Лідзія Кузьмінічна. І сеяла, і касіла, і плуг цягала... «Усё рабіла: дужая была, рослая...» — Не было ў мяне ні дзяцінства, ні маладосці, — расказвае Лідзія Кузьмінічна. — Вайна ўсё праклятая забрала. У 18 гадоў пайшла замуж. Жылі ў маленькай хатцы ўсе разам: дзед з бабай, свёкар са свякрухай і я з мужам і дзецьмі. Хату сваю пабудавалі толькі ў 1956-м. Да сённяшняга дня працуе Лідзія Кузьмінічна ў родным калгасе. Рабіла паляводам, потым на малочнатаварнай ферме. «Колькі старшынь калгаса змянілася за гэты час?» — пытаю. «Напэўна, чалавек 20», — усміхаецца жанчына. Больш за 40 гадоў яна была брыгадзірам фермы гаспадаркі «Абарона краіны». — Мы па малаку заўсёды перадавыя былі. Ферма наша — адна з лепшых у вобласці. Больш за 700 кароў было. Малако ракой цякло, — з гонарам расказвае Лідзія Скакун. — На ВДНГ мяне нават пасылалі, прэміі розныя давалі. Нялёгка на зямлі працаваць. Уставала ў пяць гадзін, а дадому прыходзіла, калі ўжо цёмна было. Амаль што, прызнаецца, і не спала. Прыходзілася рабіць і за ветурача, і за заатэхніка, і за загадчыцу, і за кладаўшчыка, і за фуражыра. А колькі надаіла за сваё жыццё! З усім спраўлялася, таму што працаваць любіла. Сапраўднай гаспадыняй на ферме была. Таму яе і цанілі, і паважалі. Зараз, вядома, працаваць лягчэй. Тэхніка дапамагае. Раздатчыкі з’явіліся, а раней кармы на вазах развозілі, секачамі секлі... Скончыла Лідзія Скакун завочна Рэчыцкі зоаветэрынарны технікум — заатэхнічнае аддзяленне. — Калі вучыцца пачала, пажылая была — больш за сорак гадоў. Дачка Ганна ўжо замуж пайшла, — успамінае жанчына. — Баялася, што экзамены не здам — шэсць класаў адукацыі ж толькі было. Але ўсё атрымалася. Любоў да сельскай працы, напэўна, у жанчыны ў крыві. Бацька яе доўгі час быў старшынёй калгаса «11 гадоў Кастрычніка». Маці таксама ў калгасе рабіла. «Яна, як і я, актывісткай была. У Хойнікі на злёт перадавікоў пешкі хадзіла». Лідзія Кузьмінічна так хацела працаваць, што нават пенсію не адразу аформіла. — Баялася, што, калі пенсію атрымаю, мяне з работы выганяць. А што ж я тады рабіць буду? Так і працавала амаль год, без пенсіі, — смяецца жанчына. — Пакуль старшыня сельсавета не прыехаў і розуму не навучыў. — Цяжкае ў мяне жыццё было, але я ім задаволена, — не скардзіцца на лёс Лідзія Скакун. — Задаволена, што ўвесь час у гаспадарцы адрабіла. Актывісткай была, камсамолкай. Толькі ў партыю не папала — беспартыйнай камуністкай была. Лідзія Кузьмінічна неаднаразова абіралася дэпутатам раённага і сельскага Саветаў, была членам праўлення калгаса «Абарона краіны». Узнагароджана зала­тым медалём Усесаюзнай сельска­гаспадарчай выстаўкі. Была занесена на раённую Дошку гонару. Яна і зараз актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці: член прафкама КСУП «Абарона краіны», таварыскага суда, савета пярвічнай ветэранскай арганізацыі. А колькі ў яе грамат! У тым ліку Вярхоўнага Савета БССР і Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР, Рэчыцкага райвыканкама. Вырасціла двух дзяцей. Дачка ў Рэчыцы медыкам працуе, а сын Валодзя застаўся ў роднай вёсцы — трактарыстам усё жыццё. У Лідзіі Кузьмінічны шасцёра ўнукаў і ўжо дзве праўнучкі. Жыве ў доме, які яшчэ ў 1956 годзе пабудавалі з мужам. Адна. «Ужо дзявяты год пайшоў, як дзед мой памёр». — Да 80 гадоў працавала брыгадзірам фермы. А потым падумала: дакуль жа можна? Трэба маладым дарогу даць. Тым больш што нага баліць: звязкі парвала, калі з лісапеты падала... Чаму працую да гэтага часу? Звычка ў мяне такая. А што сесці і смерці чакаць? Дык гэта ж жывы труп, а не чалавек. Не ўмею я так. А па-другое, працаваць на ферме няма каму. Маладыя, што прыязджаюць па накіраванні, не затрымліваюцца. Гады два папрацуюць і ў горад. Зараз на нашай ферме больш за 800 галоў маладняку. Брыгадзіра няма. Кожны дзень на ферму прыязджае галоўны заатэхнік гаспадаркі Валянціна Пырх. Добрая яна жанчына, баявая, працуе многа. Трэба ж ёй дапамагчы... Цяжка паверыць, што Лідзіі Скакун 85 гадоў. Яе аптымізму, энергіі, пачуццю гумару могуць пазайздросціць і маладыя. Жанчына яшчэ і сваю гаспадарку даглядае: парася, курэй. А зямлі — цэлы гектар. Апрацоўваць яе сельгаспрадпрыемства дапамагае. Да нядаўняга часу і карову трымала. Абаяльная вясковая жанчына выпраменьвае столькі любові да жыцця, што міжволі зараджае ёй і тых, хто побач. Дзякуй вам, Лідзія Кузьмінічна, і да сустрэчы на чарговым юбілеі!
Звычкі бываюць рознымі. Лідзія Кузьмінічна Скакун з вёскі Першамайск Рэчыцкага раёна не ўяўляе свайго жыцця без працы. У студзені жанчыне споўнілася 85 гадоў, а яна і зараз працуе ў гаспадарцы "Абарона краіны"— фуражырам і загадчыцай склада на ферме. Звычкі бываюць рознымі. Лідзія Кузьмінічна Скакун з вёскі Першамайск Рэчыцкага раёна не ўяўляе свайго жыцця без працы. У студзені жанчыне споўнілася 85 гадоў, а яна і зараз працуе ў гаспадарцы "Абарона краіны"— фуражырам і загадчыцай склада на ферме.

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей