Спадчына жыве не сама па сабе

  • 10821
  • Вадзім Лось, член прэзідыума абласнога савета таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры
Поделиться
З цікавасцю і заклапочанасцю прачытаў у «Гомельскай праўдзе» за 10 лістапада артыкул Наталлі Прыгодзіч «В панской усадьбе обитает скот». Хацеў бы падзяліцца сваімі назіраннямі і прапановамі.   Ці ёсць помнік? У большасці сваёй помнікі архітэктуры разбураюцца «прыродна». Гэта значыць, часам. На рамонт, ужо не кажучы аб рэстаўрацыі, патрэбны немалыя грошы. Але ж можна зрабіць хаця б часовую кансервацыю помніка, прыкласці ўсе намаганні для таго, каб прадоўжыць яго жыццё. А з месцазнаходжаннем і аховай яшчэ аднаго нашага нацыянальнага багацця — археалагічных помнікаў — увогуле катастрофа (на жаль, гэта праблема не толькі Гомельшчыны). У гарадах, у якіх маецца гарадзішча — сэрца старажытнарускага горада, будаўнікі пачынаюць капаць траншэі пад падмуркі будучых пабудоў, праводзяць інжынерныя камунікацыі
З цікавасцю і заклапочанасцю прачытаў у «Гомельскай праўдзе» за 10 лістапада артыкул Наталлі Прыгодзіч «В панской усадьбе обитает скот». Хацеў бы падзяліцца сваімі назіраннямі і прапановамі.   Ці ёсць помнік? У большасці сваёй помнікі архітэктуры разбураюцца «прыродна». Гэта значыць, часам. На рамонт, ужо не кажучы аб рэстаўрацыі, патрэбны немалыя грошы. Але ж можна зрабіць хаця б часовую кансервацыю помніка, прыкласці ўсе намаганні для таго, каб прадоўжыць яго жыццё. А з месцазнаходжаннем і аховай яшчэ аднаго нашага нацыянальнага багацця — археалагічных помнікаў — увогуле катастрофа (на жаль, гэта праблема не толькі Гомельшчыны). У гарадах, у якіх маецца гарадзішча — сэрца старажытнарускага горада, будаўнікі пачынаюць капаць траншэі пад падмуркі будучых пабудоў, праводзяць інжынерныя камунікацыі без першапачатковага даследавання археолагамі. У выніку мы губляем шмат каштоўных і цікавых для гісторыі звестак.
Археалагічныя помнікі вельмі часта «схаваны» не толькі ад погляду звычайнага чалавека, але і спецыяліста-археолага. Большасць такіх помнікаў на тэрыторыі вобласці было знойдзена, зафіксавана і ўнесена ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей у 1970 — 1980-я гады. Лічыце, колькі часу прайшло з таго моманту да нашых дзён? Многія спецыялісты раённых аддзелаў культуры, каб хутчэй распрацаваць і зацвердзіць рэгіянальныя праграмы па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, уключалі такія аб’екты ў новы спіс фармальна, не праводзячы аб’езду археалагічных помнікаў і не фіксуючы ступень іх захаванасці, пашкоджання, разбурэння. Крыўдна за тых уласнікаў зямлі, якія падпісалі ахоўныя абавязкі, не ведаючы, дзе знаходзяцца помнікі і ўвогуле ці існуюць яны.   Прыклад для іншых На тэрыторыі Гомельшчыны добраахвотны крок у захаванні помнікаў археалогіі быў зроблены амаль пяць гадоў назад у Лоеўскім раёне. Лоеўскі аддзел культуры скарыстаўся добрай магчымасцю супрацоўніцтва са спецыялістамі. Пачынаючы з 1996 года на тэрыторыі раёна працуе археалагічная экспедыцыя ГДУ імя Ф. Скарыны пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук, дацэнта, археолага Алега Макушнікава. Супрацоўнікі музея бітвы за Днепр, на якіх мясцовы аддзел культуры ўсклаў абавязкі па правядзенні работ па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны, сумесна з археолагамі распрацавалі план дзеянняў. Кожны год летам, у час правядзення археалагічнай экспедыцыі, робіцца маніторынг помнікаў археалогіі. Падчас аб’езду фіксуецца ступень захаванасці аб’ектаў, пашкоджанняў іх, наяўнасці ахоўных знакаў. Калі некалькі гадоў назад за захаванасць помнікаў адказвалі сельвыканкамы, то зараз аб’екты размеркаваны сярод землекарыстальнікаў, на тэрыторыі якіх знаходзяцца. Дарэчы, дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Лоеўскага раёна крыху «схуднеў», не было лакалізавана некалькі балотных гарадзішчаў. Магчыма, яны былі згублены ў 1980-я гады, калі тут праводзілася меліярацыя ці масава разворваліся землі. У любым выпадку гэтыя помнікі ўжо не існуюць, але ёсць новыя, знойдзеныя ў апошнія гады.
Наогул, дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей любога раёна можа быць амаль напалову большым, бо не ўсе помнікі ў яго трапілі. Для таго, каб іх уключылі ў гэты спіс, неабходна падрыхтаваць гістарычныя даведкі, пашпарты, а затым накіраваць дакументы ў Міністэрства культуры. Супрацоўнікі Лоеўскага музея бітвы за Днепр гэтым займаюцца пастаянна.   Яшчэ раз аб «чорных археолагах» Адна з праблем археалагічных аб’ектаў — іх пашкоджанне і крадзёж ахоўных знакаў мясцовымі жыхарамі і «чорнымі археолагамі». Апошнія, узброіўшыся металадэтэктарамі і грунтоўнымі ведамі аб месцазнахо-джанні помнікаў, руйнуюць іх. Многія знойдзеныя рэчы ў матэрыяльным плане нічога не каштуюць, для гісторыі ж могуць стаць сапраўднай скарбонкай ведаў аб далёкім часе, занятках людзей, іх культуры... Не сакрэт, што «чорныя археолагі» пачалі актыўна здабываць не толькі артэфакты, але і зброю часоў Вялікай Айчыннай вайны. Застаецца толькі здагадвацца, для чаго яны робяць гэта і што са зброяй адбываецца.   Турызм і трактарысты-эканамісты
Трывогу выклікае захаванасць вядомага далёка за межамі нашай краіны Мохаўскага археалагічнага комплексу Лоеўскага раёна («ГП» пісала аб ім 23 чэрвеня 2009 г.), дзе знаходзіцца шмат розначасовых помнікаў, у тым ліку самы вялікі на тэрыторыі Беларусі сярэдневяковы курганны могільнік. Тры гады запар на яго «налятаюць» чорныя капальнікі. Гэта ўнікальны помнік для ўсёй усходнеславянскай гісторыі; таксама і на гэтых землях праходзіла станаўленне дзяржаўнасці Старажытнай Русі. Месца магло б стаць сапраўднай Меккай для турыстаў. Тым больш, што побач, у вёсцы Пярэдзелка, знаходзіцца архітэктурны помнік пачатку ХІХ стагоддзя — палацава-паркавы комплекс Бараноўскіх, уключаны ў Залатое кальцо Гомельшчыны. На Лоеўшчыне, як і па ўсёй вобласці, ёсць яшчэ адна маштабная праблема — знішчэнне археалагічных аб’ектаў кар’ерамі. Гэтым летам мне давялося быць сведкам таго, як тэхніка КСУП «Каўпень-Агра» Лоеўскага раёна зрабіла несанкцыяніраваны кар’ер каля вёскі Мохаў у надпоймавай тэрасе. Нагадаю: у нашай рэспубліцы любая работа на зямлі павінна весціся з дазволу прадстаўнікоў дзяржструктур. Як высветлілася, пясок два трактары з прычэпамі вывозілі на падсыпку дарогі, што вядзе на сенажаць. На маю заўвагу трактарысты адказалі: «А тут жа ахоўнага знака няма!» Відаць, хацелі сэканоміць паліва, якое патрэбна было затраціць на дарогу да санкцыяніраванага кар’ера за паўтара кіламетра ў другі бок вёскі.
Далейшы вываз пяску быў спынены толькі пасля тэлефоннага званка дырэктару сельскагаспадарчага прадпрыемства. На маю думку, Лоеўскаму райвыканкаму трэба было б узяць пад асаблівы кантроль паласу дняпроўскай тэрасы, якая цягнецца ад вёскі Пярэдзелка да Лоева. На гэтым адрэзку знаходзіцца россып розначасовых, яшчэ не ўлічаных археалагічных помнікаў.   Краязнаўцы і гісторыкі Канешне, на кожным аб’екце не паставіш вартавога, у раёнах павінны быць дзяржаўныя інспектары, якія адказвалі б за захаванасць археалагічных помнікаў. Уладальнікам зямлі добра было б знайсці сярод мясцовых жыхароў людзей, якія маглі б хутка паведаміць у аддзел культуры ці ў міліцыю аб незвычайных «капачах» з «шукалкай» у руках, аб несанкцыяніраваных зямельных работах на помніках. Наконт інспектараў. Будзем спадзявацца, што ў 2015 годзе пытанне ў адсутнасці такіх спецыялістаў у вобласці будзе знята. З 2010 года на гістарычным факультэце ГДУ імя Ф. Скарыны пачалася падрыхтоўка па новай спецыяльнасці: музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны. А мясцовым аддзелам культуры, на мой погляд, трэба смялей звяртацца за дапамогай да края-знаўцаў. Ніколькі не хачу пакрыўдзіць калег-гісторыкаў, але вельмі часта краязнаўцы валодаюць большай інфармацыяй, чым гісторыкі. У іх прыватных калекцыях захоўваецца шмат дагэтуль невядомых унікальных дакументаў і фактаў па гісторыі той ці іншай мясцовасці. І апошняе. Многім даводзілася бачыць: пры рамонтных работах на будынках, што адносяцца да помнікаў архітэктуры, часта ставяць белыя пластыкавыя вокны. А яны ж не толькі не адпавядаюць праектам, але і ніяк не «ўпісваюцца» нават па колеру. Хацелася, каб архітэктурныя службы раёнаў з большай прынцыповасцю падыходзілі да гэтага пытання. Што датычыцца Гомеля, на мой погляд, пільнай увагі з боку грамадскасці, падтрымкі адказных людзей і рэалізацыі патрабуе праект краязнаўца і гісторыка Яўгена Малікава па стварэнні ў абласным цэнтры Старога горада.

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей