Вандроўка дванаццатая: Васілевічы

  • 4427
Поделиться
Аказваецца, Васілевічы ёсць не толькі на рэчыцкай зямлі. Ёсць яны і ў глыбінцы Жлобінскага раёна. Вёска непадалёк ад Бярэзіны. З яе ваколіц добра праглядваюцца трубы кацельняў Светлагорска, які знаходзіцца літаральна насупраць. А яшчэ каля жлобінскіх Васілевічаў нафтавае радовішча «Бярэзінка», тут здабываюць чорнае золата. А адправілася я ў гэты запаведны куточак якраз у пару, калі мясцовыя жыхары завяршалі капаць сваё асабістае «золата» — бульбачку. Яна ў перыяд крызісу — найдаражэйшы скарб. Таму многіх і застала на агародах, каля сядзіб, якіх ужо не густа. Зараз усяго 29 жывых хацін, 36 жыхароў. Пенсіянеры. Старэйшай з іх — Лявонціі Яўменавай — 96 гадоў. Думала, што застану бабулю
Аказваецца, Васілевічы ёсць не толькі на рэчыцкай зямлі. Ёсць яны і ў глыбінцы Жлобінскага раёна. Вёска непадалёк ад Бярэзіны. З яе ваколіц добра праглядваюцца трубы кацельняў Светлагорска, які знаходзіцца літаральна насупраць. А яшчэ каля жлобінскіх Васілевічаў нафтавае радовішча «Бярэзінка», тут здабываюць чорнае золата. А адправілася я ў гэты запаведны куточак якраз у пару, калі мясцовыя жыхары завяршалі капаць сваё асабістае «золата» — бульбачку. Яна ў перыяд крызісу — найдаражэйшы скарб. Таму многіх і застала на агародах, каля сядзіб, якіх ужо не густа. Зараз усяго 29 жывых хацін, 36 жыхароў. Пенсіянеры. Старэйшай з іх — Лявонціі Яўменавай — 96 гадоў. Думала, што застану бабулю дома. Ды дзе там! «Коз пагнала на выпас», — сказала дачка-пенсіянерка, якая прыехала са Светлагорска даглядаць матулю.

Перад Вялікай Айчыннай вайной у Васілевічах было 227 двароў, жыло 920 чалавек

Шчыра кажучы, было жаданне сустрэць старую апладысментамі: ішла, абапіраючыся на кіёк, гнала вывадак коз. Тыя падпарадкоўваліся бездакорна! Прысела каля хаты, згадала мінуўшчыну. — Колісь вёска наша вялікая была, хата на хаце, — расказала бабуля. — Міколу вясновага спраўлялі, прастольнае свята, у царкву ў Слабаду хадзілі. Вышывалі, ткалі. Калі немец прыйшоў, мне 26 гадоў было. Маці неўзабаве памерла. А нас шэсць дзевак, сёмы — брат. Ён на фронце загінуў. Мужык мой быў кавалерыстам, да Германіі дайшоў. Вярнуўся з параненай правай рукою. Працавалі мы ўдвох з ім у калгасе. Ён быў разнарабочым, пастухом, а я ўвесь час у паляводстве. Цяпер ужо няма ў мяне сілачкі, цяжка жыць старому. Нават мянушкі козак сваіх забыла...
Ад бабулі Лявонціі даведалася я, што непадалёк ад вёскі былі балоты. Іх высцілалі жэрдкамі, рабілі гаць. Людзі жылі тут заўжды дружна, мелі вялікія сем’і. Цяпер няма ні малечы, ні падлеткаў. Дзеці з унукамі толькі наязджаюць, калі трэба пасадзіць агароды, а потым сабраць ураджай ці свінчо забіць. Такая доля вёскі ў глыбінцы. А назву сваю яна атрымала па імені першага жыхара — Васіля, які перайшоў грэблю і асеў тут. Цяпер мужчын з такім імем тут двое (у аднаго мянушка Пушкін — вельмі зарос). Але ж ёсць і такая адметнасць у мясцовых жыхароў — васільковага колеру вочы (ці не па такой версіі вёска названа?). А жанкі тутэйшыя аб’ядналіся ў ансамбль «Васілевіцкія весялухі», і сябе, і суседзяў радуюць песнямі. Народнымі, з глыбінь сэрца. Да спявачак і накіравалася разам з кіраўніком калектыву дабразычлівай і сардэчнай Марыяй Філіпчанка. У дыхтоўным доме 75-гадовай Надзеі Губа, увішнай, хуткай і ў працы, і ў вышыўцы, слухалі пранізлівыя спевы гаспадыні:

Як пайшла замуж я Ў чужую старану, У чужую старану, У вялікую сям’ю...

Здавалася, песні цесна ў грудзях, — столькі ў ёй смутку і перажывання за несправядлівыя дакоры свёкра і свякроўкі, якія раюць свайму сыну біць жонку. А тая выпадкова падслухала іх гаворку і адказ суджанага:

Ой, за што ж я буду біць, Калі ўмее ўсё рабіць? Як пашыць, як памыць, Як з людзьмі пагаварыць.

Мне падумалася, што сама спявачка Надзея Яфімаўна адпавядае гэтай характарыстыцы. У доме каб дзе пылінка, усё ўпрыгожана ўласнаручнымі вышыўкамі. Прасторна, светла, і сапраўды душа спявае! Ці не таму менавіта тут і збіраюцца спявачкі на свае рэпетыцыі. Жвавая гаспадыня і без мужа зараз спраўляецца гектар зямлі дагледзець, жыўнасць. Складана было сабраць усіх спявачак, бо Кацярына Журава, Марыя Пазняк, Алена Лявоненка, Марыя Коваль займаліся восеньскімі нарыхтоўкамі бульбы. Але ж яшчэ дзвюх удалося паслухаць.
Валянціна Гаўрыленка прызналася: «Маленства згадваць не хочацца. Мы гаравалі. Нічога не было. Мама родам з Васілевічаў, замуж пайшла ў вёску Ляды. Голадна пасля вайны. Гнілую бульбу збіралі. І шчыра кажучы, кралі, каб пасеяць. Аднаго разу я не змагла з ношкай цераз канаву перабрацца — бульба за спіною пацягнула мяне назад. А маці аж да хвойніка дайшла, тады толькі азірнулася. Я плёхаюся ў вадзе, а ношка душыць... Бацька памёр, калі мне сем гадкоў было... З гэтага часу я і працавала, дапамагала ва ўсіх сялянскіх клопатах. Потым чвэрць стагоддзя даяркай, дзевяць гадоў на хімзаводзе ў Светлагорску. А як на пенсію ў сорак пяць пайшла, зноў на ферму вярнулася, каровак даіла».

Цёмна хмарка наступае, Сястра з братам размаўляе: «Ой, ты, братка, сакалочак, Прымі мяне на зімоўку...» «Ой, сястрыца-перапёлка, У цябе дзетак чацвяронька, Як ты сядзеш абедаці, Так я вышлю дзетак з хаты: Йдзіце, йдзіце, дзеткі, з хаты, Дзядзька будзе абедаці, Не так дзядзька, як дзядзіна, Злая, чорна, як гадзіна...»

А вось 75-гадовая ўдзельніца ансамбля Аляксандра Гаўрыленка, ураджэнка Стрэшына, у пенсійным веку забрала жыць да сябе свайго роднага брата Анатоля. Ад жонкі, якая здзеквалася над інвалідам. Вось так пераплятаюцца ў васіляўчанак жыццёвыя сюжэты і песенныя...Дарэчы, у Аляксандры Уладзіміраўны і яе брата карані... чэшскія. — Колісь майго дзеда як выдатнага спецыяліста выпісалі з Чэхіі ў Стрэшын майстрам лесу. Ён прыехаў са сваім сынам, які ажаніўся і стаў маім бацькам. Другога сына дзед пакінуў на радзіме. Так што браты мае дваюрадныя жывуць у прыгарадзе Прагі. Гады са два таму назад яны прыязджалі. Адзін працуе на прадпрыемстве, другі займаецца прадпрымальніцтвам. А нас пяцёра ў бацькоў нарадзілася. Сястра Ніна і брат Саша памерлі ад пераахалоджвання ў вайну, калі ў куранях хаваліся. Мама пайшла на той свет у 49-гадовым узросце. А я за васілевіцкага Аляксея замуж выйшла. Мы з ім, дарэчы, два гады пажылі ў другіх Васілевічах, Рэчыцкага раёна. Здаецца, што ўвесь век вышываю і спяваю. Не дзіва, што ў Аляксандры Гаўрыленкі гэта цудоўна атрымліваецца — генетычна закладзена. Да таго ж яна і культасветвучылішча магілёўскае скончыла, адпрацавала 35 гадоў загадчыцай сельскага клуба. Была ініцыятарам шматлікіх цікавых задум, канцэртаў, свят. Моладзь у ваколіцах не сумавала, падключалася да падрыхтоўкі вясковых урачыстасцей. Здаровы культурны быт мацаваў сем’і. Нездарма на 75-годдзе гэтай «васілевіцкай весялухі» прыязджалі і старшыня сельвыканкама, і кіраўнік гаспадаркі, і работнікі раённага аддзела культуры. Ганаровым дыпломам Уладзіміраўна ўзнагароджана. Вісіць у святліцы на самым пачэсным месцы.

Деревенька моя Средь лесов затерялась. Ни дорог, ни домов, Только имя осталось... Но никак не смирюсь В своих снах и частенько Я назад оглянусь — Оживет деревенька...

— выводзіць бы насуперак лёсу сваёй вёскі спявачка з Васілевічаў.

Фота:

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей