Вандроўка адзінаццатая: Іскра

  • 2679
  • Гомельская правда
Поделиться
Даўно не была на Чачэр­шчыне. А калі даведалася, што ёсць тут невялікая вёсачка з такой яркай назвай, рушыла ў чарговую вандроўку. Іскра на адлегласці каля 30 кіламетраў ад райцэнтра і ў 18 ад Доўска, што на Рагачоўшчыне. Свой век адлічвае з 1929 года, калі мясцовыя хутары з’ядноўваліся ў калектыўныя гаспадаркі. Таму і назву селішча атрымала па тым часе прагрэсіўную, сугучную са знакамітым ленінскім выданнем. Зараз гэта вёска ў Меркулавіцкім сельсавеце з ліку неперспектыўных. Хаця, як кажуць, з якога боку пагля­дзець… На вуліцы Піянерскай незнарок вылучыла насупраць старога саду дыхтоўны дом з шыльдай “Аграсядзіба “Пчаліны рай”. Аказалася, што гэты і сапраўды рай створаны працавітай сям’ёй Казловых. 39-гадовыя Уладзімір
Даўно не была на Чачэр­шчыне. А калі даведалася, што ёсць тут невялікая вёсачка з такой яркай назвай, рушыла ў чарговую вандроўку. Іскра на адлегласці каля 30 кіламетраў ад райцэнтра і ў 18 ад Доўска, што на Рагачоўшчыне. Свой век адлічвае з 1929 года, калі мясцовыя хутары з’ядноўваліся ў калектыўныя гаспадаркі. Таму і назву селішча атрымала па тым часе прагрэсіўную, сугучную са знакамітым ленінскім выданнем. Зараз гэта вёска ў Меркулавіцкім сельсавеце з ліку неперспектыўных. Хаця, як кажуць, з якога боку пагля­дзець…
На вуліцы Піянерскай незнарок вылучыла насупраць старога саду дыхтоўны дом з шыльдай “Аграсядзіба “Пчаліны рай”. Аказалася, што гэты і сапраўды рай створаны працавітай сям’ёй Казловых. 39-гадовыя Уладзімір і Таццяна вырашылі адрадзіць дом, у якім колісь быў інтэрнат гаспадаркі. Занядбаны будынак давялося літаральна выдзіраць з непралазных зараснікаў здзічэлай травы і кустоў. Ад дома заставаліся толькі мураваныя сцены — усё драўлянае начынне расцягнулі дачнікі і жыхары ваколіц. Так што можна паўнапраўна казаць, што Казловы “вылепілі” сваю сядзібу ўласнаручна. Цэлы год шчыравалі, каб толькі ачысціць будаўнічую пляцоўку. — Шчыра кажучы, падштурхнуў нас да рашэння ўзяць і адра­дзіць гэту тэрыторыю намеснік старшыні райвыканкама Пётр Несцяровіч, — дзеліцца гаспадар сядзібы Уладзімір Казлоў. — Дапамаглі ў раёне з афармленнем дакументаў. Але ж час ставіць новыя праблемы, і фінансавыя, і дакументальныя. Значна даражэйшымі сталі будаўнічыя матэрыялы. Ды і папер на афармленне крэдытаў становіцца не менш, як ні круці, і тут ніякай вагі не мае твая бездакорная рэпутацыя ў банка. Ведаю, колькі людзей першапачаткова намерваліся брацца за такую ж справу, і іх адштурхоўвала “дакументальная калясніца”. Спачатку патрэбна нямала сродкаў, каб запусціць прадпрыемства. Сабраў адны паперы, пакуль дазбіраеш іншыя, пачатковыя састарэлі і іх неабходна абнавіць. Не многія вытрымліваюць... Але ў майго суразмоўцы і яго жонкі хапіла настойлівасці. Ула­дзімір, па-першае, з Іскры родам, прывучаны змалку да працы. Таццяна, ураджэнка ўкраінскага Шчорса, таксама гаспадыня, якіх пашукаць. Сустрэліся і пакахалі адзін другога ў час вучобы ў 152-м вучылішчы ў Гомелі. Далі жыццё тром сынам: Сашу, Уладзіку і Стасіку. Была магчымасць асесці ў Яроміне пад Гомелем, ды Валодзю цягнула ў бацькоўскі куток цішыня, якой так не хапае ўсім нам у віры гарадскога жыцця. А тут і сапраўды рай. Адчуванне такое, што цябе занесла на іншую планету. Рэдкія прахожыя на вуліцы. Спеў птушак і зум пчаліны, бо непадалёк пасека. Водар меданосных траў. Так і цягне раскінуць рукі ўшыркі на аксамітным дыване побач з сядзібай. А ў самой будыніне — як у шыкоўнай гасцініцы. Каміны ў зале і ў сталовай, більярд, сучасная душавая, утульныя спальні. Прасторная адкрытая веранда з печкай для прыгатавання барбекю.
Адначасова ў доме можа гасцяваць 12 чалавек. Пра такі адпачынак можна толькі марыць. Ці не таму і ў сёлетняе лета сядзіба не пустуе? Завітваюць людзі з суседніх населеных пунктаў, каб скінуць на нейкі час цяжар бытавых клопатаў, “праветрыць мазгі”. Непадалёк аўтатраса, вадзіцелі-дальнабойшчыкі ўпадабалі таксама тут адпачываць. Асабліва ў зімовы час, калі гаспадыня займаецца яшчэ і прыгатаваннем каларытных страў украінскай і беларускай кухні. Гледзячы на сямейную пару Казловых, я ад душы радавалася за Іскру: не патухне яна на карце Чачэршчыны! У канцы мая Ула­дзімір аформіў дакументы на сялянска-фермерскую гаспадарку з назвай “Іскравіца”. Мае намер у будучым вырошчваць на роднай зямлі зерневыя, бульбу.
— Да такога рашэння прыйшоў, калі сутыкнуўся з праблемамі заканчэння будаўніцтва аграсядзібы, — дзеліцца гаспадар. — Мы б яшчэ ў 2010-м дабудавалі двухмесны нумар, новую лазню. Але фінансава змаглі толькі пацягнуць адны будматэрыялы. А за што наняць рабочых? У банку прапанавалі збіраць новы пакет дакументаў. Падлічыў усе выдаткі і прыйшоў да высновы: будзем усё рабіць самі. Сёлета зоймемся добраўпарадкаваннем тэрыторыі. Плануем паставіць вялікія альтанкі ў двары: ужо ёсць заказы ад кліентаў з просьбай правя­дзення ў нас другога дня вяселля. А паколькі шмат даводзіцца штодня працаваць з драўнінай, вырашыў ставіць сваю пілараму. Побач з бацькоўскім домам. Улад, сын сярэдні, падтрымаў сваім рашэннем застацца на роднай зямлі пасля вучобы ў аграрна-тэхнічным каледжы. Кажа, буду дапамагаць ва ўсім. Слухала Уладзіміра і думала аб тым, што сваё прызначэнне на зямлі як мужчына ён ужо практычна выканаў: пабудаваў дом, выхоўвае трох сыноў, адменны пчаляр. А што наконт саду? — Непадалёк засталіся паса­джаныя яшчэ ў часы ўладальніка гэтых мясцін пана Леўкаўца ліпавыя алеі. Размешчаны яны ў форме яго ініцыялаў. Ствалы ў дрэў такія, што ўдваіх не абдымеш. Здорава было б расчысціць гэты рэліктавы куточак Іскры, але адным нам гэта не пацягнуць, — па­дзяліўся фермер. І згадаў старую школу-васьмігодку, якая патанала ў гэтым ліпавым царстве. Будыніна тая таксама была часткай панскай сядзібы. Дзед Уладзіміра — Антон, панскі кучар, расказваў унуку, што там была адметная сістэма ацяплення, па тыпу манастырскай: падлога падагравалася з падвалаў. А яшчэ між каменных сцен мелася прасторная праслойка з драўляных апілак. Таму вельмі цёплай была гэта іскрынская школка. Цяпер пра яе засталіся толькі ўспаміны. А вось сучасніку і земляку Казлова 13-гадоваму Андрэйку Огалю, які жыве на суседняй вуліцы Школьнай, на заняткі даводзіцца дабірацца ў аграгарадок Меркулавічы. Аўтобус падвозіць. Але ж дарога на Школьнай такая разбітая! Падсыпаць бы яе, каб жыхары гэтай нізіннай часткі вёскі не адчувалі сябе людзьмі на балоце. Шматдзетная і таксама інтэрнацыянальная ўкраінска-беларуская сям’я Станіслава і Валянціны Огаль асела на лапіку іскрынскай зямлі. Трымаюць свіней, карову, каня, курэй, трусоў. Як ні кажы, чацвёра дзяцей. Калі Мікола паступіць на ваенна-транспартны факультэт БелДУТу, то будуць два студэнты ў доме: старэйшы Віктар вучыцца ў Гомельскім інжынерным інстытуце МНС.
— Вельмі ўжо я хацела дачушку, і Бог пачуў мяне, — шчыра ўсміхаючыся, расказвае гаспадыня дома 37-гадовая Валянціна, апранаючы двухгадовай Веранічцы прыгожую сукеначку для фатаграфавання. — Бацька наш качагарыць на цэнтральнай сядзібе, у аграгарадку. Мы з маёй памочніцай домам займаемся. Коля ўвесь у камп’ютары. Андрэйка на праполцы бульбы зранку працуе на палетках гаспадаркі, каб зарабіць капейчыну хаця б на сшыткі. Хутка ён паедзе ў Германію на аздараўленне. Сёлетнія дажджы і двор гэтай працавітай сям’і падтапілі. Але ўсмешлівая добразычлівая Валянціна як бы і не заўважае прыродных і іншых катаклізмаў. “Канешне, памарыць я магу пра водаправод, сучасную пральную машыну. Але ў рэальнасці ваду носім з калодзежа, што на значнай адлегласці, а машына ў нас старой маркі. Але ж ці гэта галоўнае? Мы ведалі, дзе застаемся жыць і працаваць. Ужо ўцягнуліся і прывыклі”, — разважае жанчына. І рупіцца з мужам, каб было як мага камфортней дзецям у доме і вакол. У вінаградным тунэлі месца для сямейнага адпачынку зла­дзілі, тут збіраюцца на сняданак і вячэру за агромністай драўлянай калодай, абмяркоўваюць бытавыя праблемы. І радуюць позірк галовы капусты на градах, роўныя радочкі квітнеючай бульбы, шчодра ўсыпаныя ружовымі ягадамі зараснікі малінніку. А яшчэ шчэбет Веранічкі, якая толькі пачынае пазнаваць свет. Дык шчаслівага табе лёсу, маленькая іскрынка ў Сусвеце!

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей