Калі з неба дамоў не прыходзяць мужчыны…

  • 3313
  • Вадзім ЛОСЬ, гісторык
Поделиться
Праз дзесяцігоддзі дзеці знайшлі магілу бацькі-лётчыка Стралок-радыст 39-га лёгкага бамбар­дзіровачнага авіяцыйнага палка Афанасій Іванавіч Парошын загінуў у красавіку 1944 года, месца пахавання невядома. Аб гэтым яго жонка Лідзія Уладзіміраўна, дочкі Людміла і Галіна даведаліся ў 1946 годзе. Цяжкім грузам на сэрцы родных лягла навіна. Даведацца б, дзе магіла. Доўгія гады родныя Парошына жылі з гэтай думкай. Афанасій Іванавіч нарадзіўся ў 1912 годзе ў вёсцы Кунтараўка Веткаўскага раёна ў сялян­скай сям’і, у якой выхоўвалася 10 дзяцей. Магчыма, у пачатку 30-х гадоў прымаў удзел ва ўсесаюзнай будоўлі Гомельскага шклозавода. Адправіўся сюды хлопец на пошукі кавалка хлеба. У Касцюкоўцы сустрэў будучую жонку — Лідзію Шчарбакову.

Праз дзесяцігоддзі дзеці знайшлі магілу бацькі-лётчыка

Стралок-радыст 39-га лёгкага бамбар­дзіровачнага авіяцыйнага палка Афанасій Іванавіч Парошын загінуў у красавіку 1944 года, месца пахавання невядома. Аб гэтым яго жонка Лідзія Уладзіміраўна, дочкі Людміла і Галіна даведаліся ў 1946 годзе. Цяжкім грузам на сэрцы родных лягла навіна. Даведацца б, дзе магіла. Доўгія гады родныя Парошына жылі з гэтай думкай. Афанасій Іванавіч нарадзіўся ў 1912 годзе ў вёсцы Кунтараўка Веткаўскага раёна ў сялян­скай сям’і, у якой выхоўвалася 10 дзяцей. Магчыма, у пачатку 30-х гадоў прымаў удзел ва ўсесаюзнай будоўлі Гомельскага шклозавода. Адправіўся сюды хлопец на пошукі кавалка хлеба. У Касцюкоўцы сустрэў будучую жонку — Лідзію Шчарбакову. Дакладна вядома, што Афанасій Іванавіч пасля 1935 года працаваў на шклозаводзе імя І. В. Сталіна ў электрацэху. У 1937 годзе ў Парошыных нарадзілася першая дачка, а ў 1939-м — другая. Маці расказвала дзецям, што іх бацька займаўся ў Гомельскім аэраклубе, які быў створаны за некалькі гадоў да пачатку вайны. У 1939 годзе сям’я пераехала ў горад Быхаў Магілёўскай вобласці. Хутчэй за ўсё, улічваючы лётную падрыхтоўку Афанасія Парошына, яго прызвалі на службу ў сфарміраваны ў 1936 годзе 39-ы лёгкабамбар­дзіровачны авіяполк для ўдзелу ў 1939 го­дзе ў паходзе Чырвонай Арміі па вызваленні Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Апошні раз жонку з дзецьмі Афанасій бачыў у чэрвені 1941-га, калі полк накіравалі на аэрадром у вёску Жабчыцы Пінскага раёна. Калі 22 чэрвеня аб’явілі, што пачалася вайна, усім сем’ям ваеннаслужачых, што знаходзіліся ў Быхаве, загадалі вяртацца да бацькоў. Лідзія Уладзіміраўна з Людмілай і Галінай паехалі ў Касцюкоўку. Месяц дабіраліся цягніком да Гомеля: налёты, бамбёжкі, голад. Па дарозе згубілася Галіна, але, дзякаваць богу, знайшлася. Нейкім цудам дабраліся дадому, усю вайну пражылі ў Касцюкоўцы. Чакалі хоць нейкіх звестак ад Афанасія Іванавіча, не гублялі надзеі, што ён вернецца. Жонка і дзеці Парошына не ведалі, што 22 чэрвеня 1941 года на Жабчыцкім аэрадроме ў час авіяналётаў ворага, не паспеўшы ўзняцца ў паветра, зга­рэлі 25 лёгкіх (скорасных) бамбардзіроўшчыкаў і 5 пікіруючых бамбардзіроўшчыкаў Пе-2. Але экіпаж, у склад якога ўваходзілі ўраджэнец Палтаўскай вобласці лейтэнант Сямён Маісеевіч Лазько, ураджэнец Быхава старшы лейтэнант Мікалай Георгіевіч Лявушын, старшы сяржант стралок-радыст Афанасій Іванавіч Парошын, падняўся ў неба над палескімі балотамі і ўступіў у бой з фашыстамі. У першы дзень вайны ў 7 га­дзін раніцы група з 12 лёгкіх бамбардзіроўшчыкаў, сярод якіх быў і экіпаж Парошына, нанесла ўдар па пераправе праз раку Буг ля вёскі Мельнік. Калі вярталіся на аэрадром пад Пінскам, былі атакаваны нямецкімі знішчальнікамі. Тады было згублена некалькі самалётаў групы. Але экіпаж Лазько, Лявушына і Парошына вярнуўся на аэра­дром, дзе прабыў менш за га­дзіну. Некаторыя самалёты ўвогуле не прызямліліся ў Жабчыцах, бо атрымалі загад ля­цець на аэрадром у Бабруйск. Туды накіраваўся экіпаж, у склад якога ўваходзіў Афанасій Парошын. На чацвёрты дзень вайны яны загінулі. Дзе толькі не шукалі Афанасія Парошына жонка з дочкамі, куды толькі не адпраўлялі запыты. І вось у 1946 годзе прый­шло паведамленне: “Ваш муж старшина Порошин Афанасий Иванович уроженец д. Кунторовка Ветковского района Гомельской области в бою за Социалистическую Родину, верный воинской присяге, проявив геройство и мужество, погиб...” Лідзія Уладзіміраўна з гэтым цяжкім горам пражыла да 1995 года. Яна да апошняга верыла, што магіла мужа знойдзецца. У сям’і засталося некалькі фотаздымкаў бацькі. На адным Афанасій зусім малады. На адваротным баку карткі напісана: “На память родной сестре Надьке от брата Афанасия. Гомель 8.1.32 г.”. Але асабліва каштоўны для ўсіх родных цудам ацалелы здымак, на якім Афанасій Іванавіч сфатаграфаваны ў лётнай форме. На адваротным баку дата — 1940 год. Пасля вайны жонка Афанасія Іванавіча вымушана была вярнуць сваё дзявоцкае прозвішча Шчарбакова, бо пасведчанне аб рэгістрацыі шлюбу, ды і іншыя дакументы былі страчаны. Узнімала з руін шклозавод, гадавала дачок. Старэйшая Людміла 18-гадовай дзяўчынай таксама прыйшла працаваць на завод, якому аддала 40 год жыцця. Ішоў час, ляцелі гады, а душэўная рана ўсё не гаілася. І вось неяк стрыечны брат Людмілы і Галіны, Сяргей Іванавіч Парошын, на адным з сайтаў у інтэрнэце знайшоў матэрыял з кнігі “Памяць. Пружанскі раён”, дзе пабачыў знаёмае прозвішча: “…У першы ж дзень вайны полк (39-ы бамбардзіровачны, у якім і служыў А. І. Парошын — заўв. аўтара) быў перакінуты на палявы аэрадром каля вёскі Цялуша Бабруйскага раёна. Адсюль 25 чэрвеня 12 нашых самалётаў вылецелі бамбіць жывую сілу і тэхніку ворага ў раёне Пружан. Адбамбіліся паспяхова. Радаваліся Сямён (лётчык С. М. Лазько — заўв. аўтара) і яго сябры, лётчык М. Г. Лявушын і стралок-радыст А. І. Парошын, гледзячы, як гарыць тэхніка фашыстаў. Аднак на свой аэрадром экіпаж не вярнуўся. У раёне г. Пружаны іх самалёт быў падбіты варожым зенітным снарадам і ўзарваўся ў паветры”. Гэтыя дадзеныя, хутчэй за ўсё, былі напісаны на аснове ўспамінаў тых лётчыкаў палка, якія выжылі. Дакладна вядома, што бамбардзіроўшчык гэтага адважнага экіпажа быў збіты на чацвёрты дзень вайны, 25 чэрвеня 1941 года, каля вёскі Загор’е пад Пружанамі. Іх астанкі, як і многіх іншых байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі, былі знойдзены пошукавікамі ў пасляваенны час на месцах баёў. Прозвішчы ўстаноўлены па медальёнах, дакументах, імянных рэчах. Лётчыкі Лазько, Лявушын і стралок-радыст Парошын пахаваны ў брацкай магіле ў вёсцы Смаляны Пружанскага раёна. У верасні 2008 года дочкі Афанасія Іванавіча з іншымі сваякамі пабывалі на магіле бацькі. Не стрымліваючы слёз, учытваліся ў высечаныя на помніку прозві­шчы, сярод якіх “Порошин Афанасий Иванович”. Жыццё яго спынілася ў 29 гадоў. Да пад­ножжа помніка ўсклалі кветкі, пасыпалі зямлю з магілкі маці. Вечарам у вёсцы Смаляны ў гонар Афанасія Парошына і ўсіх воінаў, пахаваных тут, прагрымелі залпы памятнага салюту…

Фота і дакументы з сямейнага архіва Парошыных. Фотаздымкі помніка прадастаўлены Ліноўскім сельвыканкамам Пружанскага раёна

Фото и документы из семейного архива Порошина. Фотографии памятника предоставлены Линовский сельисполкома Пружанского района
English (auto-detected) » Russian

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей