Вандроўка чацвёртая. Прыбыткі

  • 3659
  • Гомельская правда
Поделиться
Напярэдадні старога Новага года мы загадваем жаданні. Каб усе былі здаровыя і шчаслівыя, каб у сям’і ладзіліся справы, каб былі прыбыткі, нарэшце. Вось таму і вырашыла я накіравацца ў вёску з назвай Прыбыткі Гомельскага раёна. Селішча ўпершыню згадваецца ў 1640 годзе ў Гомельскім старостве Вялікага княства Літоўскага. Тады яно адносілася да гомельскага замка, уладальнікам якога быў князь Чартарыйскі. Гэта звесткі з даўніны. Сёння ж Прыбыткі — аграгарадок, якi практычна зліўся з Зябраўкай. Старшыня сельвыканкама Леанід Ігнаткевіч радуецца, што насельніцтва расце. На тэрыторыі сельсавета дзве буйныя гаспадаркі — агракамбінат “Паўднёвы” і эксбаза “Гомельская”. Актыўна будуецца жыллё ў суседняй Клімаўцы, прырастае Цагельня. Зараз каля 6
_P1120035Напярэдадні старога Новага года мы загадваем жаданні. Каб усе былі здаровыя і шчаслівыя, каб у сям’і ладзіліся справы, каб былі прыбыткі, нарэшце. Вось таму і вырашыла я накіравацца ў вёску з назвай Прыбыткі Гомельскага раёна. Селішча ўпершыню згадваецца ў 1640 годзе ў Гомельскім старостве Вялікага княства Літоўскага. Тады яно адносілася да гомельскага замка, уладальнікам якога быў князь Чартарыйскі. Гэта звесткі з даўніны. Сёння ж Прыбыткі — аграгарадок, якi практычна зліўся з Зябраўкай. Старшыня сельвыканкама Леанід Ігнаткевіч радуецца, што насельніцтва расце. На тэрыторыі сельсавета дзве буйныя гаспадаркі — агракамбінат “Паўднёвы” і эксбаза “Гомельская”. Актыўна будуецца жыллё ў суседняй Клімаўцы, прырастае Цагельня. Зараз каля 6 тысяч вяскоўцаў пражывае на тэрыторыі сельсавета, з іх 600 — у Прыбытках. У цэнтры вёскі кідаецца ў вочы царква Ражства Багародзіцы (на здымку). Бела-блакітныя фарбы надаюць ёй нейкую асаблівую лёг­касць, скіраванасць у нябёсы. Гэты праваслаўны храм быў узведзены яшчэ ў 1773 годзе, перажыў шмат перабудоў. У 1856 годзе ў ім размяшчалася народнае вучылішча. А ў 1943-м, як расказваюць старажылы, тут харчаваліся лётчыкі. Прынамсі, паехала я ў Прыбыткі яшчэ і таму, што даўні наш падпісчык паабяцаў па­дзяліцца ўспамінамі свайго ваеннага дзяцінства. “У нашых Прыбытках захаваліся будыніна і кало­дзеж, якія працавалі на Перамогу над ворагам”, — гаварылася ў лісце Аляксандра Данілавіча Васількова ў рэдакцыю. Цікава было ўбачыць гэтыя аб’екты сваімі вачыма, ды і чытачам пра іх паведаміць. — У 1943-м мне было восем гадоў, але тыя падзеі добра зафіксаваліся ў дзіцячай памяці, — расказвае Аляксандр Данiлавiч. Калі вяскоўцы адчулі, што немцы сыхо­дзяць, дбайна апрацавалі свае надзелы зямлі: убралі зерневыя, пасадзілі азімыя. Заставалася выкапаць бульбу. Адчуваючы, што хутка будуць вызваленчыя баі, накіраваліся ў лес, паміж Навабеліцай і Каранёўкай. Маса народу сабралася там. І мы чулі, як фашысты ўзрывалі ўзлётныя палосы аэрадрома. Потым акупанты акружылі гэты людскі лагер і пагналі за Гомель. У вёсцы Астравы многія прыбыткаўцы перажылі час баёў за Гомель. Дзесь на другі дзень пасля вызвалення абласнога цэнтра вярнуліся мы дадому. І старэйшае насельніцтва хадзіла на ўзлётныя палосы закопваць варонкі, сляды варожага “гаспадарніцтва”. На аэрадроме кватаравалі самалёты франтавой авіяцыі. У памяшканні царквы размя­шчаліся сталовая і шпіталь. А насупраць храма быў _P1120030драўляны дом свяшчэнніка яшчэ дарэвалюцыйнай пабудовы. Перад Вялікай Айчыннай там пасялілі сельскую бальніцу. У гэтай будыніне ў 1943-м жылі лётчыкі. Кватаравалі яны і па многіх дамах вяскоўцаў. Згадваецца, як у 70-я гады адзін з тых лейтэнантыкаў, начальнік вучылішча штурманаў у Чэлябінску, завітаў да цёткі майго брата Аляксея Сядога. Яна потым расказвала: “Дзякаваў, што ацалеў у сваіх ваенных палётах, — мы ж кожны раз хрысцілі хлопчыкаў, выпраўляючы з дому на чарговую бамбёжку…” І цяпер на нашай вуліцы імя Леніна стаіць калодзеж. Яму гадоў сто, не менш. Дык вось у той час вызвалення ваду для сталоўкі бралі ў гэтым калодзежы. Памятаю, пры ім кругласутачна стаяў вартавы. Я мару, каб гэтыя аб’екты былі пазначаны хаця б невялічкімі памятнымі знакамі. Насельніцтва вёскі абнавілася, шмат дачнікаў, але большасць не ведае мінулага. Таму і напісаў вам у “Гомельскую праўду”. На гародзе, насупраць калодзежа, ацалела тады агромністая варожая зямлянка. Там была наша школа. Парты размяшчаліся з двух бакоў, пасярэдзіне стаяла жалезная печка, абкладзеная цэглай. Займаліся ў дзве змены. З аднаго боку печы — першы клас, а з другога — трэці. У другую змену адпаведна другакласнікі і чацвертакласнікі. Пісалі на абрыўках шпалеры, паперы з нямецкіх мяшкоў. Чарнілам была разведзеная марганцоўка. Адзін на ўсіх “Буквар”. Каб прыдбаць хоць які абутак, мы з хлопцамі збіралі дзюралюміній, а маці нашы здавалі яго нейкаму мужыку ў пасёлку Краснае Селішча, каля станцыі Зябраўка. Ён плаціў жанчынам пэўныя грошы, а сам выліваў з тых адходаў металу чыгункі, лыжкі. Мама купляла на кірмашы буркі. Іх абцягвалі гумай з аўтамабільных камер варожай тэхнікі. (Гэтага дабра хапала.) Складаней было позняй вясной: бегалі босыя ў школу… _P1120085Дайсці да Перамогі! Хаты Прыбыткаў, бы вагоны цягніка, расцягнутыя па ўзгорках. Марозным зімовым надвячоркам свецяцца яны як маякі чалавечага цяпла і гасціннасці. На многіх дамах ёсць чырвоныя пяціканцовыя зорачкі, што нагадваюць пра страты родных і блізкіх на Вялікай Айчыннай. Іван Канстанцінавіч Дзёмушкін (на здымку), герой вайны, сустрэў мяне на мыліцах. Уразілі яго словы: “Мне трэба яшчэ дайсці да Дня Перамогі!” На кіцелі два ордэны Славы, ордэны Чырвонай Зоркі і Чырвонага Сцяга, медаль “За адвагу”, безліч юбілейных. Дзядуля ўзрадаваўся мне, быццам родзічку сустрэў: “Дзякуй, дачушка, што прыйшла…” Пехацінец Дзёмушкін з 1942 года да самай Перамогі змагаўся на фронце, вызваляў Гомель і атрымаў у гэтай аперацыі адзін з ордэнаў Славы. Другі быў за Кёнігсберг. Тройчы паранены, ён ніколі не губляў веры ў Перамогу, выходзіў жывым з такіх катавасій! Сказвалася закалка селяніна — перад вайной 16-гадовым юнаком шчыраваў на калгасных палетках. А ваяваць яму даводзілася пад камандаваннем Жукава, Ракасоўскага, Чарняхоўскага. Прайшоў з баямі Літву, Латвію, Усходнюю Прусію. — У Кёнігсбергу мы пачулі пра Перамогу, пачалі абдымацца, паліць у паветра з аўтаматаў і пісталетаў. На ўсё жыццё ўрэзаўся ў па­мяць гэты дзень, — гаворыць Іван Канстанцінавіч. — Мы гарланілі “ўра”, а ворагі ішлі з паніклымі галовамі — шмат узялі ў палон іх ваенных маракоў. Давялося Дзёмушкіну паспытаць свае сілы і ў вайне з Японіяй. А пасля Перамогі скончыў Разанскае пяхотнае вучылішча імя Варашылава, будаваў аэрадром у Зябраўцы. Тут і сустрэў сваё каханне: настаўніца Вольга прыехала з Брэстчыны на канікулы да бацькоў. “Узяў яе ў палон” статны Дзёмушкін. Паімчала ўслед за сваім ваенным — 22 гады адпрацавалі на палігоне ў Сяміпалацінску. Потым жылі ў Арле. Ды вярнуліся, бы ў маладосць, на радзіму жонкі. Сёлетняй вясной Дзёмушкіны адзначаць сваё брыльянтавае вяселле. У бацькоўскi куток Знешне невялікі дом на вуліцы імя Леніна ў антэнных талерках падаецца касмічным аб’ектам. А калі знаёмішся з яго насельнікамі, то і сапраўды пераконваешся, што сям’я Кузьмічовых не зусім звычайная. Гаспадар — сапраўдны генерал-маёр Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі, разведчык са стажам, зараз у адстаўцы. Разам з жонкай Галінай Мiкалаеўнай днямі Сяргей Іванавіч (на здымку) адзначыў першае дзесяцігоддзе свайго аседлага жыцця ў Прыбытках. Пасля таго як змяніў 24 кватэры! Гучны голас, адпаведная выпраўка, энцыклапедычныя веды… Да жонкі, з якой пражылі паўстагоддзя, звяртаецца толькі на “Вы”. У гутарцы з генералам адчуваеш сябе бы студэнтка на экзамене — такі яго кругагляд! Пры ўсім тым ён чалавек просты і гаваркі, вось толькі погляд такі, што, здаецца, рэнтгенам прасвечвае твае “нутро”. Што ні кажы, разведчык! Ён хадзіў у чацвёрты клас, калі памерла мама, і трое іх, хлапчукоў, засталіся на бацькоўскіх руках. Праводзячы сваю Марыю Іванаўну ў апошні шлях, бацька перад яе партрэтам прылюдна паабяцаў вывесці сыноў у людзі. І слова сваё стрымаў. Даўно няма ні бацькі, ні прыёмнай маці, ды і брат Мікола памёр. А Барыс таксама чалавек армейскі, зараз на пенсіі, жыве ў Брэсце. Сяргей малодшы, скончыў радыётэхнічнае вучылішча войскаў супрацьпаветранай абароны з адзнакай і трапіў у Закаўказскую ваенную акругу. _P1120086Служыў у Грузіі, у вядомай Мухравані. Акурат там, дзе праходзіў службу Леў Талстой, пра што пазней і пісаў у “Каўказскім палонніку”. Там жа пазнаёміўся і з будучай жонкай-расіянкай. Галіна дзяліла з мужам усе цяжкасці, неўладкаванасці. (Іх першынец — дачушка Наталля з’явілася на свет у Прыбыткаўскай бальніцы…) Жонка будучага генерала настаўнічала ў школах гарнізонаў, вучыла дзетак фізвыхаванню. Загартаваная, працавітая жанчына, гаспадыня, якіх пашукаць. Міжволі згадаліся словы гераіні кінаактрысы Ірыны Мураўёвай: каб стаць жонкай генерала, трэба выйсці за лейтэнанта і паматацца па гарнізонах… Сяргей Іванавіч адвучыўся на Чырвонасцяжных афіцэрскіх курсах у Маскве, трапіў у Азербайджан, служыў у 30 кіламетрах ад граніцы з Іранам. Скончыў і Ленінградскую ваенную акадэмію сувязі, факультэт разведкі. Лёс занёс сям’ю Кузьмічовых у Германію, дзе ў 1945-м адбывалася знакамітая сустрэча на Эльбе нашых салдат з амерыканскімі. — Служылі на вельмі жывапіснай гары Брокен. Памятаеце, Гётэ апісвае ў “Фаусце” брокенскіх вядзьмарак, гэта там, — дзеліцца мой суразмоўца. — Усюды, дзе быў, стараўся спасцігаць асаблівасці мясцін, набываў адпаведную літаратуру і чытаў. Праўда, часу на гэта катастрафічна не хапала. Пазней служыў у Адэсе, у Валожыне на Міншчыне. За ўдзел у вучэннях “Захад-81” адзначаны ордэнам Чырвонай Зоркі, атрымаў званне палкоўніка. І гэта яшчэ не ўсё! — У маі 1982-га паляцелі ў складзе групы савецкіх ваенных спецыялістаў на Кубу. Вось дзе экзотыка! — дзеліцца генерал-маёр, знаёмячы з фатаграфіямі і кнігамі пра той перыяд службы. — Калі хто плануе свой водпуск у студзені, то лепшага месца, чым пляж Варадэра, не знайсці. І ў гэты час тэмпература вады — плюс 26. А які пясочак! З 1985 па 1998 год наш зямляк служыў у генштабе ГРУ Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, выконваў адказныя ўрадавыя заданні. У першы год вяртання ў Расію яго запрасілі ў пасольства Кубы і ўручылі ордэн Чэ Гевары. У 1992-м атрымаў званне генерал-маёра. В сапогах Вами столько исхожено: Красноярск и могучий Кавказ, Ленинград с белорусским Воложином, И Фидель не забудет о Вас... — гэта вытрымка з паэмы, якую напісалі саслужыўцы ў 1998-м, калі ішоў у адстаўку. Ды ці бывае адстаўка ў чалавека, які столькі аддаў абароне інтарэсаў адзінай тады краіны? І перажыў нямала з-за непаказной любові да Радзімы ў жніўні 1991-га. З Масквы, дзе ёсць кватэра, вярнуцца ў бацькоўскую хату ў Прыбытках… На такое і не кожны генерал здатны. Гэта яго адказ на пытанне, што такое радзіма. — Здаецца, дзе б ні быў, а ў сэрцы маім журчала, бегла наша святлістая рэчачка Уць. І згадваліся пагоркі, з якіх імчалі на санках у дзяцінстве, вёсачка, магілы продкаў, — дзеліцца Сяргей Іванавіч. Ён актыўна ўдзельнічае ў рабоце мясцовай ветэранскай арганізацыі, вядзе патрыятычную работу з моладдзю. Думаю, і прыбыткаўскі шасцікласнік Дзімка Машуроў, які шчыраваў на вуліцы з рыдлёўкай, прачытаўшы пра генерала-земляка, яшчэ больш усталюецца ў сваім імкненні загартоўваць волю і характар, каб дастойна адслужыць у войску. — Цікава, што ж вы нагандлявалі за сённяшні дзень, якія прыбыткі? — спытала я ў загадчыцы мясцовага магазіна Цярухскага філіяла райспажыўсаюза Галіны Адамаўны. — Ды 900 тысяч, а план на гэты месяц 18 мільёнаў. У снежні перавыканала заданне на мільён дзвесце, то ж было перад Новым годам. Таму я хачу пажадаць сваім прыбыткаўцам лепшых заробкаў, большых прыбыткаў! І гэта рэальна, калі здзейсняцца грандыёзныя намеры. Як вядома, тэрыторыя былога аэрадрома ўключаецца ў СЭЗ “Гомель — Ратон”. Ідуць пошукі інвестараў для будаўніцтва прадпрыемстваў. — Плануецца і стварэнне рэспубліканскага лагістычнага цэнтра, дзе будуць не толькі складскія памяшканні, але і сацыяльная інфраструктура, — дзеліцца старшыня сельвыканкама Леанід Ігнаткевіч. — А гэта дадаткова каля дзвюх тысяч рабочых месцаў. Дай Бог, каб планы ажыццявіліся! Сёння ж Прыбыткі могуць пахваліцца выдатным транспартным злучэннем з Гомелем. Тут штодзённа 33 рэйсы маршрутак, 11 — аўтобусных, ды яшчэ цягнікі. …Калі мікрааўтобус адвозіў мяне назад у абласны цэнтр, зірнула на студзеньскае неба. Падалося, што над Прыбыткамі зорачак як насеяна. Мо таму, што ў Вялікую Айчынную i пасля яе тут шмат гераічных учынкаў здзейснена? Ды яшчэ таму, што і сёння ў гэтай вёсцы хапае па-сапраўднаму зоркавых герояў. Тамара КРУЧЭНКА Фота аўтара і з сямейных архіваў

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей