Варашылаўскі стралок
Сэрца здрыганулася: почырк пісьма паказаўся бацькоўскім. Бывае ж такое! Чытала ліст-споведзь салдата і адкрыла яшчэ адну дэталь, якая збліжала мяне з незнаёмым дагэтуль жыхаром Церахоўкі Добрушскага раёна. Міхаіл Захаравіч Каржоў, як і мой бацька, быў паранены тэрмітнымі снарадамі праціўніка…“Я не вельмі пакутую ад адзіноты, у мяне ёсць дамашнія сябрукі Кашка і Гашка, — пісаў ветэран. — Гашка вельмі ўважлівая. Бачыць, як паводзіць сябе дзед, заўважае ўсе складанасці і па паху чуе, што я прыняў сардэчныя лекі. Яна не адыходзіць да таго часу, пакуль я не кладуся спаць. Тады прыспасобіцца легчы так, каб быць бліжэй да праблемнай нагі. Калі на ёй адкрываюцца свішчы і раны гнаяцца, вычышчае іх лепш любога хірурга…”
Міхаіл Захаравіч стрэў мяне ў весніцах і павёў знаёміць са сваёй сядзібай і гаспадаркай. Дыхтоўны цагляны дом, з водаправодам, каналізацыяй, — усё сведчыла пра моцнага гаспадара, які ўласнымі рукамі выпеставаў кожны пакойчык, кожную маснічынку.
Дзяцінства і юнацтва
— З вёскі Макаўе Гомельскага раёна я родам. Дзяцінства маё незайздроснае было. Бацька з Грамадзянскай вайны інвалідам вярнуўся. Яму дзве аперацыі зрабілі, памёр, калі мне 8 год было. Я — старэйшы з траіх дзяцей. Да 1939 года жывёлу пасвіў калгасную. Жылі як? Дзед па бацькоўскай лініі Іосіф Лаўрэнавіч быў выдатны млынар і крупадзёр. Жменю прынясе круп ці мукі. Так і мацаваліся. Летам жа жылі выключна за ягады і грыбы. І елі іх, і на адзенне зараблялі. У калгасе плацілі 200 грамаў хлеба на працадзень, ды выдачу таго заробку расцягвалі на год… Дзед мяне навучыў на лічыльніках і множыць, і дзяліць. Летам я на трох грыбаварных пунктах прымаў грыбы, напрацоўваў вопыт.
Бацькаў сябра па вайне Галянкоў быў старшынёю сяльпо, узяў мяне памочнікам бухгалтара. Месяцы два стажыраваўся ў бухгалтара Якава Прыходчанкі, а потым самастойна прымаў справаздачы ад магазіншчыкаў, заробак нарыхтоўшчыкам і іншым спецыялістам налічваў. На той час гандаль толькі на нарыхтоўшчыках і трымаўся. Ягады прымалі, лекавыя травы. У Грабаўцы, пад Княжацкім лесам, быў луг, дзе добра радзіў валяр’янавы корань. А з прадукцыі ў гандлёвыя кропкі завозіліся толькі гарэлка, віно, пячэнне, цукеркі “Ракавая шыйка”. Крупы манныя і рыс па картачках выдавалі выключна сіротам і інвалідам фінскай вайны.
Заўважылі здольнасці мае, прэмі-равалі — адправілі вучыцца за дзяр-жаўны кошт у Віцебск на паўтара года. Мы вывучалі ўжо “двайную амерыканку”. А дагэтуль быў так званы “каморны ўлік”. Скончыў я тыя курсы з адзнакай. Назначылі ў самае буйное сяльпо ў вёсцы Грабаўка. Працаваў з дапамогай арыфмометра, барабана лічыльнага.
Вайна
Памятаецца, здаў квартальныя справаздачы і павёз у Церахоўку лічбы за месяц. Толькі стаў дакладваць галоўнаму бухгалтару, як зайшоў інструктар Саліванаў і паведаміў: “Вас выклікаюць у ваенкамат”. Мы разам з Цімохам Дзьячэнкам, начальнікам сакрэтнага аддзела, старшым лейтэнантам, грузілі дакументы, паперы розныя на ЗІС — вайна пачалася! Ноччу выехалі на дзвюх машынах — 15 чалавек ваенкаматаўскіх і чацвёра грамадзянскіх. Заехалі пад Старадуб на Браншчыне. Давялося ў гарохавых копнах заначаваць. Ды хтось бліснуў фанарыкам у цемры, фрыцы пачалі бамбіць. Дык адзін з грамадзянскіх, на машыне якога быў правіянт для ўсіх пасажыраў, павярнуў колы дадому.
Дабраліся да Арла. Там на размеркавальным пункце мяне накіравалі ў Серпухаў, у вучэбны полк. Страляў так, што вавёрцы ў вока трапляў, — меў знак “Варашылаўскі стралок”. Выпусцілі нас малодшымі сяржантамі. 12 лістапада 1942 года з’ядналі ў полк са стараслужачымі Алтайскай добраахвотнай дывізіі. Яны нас сынкамі звалі, бераглі па-бацькоўску.
Маразы стаялі пад мінус пяцьдзесят. Рухаліся напрамкі, трымаючыся Валакаламскай шашы. Варожую абарону сарваць было складана, фрыцы літаральна закапалі ў зямлю цэлыя вёскі. Як яны ўцяпляліся! На многіх былі жаночыя спадніцы, шарсцяныя хусткі, да ног чаплялі падушкі. Мы ж экіпіраваны нядрэнна: ватныя штаны, курткі на футры, світэры. Удалося прарваць варожыя кардоны. За трое сутак дайшлі да Ельні.
Тут фашысты кінулі супраць нас свае танкі новага тыпу — “тыгры”. Я быў наводчыкам спачатку пушкі-саракапяткі, потым — 120-міліметровай. Разбілі нашу батарэю. Атрымаў цяжкае раненне галавы і правага пляча. Апрытомнеў я на другія суткі ў шпіталі. Амаль два месяцы лячыўся.
У 1943-м трапіў у інжынерна-сапёрную часць. Наша задача была мініраваць пярэдні край, а перад наступленнем ноччу рабіць праходы для пяхоты. Апроч гэтага яшчэ і пантоны збіраць, узводзіць драўляныя масты. З Лоеўскай пераправы пачаўся мой вопыт фарсіравання рэк: Сож, Дняпро, Буг, Нарэў, Вісла…
Пераправа, пераправа…
Складана было на Лоеўшчыне, пакуль не пашырылі плацдарм. У фрыцаў — некалькі траншэй абароны, перад імі — мінныя палі. І выгаднае распалажэнне, на ўзгорку. Ім з пасёлка як на далоні ўсё бачна, што дзеецца тут, на палогім беразе.
Часць наша стаяла ў Васілевічах. Туды дастаўлялі ўсё неабходнае для мастоў і пантонаў. Гэта рундукі такія непатапляльныя. Іх падганялі да ракі ноччу, інакш не атрымоўвалася: праціўнік засякаў. Спачатку пяхота з кулямётчыкамі заняла невялічкі плацдарм. Трэба было заякарыць тросы. Слупы з ручною лябёдкаю ўладкавалі, каб добра нацягнуць дрот.
Пантоны даўжынёю 6,5 метра (у шырыню яны 1,2 метра) надзелі на трос, паклалі колаадбойныя брусы, а зверху драўляны насціл. Поручні яшчэ паставілі і мост атрымаўся…
Увачавідкі ўявіла сённяшні прывабны гарадок Лоеў, а потым думкі скіравалі ўдалеч, у кастрычнік 1943-га, калі юнак з Макаўя разам з іншымі байцамі рупіўся на пераправе. Дык вось дзе загартоўваліся рабочыя рукі Міхаіла Каржова! На лоеўскім плацдарме, на Дняпры. “Переправа, переправа, берег левый, берег правый…” Міжволі падумалася: Захаравіч мог бы цудоўную экскурсію правесці, бо ён сам жывы сведка такой Бітвы!
Яшчэ адна акалічнасць збліжала мяне з суразмоўцам. Згадваючы свае ваенныя дарогі, Міхаіл Захаравіч выгукнуў такое роднае для мяне слова: Мядзель. Назва майго бацькоўскага гнязда, райцэнтра на поўначы Беларусі… (Праўда, цяпер у ёй мяккі знак адсутнічае.) Аказваецца, ветэран называў прозвішча чалавека, з якім звязаны не вельмі добрыя ўспаміны…
“На Магілёўшчыне мы стаялі каля вёскі Вармовічы, дакладней, комінаў, што ад яе засталіся. Каля пачалося наступленне, накіравалі размініраваць гравійку. Паставілі задачу: шэсць метраў шырынёй, не менш, ачысціць. Мы і выканалі дакладна, як патрабавалася. Мядзель, камандзір батальёна, калі калона рушыла, вырашыў абагнаць яе, каб уперад вырвацца. Каманду даў вадзіцелю, той стаў абганяць калону і на міну наехаў. Мядзель загінуў. А мяне крайнім палічылі. Пазбавілі сяржанцкага звання. Накіравалі ў пяхоту. Гэта ўжо трэці род войскаў за вайну. Да канца яе прайшоў усю Польшчу.
У першых чыслах красавіка мы на Нямеччыну ступілі. Памятаецца, уся тэрыторыя ў каналах. Землі там пясчаныя, але за кошт паліву ўжо ў той час пшаніца па чвэрці была. 22-га чысла я быў цяжка паранены. Лячыўся ў Карагандзе. Тры тыдні ляжаў на спіне. Калі гіпс з ног знялі, лягчэй стала. Але ж раны моцна гнаіліся. І вось прыхо-дзіць вышэйшая медыцынская камісія. Хірург дае заключэнне: правая нага не паддаецца лячэнню. Я ўдзячны палкоўніку медслужбы Нікіцінай, яна строга загадала ратаваць нагу. Накіравалі мяне ў шпіталь у Гаграх, лячылі вадой з гарачых крыніц.
Лёс не аб’едзеш…
У 1947-м прыбыў на кастылях дадому, інвалідам першай групы. Маці з сястрой жылі ў склепе, які абагравала буржуйка. А ў мяне раны “плывуць”. Давялося пайсці да хроснага бацькі жыць, бо там была печ з ляжанкай. Сястра рабіла перавязкі, мыла бінты. Стаў я зноў працаваць у Грабаўскім сяльпо, бухгалтарам. Ды дактары параілі змяніць спецыяльнасць, бо раненне галавы давала знаць. Паступіў у політэхнічны тэхнікум у Мінску, адвучыўся. Накіравалі ва ўпраўленне працоўных рэзерваў рыхтаваць дзяцей-беспрытульнікаў для работы на будоўлях. Сем гадоў вучыў іх у
СШ № 4 у Навабеліцы. Спачатку групы муляроў, потым — сталяроў і цесляроў. А апошнія дзве групы выпусціў сантэхнікаў і мантажнікаў.
З жонкай Палінай пяцёра дзяцей на свет пусцілі і выгадавалі. Працавала мая палавінка багажным касірам тут, у Церахоўцы, на станцыі. Расла сям’я, заробку не хапала, і я згадзіўся пайсці прарабам на перыферыю. Паехаў будаваць маслазаводы па Гомельшчыне. Замацавалі за мной самазвал невялічкі — палутарку. Узводзілі мы заводы ў Нароўлі, Брагіне, Хойніках, Церахоўцы. А потым інжынерам райкамунгаса працаваў. Будаваў школы, бальніцы, 8-кватэрны жылы дом у Церахоўцы, пажарную часць, пакуль раён тут не ліквідавалі. Дабудоўваць ужо на пенсіі давялося Палац культуры ў сваім селішчы, школу. Помнікаў, адным словам, наставіў багата. Свой дом, як ляльку, адбудаваў. Ды вось лёс такі, што аднаму ў ім век даводзіцца дажываць. Зрэдчас начуюць у мяне хлопцы з таможні. Весялей з кватарантамі…
Ці ж мог падумаць калі Міхаіл Захаравіч, што ўсе яго дзеці знойдуць сваю долю далёка ад роднага дому, а лёс унукаў ужо будзе завязаны з Германіяй і іншым замежжам. Так, відаць, суджана. І калі раз у год заедуць да бацькі дочкі з Прыбалтыкі, свята для яго такое! Сыны менш здатныя да сантыментаў, з’яўляюцца ў Церахоўцы разы ў гады. Гледзячы з вокнаў сваёй хаты на чыгунку, да якой рукой падаць, 87-гадовы ветэран дзяліўся набалелым: паралізаваны ён, скаваны сваёй маларухомасцю з-за параненых ног. А зрок і зараз выдатны, — варашылаўскі стралок без акуляраў чытае кнігі і газеты. На стале — “Гомельская праўда”, зборнік раманаў Георгія Гуліа.
— Мне б легкавічок далі які ўзамен старога, каб у аптэку з’ездзіць ці ў бальніцу, — з наіўнай шчырасцю дзяліўся Міхаіл Захаравіч. — Як думаеш, мая галуба, ці дадуць?
З гаража нядаўна па просьбе ветэрана забралі старую машыну “Ака” з ручным упраўленнем: яна выдзялялася яму ўжо не новай, — служыла раней камусьці з ветэранаў. На гарышчы гаспадар паказаў… драўляную труну, пафарбаваную ў чырвоны колер, падрыхтаваную на той выпадак, якога ні на якой машыне не аб’едзеш. “Касцюм ёсць неначынаны”, — прамовіў бы сам сабе. Па-гаспадарску рассудзіў, што не будзе “трудзіць” дзяцей, бо ў іх сваіх клопатаў хапае. Згадаў, як з сынамі Сяргеем і Сашам ездзіў у заробкі на Украіну. “За дзень грубу выкладалі! — прамовіў гэта, і вочы пасвятлелі. — Нехта ж з іх павінен даляцець сюды, калі што якое. Я ў Макаўі хачу легчы, каля жонкі”.
— Ды што вы такое ўдумалі, Захаравіч? Глядзіце, як садок моцы набіраецца, — вырвала я ветэрана са змроку песімізму. І ён паказаў цудоўную ігрушу-дзічку — тры сарты на ёй прывіты. А на яблынях па 5 — 6 разнавіднасцяў яблык запрасіў пакаштаваць увосень. Гаспадар!
Мы згадвалі славутага земляка, класіка беларускай літаратуры Івана Шамякіна. Высветлілася, што будучы пісьменнік не аднойчы начаваў у дзеда Каржова, калі гурбы снегу не дазвалялі дабрацца да бацькоўскай леснічоўкі. “Любілі яны рэзаць у шахматы. А яшчэ Івану падабаліся бліны грэчневыя ўчыняныя — бабка Ганна мая смачныя іх пякла”, — расказваў Міхаіл Захаравіч. Я ж, гледзячы на яго, думала: лёс Каржова цягне на шамякінскую аповесць. Ва ўсякім разе, галоўны герой — з кагорты тых, пра каго пісаў народны пісьменнік Беларусі. Волат духу, ён рыпіць, бы той стары вятрак, які аднавіў колісь яго дзед Іосіф Лаўрэнавіч.
Фота аўтара
Реклама
Другие статьи раздела
-
Змеи Беларуси – кого стоит бояться?
- 15:08
- 04.10.2018
- 237905
-
В Гомеле после капремонта открылось общежитие для студентов медуниверситета
- 15:36
- 29.12.2020
- 196861
-
Сегодня в Гомеле начинают отключать отопление в квартирах
- 09:23
- 04.05.2021
- 160741
-
Блогер-тракторист из Хойников уехал в Латвию, а теперь рассказывает сказки о том, что у него хотели забрать ребенка
- 12:54
- 12.01.2021
- 156139
-
Как мы работаем и отдыхаем в мае
- 10:54
- 01.04.2019
- 145869
-
В Гомельском районе молодожены, возвращаясь со своей свадьбы, спасли пострадавших в ДТП
- 09:47
- 01.10.2019
- 134049
-
КСУП «Агрокомбинат «Холмеч» опираются на профессионализм людей – и это приносит результат
- 17:29
- 26.09.2020
- 125622
-
Кто протягивает руку первым, а кто, здороваясь, извиняется: правила хорошего тона
- 18:47
- 12.02.2017
- 117814
-
В Беларуси на этой неделе ожидается до +20°С
- 14:38
- 29.10.2018
- 115832
-
В Гомеле человек, переболевший COVID-19, стал первым в области донором плазмы с антителами
- 17:19
- 11.05.2020
- 115089



