Вандроўка пятая. Чабатовічы
Назва вёскі ў Буда-Кашалёўскім раёне заварожвае сваім гучаннем — Чабатовічы. Падумалася, што найменне селішча пайшло ад майстроў — чабатароў, якімі, напэўна, славілася мясціна.
Вёска Чабатовічы вядома з 16-га стагоддзя, тады яна была ў складзе Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства. У 1640 годзе — сяло Гомельскага стараства, маёмасць паноў Васіля і Андрэя Халецкіх. У 1874 годзе тут было адкрыта аднакласнае народнае вучылішча, пазней пераўтворанае ў двухкласнае. З 1882 года — вёска ў Гомельскім павеце Магілёўскай губерніі, а з 8 снежня 1926 года — цэнтр сельсавета Уваравіцкага раёна. У 1929 годзе створаны калгас “Ударнік пяцігодкі”. З 17 красавіка 1962 года Чабатовічы — вёска
Назва вёскі ў Буда-Кашалёўскім раёне заварожвае сваім гучаннем — Чабатовічы. Падумалася, што найменне селішча пайшло ад майстроў — чабатароў, якімі, напэўна, славілася мясціна.
Вёска Чабатовічы вядома з 16-га стагоддзя, тады яна была ў складзе Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства. У 1640 годзе — сяло Гомельскага стараства, маёмасць паноў Васіля і Андрэя Халецкіх. У 1874 годзе тут было адкрыта аднакласнае народнае вучылішча, пазней пераўтворанае ў двухкласнае. З 1882 года — вёска ў Гомельскім павеце Магілёўскай губерніі, а з 8 снежня 1926 года — цэнтр сельсавета Уваравіцкага раёна. У 1929 годзе створаны калгас “Ударнік пяцігодкі”. З 17 красавіка 1962 года Чабатовічы — вёска ў Буда-Кашалёўскім раёне. Адсюль родам доктар педагагічных навук, прафесар Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Я. Купалы Васіль Чэпікаў. Сярэднюю школу ў Чабатовічах скончылі Герой Савецкага Саюза Аляксандр Ісачанка, народны артыст СССР Павел Малчанаў.
А дна з легенд, якую мы пачулі ад дырэктара мясцовага сельскага Дома культуры Алены Шаўчэнка, такая: “Даўным-даўно з-за Дняпра прыйшлі ў гэтыя мясціны трое перасяленцаў. Быццам бы жыхары старажытнай Рудні-Альхоўкі. Пасяліліся яны на ўзгорку, на ўзбярэжжы паўнаводнай тады рэчкі Зыбіна Крапіўня. Насупраць раслі магутны беразняк і векавыя дубы. Паступова селішча разрасталася. Людзі займаліся паляваннем, рыбнай лоўляй, пасечным земляробствам, разводзілі жывёлу. І вядома ж, ладзілі вяселлі, святкавалі абрады. Дык вось, чобаты меў тады толькі адзін гаспадар. Хлопцы пазычалі ў яго гэты абутак для ўрачыстых патрэб, потым вярталі ўладальніку. Рамантавалі, калі патрабавалася. Цікава, што заняткі жыхароў былі занатаваны ў іх мянушках: Хлебасей, Кавалёк, Жалязок…”
Алена Паўлаўна — з кагорты рупліўцаў на ніве роднай культуры. Разам з мужам Іосіфам яны стварылі ў Чабатовіцкім СДК сапраўдны музей
народнага побыту. Сабралі тут рэчы, якім можа пазайздросціць і сталічны музей.
Дырэктар СДК можа распавесці не толькі пра кожны экспанат, але і расказаць гісторыю сям’і, якая яго падарыла. Напрыклад, унучкі Дзмітрыя Іванавіча Валасевіча, Наталля і Галіна, перадалі скрыпку, якой гадоў сто, — зрабіў інструмент іх дзядуля і сам здорава йграў.
У канцы 18-га стагоддзя гэтымі землямі валодаў пан Валяр’ян Ванцславовіч. Меў ён вінакурны завод, млын, карчму, вялікі сад, але вельмі любіў карты. Часта прайграваў. І так яго ўцягнула карцёжніцтва, што стаў нават маёмасцю маёнтка разлічвацца. Два шыкоўныя крэслы дасталіся ў 1892 годзе сям’і мясцовага пасечніка, адно дажыло да нашых дзён і трапіла ў музей.
Ёсць у адметнай беларускай чабатовіцкай хаце і гармонік з векавой гісторыяй, і ікона, і такія ж старадаўнія ручнік-набожнік, шарсцяная хустка (каб дзе табе моль патачыла!). Калі Алена Паўлаўна стала даставаць з нетраў старадаўняга куфра льняныя касцюмы касцоў, яркія саматканыя андаракі, дываны, мы падумалі, што гэта схованка валодае ўласцівасцю зберагаць рэчы ў першародным іх стане. Умелі продкі рабіць вечныя рэчы!
Сёстры Зыкавы
Каля ручнікоў Анастасіі і Марыі Зыкавых, якія самі ўжо адлічваюць дзевяты дзесятак, стаіш як зачараваны. Вытканыя яшчэ ў юнацтве работы, з каляровымі ўкрапленнямі — шыфрамі дзявочых мар, яны даюць уяўленне, якім працавітым і старанным было мясцовае насельніцтва ў тыя незапамятныя гады.
— Хочаце, я пазнаёмлю вас з Зыкавымі? — запытала нас Алена Шаўчэнка. — Яны, праўда, жывуць у Рудні-Альхоўцы, той вёсцы, адкуль па легендзе і заснавальнікі нашых Чабатовічаў. І гэтыя, і больш познія свае работы яны ткалі без святла ў хаце, і цяпер жывуць без электрычнасці.
Як тут было не згадзіцца! Прыгадаліся публікацыі ў “Камсамолцы” журналіста Васіля Пяскова пра Лыкавых. І мы рушылі дарогай праз сасоннік.
Хатка ў засені ліпы, каштана і вярбы, дах якой пакрыты жалезам, нагадвала, што на двары ўсё-такі цывілізаваны век. Пастукалі ў шыбку, і выйшла цётка Настасся. Апранутая не па сезоне. Відаць, у такім узросце і сапраўды “пара касцей не ломіць”. У цёплай спадніцы, кофце з безрукаўкай. Ногі ў шарсцяных шкарпэтках, абматаныя зверху яшчэ нейкім рыззем. У дварышчы — залежы рознага “дабра”, якое суправаджала дзвюх сясцёр, напэўна, увесь век. На парэнчы сходцаў прасыхалі пярэстыя коўдры-закладанцы — дываны, якія святочна выглядалі на шэрым фоне розных драўляных пажыткаў.
— Паклічце сястру, мы вас разам сфатаграфуем каля вашых тканых дзівосаў, — папрасілі мы бабулю.
— Наўрад ці нам усім разам удасца яе ўгаварыць, — выдыхнула Настасся Яфімаўна. — Такі ўжо характар складаны.
І сапраўды, “вырваць” з праполкі малодшую Зыкаву не ўдалося. Калі фотакамера выхапіла яе прама на агародзе, Марыя Яфімаўна наравіста кінула работу, сказала нешта абразлівае і рушыла напрасткі па вясковай вуліцы.
Мы ж зайшлі ў хаціну. У калідорчыку — залежы мяхоў, торбы з нейкім дабром, якое, здаецца, выжывала з тэрыторыі саміх гаспадынь. У жылой палове дома пад столлю віселі дзве газніцы. Печ дыхала цяплом, але ў доме стаяў спецыфічны пах сырасці. Ткацкі станок размешчаны побач са сталом. Такое адчуванне, што, паснедаўшы ці павячэраўшы, сёстры садзіліся ткаць. І з ранку да ночы ў напаўасветленай хаце яны тварылі рукатворныя льняныя палотнішчы.
— Маці наша казала: “Мне ўрэдны свет”. Мы падчыніліся, хай будзе па яе, —дзялілася цётка Настасся. — Так і жылі без святла. Я чатыры класы скончыла, Маша — два. Сцясніцельныя былі мы ўвесь век, на людзей не глядзелі. Замуж не выходзілі. Ды і бедната, не было з чым… Пляменнікі хацелі нам правесці электрыку, настойвалі, ды мы ўжо прывыклі да лампадак. Век наш ужо кароткі, дацягнем як-небудзь.
Ткацтву ў суседкі навучыліся, Настассі Мацвееўны. Увесь век стараліся людзям угаджаць. Шмат падарылі сваіх ручнікоў, дываноў пляменніцам, дзеткам іх, ды і чужым людзям. За бальшым рублём не гналіся ніколі, за “палку” ў калгасе рабілі, але ж хацелі, каб капейка заўжды была. Зерне назапашвалі. А як жа ж. На ўсякі выпадак. Быў час, галодныя, а спявалі:
“Із-пад камушка серабрыстага
Цячот рэчанька, цячот быстрая…
Што ў той вадзе дзева мылася,
Дзева мылася, вымывалася,
Таргаўца-купца дажыдалася…” — нагадала нам ткачыха сваю долю словамі песні…
У вайну тут немцы не жылі, прайшлі толькі. Красныя як вярнуліся, сапожную ў нашым доме адкрылі, пачынялі боты і новыя шылі. Не толькі ваенным, а і гражданскім нашым. (Вось вам і чобаты! — заўвага аўтара.)
Працавала я сучкарубам у лясніцтве, з тапаром па лесе намахалася добра. Тры сезоны на нарыхтоўцы торфу яшчэ рабіла.
Цяпер, мамачка, страшна і дзверы незнаёмым адчыніць. Да нас гады два таму завіталі нейкія наезджыя. Маша да іх выйшла. Дык яны да істопкі. А я хату на замок! Сталі казаць, што яны з райсабеса і ім патрэбна наша фамілія. Дык я ім у адказ: “Тым, хто трэба, ведаюць”. Адна з іх, бачачы, што я не адамкну ім, пракляцці розныя стала пасылаць: “Памрэш сёння, не забудзь у чыстае прыбрацца!” А я ёй адказала, што мяне туды і ў каравай адзежы прымуць. Вось, мамачка. Ездзіў яшчэ нейкі мужык, люмінь тут збіраў, людзей абдурваў. Ой, не хочу я з імі чапацца.
Калі мы вярнуліся ў Чабатовічы, гэта вёска падалася цывілізаванай планетай. Хаця і не аграгарадок (далучылі яе да ААТ “Андрэеўка-Агра”), але ж ёсць тут сельсавет, школа, аптэка, пошта, лячэбная амбулаторыя, магазін. І дыхтоўны Дом культуры, парадак у якім падтрымліваюць Шаўчэнкі. Дарэчы, на пад’езде да яго своеасаблівая эмблема селішча — буслы ў жаночых чобатах!
— А ці ёсць у вёсцы хоць адзін майстар рамантаваць абутак? — пацікавілася ў дырэктара СДК. Даведаліся, што ёсць чабатар. Дзмітрыя Жукава і заспелі за рамонтам чаравікаў аднаго з сябрукоў. Па рэакцыі майстра на стаптаныя абцасы земляка ўпэўніліся, што работы ў яго непачаты край, лепш не перашкаджаць. Згадаліся “румынкі”, якія стаяць у мясцовым музеі. Падбітыя запалкамі, яны і сёння пацвярджаюць: былі, былі ў Чабатовічах чабатары сапраўдныя, ведалі ўсе тонкасці справы!
Свет цесны…
Напярэдадні сумнай даты пачатку Вялікай Айчыннай вырашылі наведацца да аднаго з чабатовіцкіх ветэранаў вайны. Прозвішча Купцоў узрушыла. І пакуль я намервалася сама запытацца, а ці не сваяк Пятро Прохаравіч свайму аднафамільцу Сяргею Паўлавічу, які быў кіраўніком гомельскага камсамольскага падполля, загадваў у 70-я аддзелам савецкай работы ў “Гомельскай праўдзе”, той сам сказаў: “Не чужая мне абласная газета, стрыечны брат мой працаваў у рэдакцыі. Ён родам з вёскі Хоўхла, тут непадалёк”. Цёпла згадваў, як Сяргей Паўлавіч любіў кпіць з яго дзеда, якога ў свой час раскулачылі за тое, што меў веялку і малацілку. У перыяд акупацыі Пятру неаднаразова даводзілася сустракацца са стрыечным братам: з пачатку 1943-га, пасля гібелі Аляксандра Ісачанкі, ён кантактаваў напрамую з кіраўнікамі падпольных груп, даваў ім заданні.
Пятро Прохаравіч трапіў на фронт у 1944-м. З запаснога палка, дзе навучылі валодаць ручным кулямётам, накіравалі ахоўваць артсклад каля вёскі Вішанькі на Рагачоўшчыне. “Акурат 23 лютага ў 6 раніцы пайшлі ў наступленне, быў паранены ў шыю, руку, калена. Прайшоў з-пад Слуцка да Польшчы, а Перамогу сустрэў у Кёнігсбергу. 17 снежня 1945-га спісалі канчаткова “да нестраявой”. Так што прыехаў у МТС Уваравіцкага раёна аграномам, 7 калгасаў на мне былі. Змагаліся мы ў тыя часы з куколем — пустазелле гэта забівала пасевы”.
Пазней рабіў селянін Купцоў і старшынёй калгаса на Піншчыне, і цаліну ўздымаў. Да ваенных узнагарод дабавіліся і працоўныя. Але ж нейкі злодзей залез у хату і выкраў з-за абразоў галоўны скарб гаспадара. Ды лёс падкінуў новыя выпрабаванні: 7 год даглядаў жонку, прыкаваную хваробай да ложка. Цяпер з родных застаўся ў Гомелі сын Андрэй, інвалід першай групы. “У прымах я 18 гадоў пасля смерці жонкі, дрэнны ўжо хадок, — падзяліўся ветэран. — Калі вы да мяне заехаліся, то нездарма. Помачы папрашу праз газету як ветэран: грубу адрамантаваць патрэбна. Ды на калодзежы на вуліцы трэба крышку паставіць і пачысціць яго. Сам бы рад зрабіць, не маю ўжо сілы…”
А пакідалі мы Чабатовічы, адкрыўшы, што і Алена Паўлаўна Шаўчэнка не чужая рэдакцыйнаму калектыву — сваячка Пятра Ельскага, які доўгі час загадваў аддзелам пісьмаў “Гомельскай праўды”.
І сапраўды свет цесны! Куды ні паедзеш, сустрэнеш калі не знаёмых, то іх родзічаў.
Тамара Кручэнка
Фота Вячаслава Сухадольскага
Реклама
Другие статьи раздела
Самое читаемое
-
Змеи Беларуси – кого стоит бояться?
- 15:08
- 04.10.2018
- 237905
-
В Гомеле после капремонта открылось общежитие для студентов медуниверситета
- 15:36
- 29.12.2020
- 196861
-
Сегодня в Гомеле начинают отключать отопление в квартирах
- 09:23
- 04.05.2021
- 160741
-
Блогер-тракторист из Хойников уехал в Латвию, а теперь рассказывает сказки о том, что у него хотели забрать ребенка
- 12:54
- 12.01.2021
- 156139
-
Как мы работаем и отдыхаем в мае
- 10:54
- 01.04.2019
- 145869
-
В Гомельском районе молодожены, возвращаясь со своей свадьбы, спасли пострадавших в ДТП
- 09:47
- 01.10.2019
- 134049
-
КСУП «Агрокомбинат «Холмеч» опираются на профессионализм людей – и это приносит результат
- 17:29
- 26.09.2020
- 125622
-
Кто протягивает руку первым, а кто, здороваясь, извиняется: правила хорошего тона
- 18:47
- 12.02.2017
- 117814
-
В Беларуси на этой неделе ожидается до +20°С
- 14:38
- 29.10.2018
- 115832
-
В Гомеле человек, переболевший COVID-19, стал первым в области донором плазмы с антителами
- 17:19
- 11.05.2020
- 115089



