Відавочнае і неверагоднае: з галівудскім шыкам на беларускую зарплату?

  • 7030
  • Гомельская правда
Поделиться
Яшчэ два дзясяткі гадоў таму ў нашай краіне адзенне і абутак былі ў дэфіцыце. Шанцавала тым, хто меў знаёмых ці родзічаў сярод прадаўцоў прамысловага гандлю. З шыкам апраналіся і тыя, хто з пераплатай мог дастаць імпартную кофтачку ці джынсы. Ну а пра італьянскія жаночыя боцікі і гаварыць не даводзілася. Сёння тавар прадстаўлены ў шырокім асартыменце, як кажуць, былі б грошы. Вось толькі пытанні прапановы, кошту і мадэльнага раду прымушаюць нашых пакупнікоў «наматаць» нямала кіламетраў, перш чым знайсці той тавар, які б задаволіў па ўсіх паказчыках. У Беларусі выпускам адзення і абутку займаюцца больш як 500 дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў. У той жа час магазіны і рынкі краіны прапануюць
Яшчэ два дзясяткі гадоў таму ў нашай краіне адзенне і абутак былі ў дэфіцыце. Шанцавала тым, хто меў знаёмых ці родзічаў сярод прадаўцоў прамысловага гандлю. З шыкам апраналіся і тыя, хто з пераплатай мог дастаць імпартную кофтачку ці джынсы. Ну а пра італьянскія жаночыя боцікі і гаварыць не даводзілася. Сёння тавар прадстаўлены ў шырокім асартыменце, як кажуць, былі б грошы. Вось толькі пытанні прапановы, кошту і мадэльнага раду прымушаюць нашых пакупнікоў «наматаць» нямала кіламетраў, перш чым знайсці той тавар, які б задаволіў па ўсіх паказчыках. У Беларусі выпускам адзення і абутку займаюцца больш як 500 дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў. У той жа час магазіны і рынкі краіны прапануюць шырокі асартымент імпартных тавараў. Ці можна сёння апрануцца і абуцца толькі ў беларускае? У гэтым паспрабавала разабрацца карэспандэнт «ГП».

Футболкі з нацыянальнай сімволікай

IMG_0548 Ірына Юдзіна выбірае сыну Архіпу футболку з беларускай сімволікай
Перш за ўсё наведалася ў магазін «Світанне», што ў абласным цэнтры. Таварамі імпартнай вытворчасці тут не гандлююць. Уздоўж сцен на вешалках — сукенкі, спадніцы, блузкі, кофтачкі, касцюмы з эцікеткамі «Мода-Юрс», «Прэстыж», «Таццяна», «Ледзі-Тэкс», «Лінда», «Ледзі-эксклюзіў». Тут жа на палічках прадукцыя ад вядомых беларускіх брэндаў: «Серж», «Світанак», «Купалінка». Усе тавары, па словах загадчыцы магазіна Святланы Верамеевай, — хадавыя, на палічках не залежваюцца, прычым таваразварот вырабаў складае 7-9 тысяч найменняў у месяц. Верхнія трыкатажныя вырабы, у залежнасці ад складу палатна, якасці, каштуюць ад 150 да 300 тысяч беларускіх рублёў. А жаночыя калготкі можна набыць як за 15 тысяч беларускіх рублёў, так і за 90 тысяч. Праўда, часам пакупнікі скардзяцца, што беларускія вытворцы рэдка радуюць навінкамі. Аднак намеснік загадчыцы магазіна ад гомельскай швейнай фабрыкі «8 Сакавіка» Святлана Іваненка з такім меркаваннем не згодная. — На нашым прадпрыемстве засвоілі выпуск актуальнай у зімовы час тэрмабялізны для жанчын і мужчын, футболак з беларускай сімволікай для дзяцей і дарослых, — расказала яна. — За гэтымі таварамі прыязджаюць нават з-за мяжы. Прычым, робяць заказы на цэлыя партыі.

Позірк не на чым спыніць...

Сапраўды, сёння беларускія вытворцы прапануюць адзенне ў асартыменце. Але ці такое яно таннае? Сярэдні заробак па краіне — каля пяці мільёнаў рублёў, з іх тры з паловай трэба смела адкінуць на аплату камунальных патрэб, ежу і набыццё розных неабходных рэчаў. Значыць, стаўлю перад сабой задачу купіць усё неабходнае ў паўсядзённым жыцці адзенне за 1,5 мільёна рублёў. Гэта проста нерэальна. Жаночы халацік з тонкага трыкатажу ад беларускага вытворцы каштуе ў межах 250-350 тысяч беларускіх рублёў, махровы — ад 340 і да 670 тысяч, мужчынская кашуля з доўгім рукавом — ад 200 тысяч рублёў і болей, калготкі для дзяцей — ад 45 да 65 тысяч рублёў за адну пару, спартыўныя штаны для мужчын — ад 210 тысяч. Дзіцячыя пальчаткі, прычым для восені, беларускі вырабнік прапануе нам набыць за 79 тысяч беларускіх рублёў. А вось, напрыклад, за піжаму ці начную сарочку трэба заплаціць ад 230 тысяч рублёў. Часта даводзіцца чуць, што некаторыя беларускія тавары не вельмі якасныя. Напрыклад гучаць нараканні ў бок трыкатажных футболак. — Новыя, яны яшчэ маюць выгляд, але пасля прання некаторыя становяцца на два, а то і тры памеры болей, — скардзіцца наведвальніца фірменнага магазіна ад «Світанка». — А бывае наадварот: трыкатажная майка настолькі змяншаецца па памеры, што ледзьве прыкрывае пупок. Але прадавец магазіна пінскага трыкатажу «Палессе» Наталля Дзядкова завярае, што калі з вырабам абыходзіцца ў адпаведнасці з інструкцыяй, то ён праслужыць доўга. Яе меркаванне падтрымлівае наведвальніца Наталля Васільеўна, якая прыехала разам з мужам з Рэчыцы. Яны набылі трыкатажных вырабаў на суму звыш мільёна рублёў. Тут жа з боку пакупнікоў прагучалі і прэтэнзіі. Гамяльчанка Наталля прызналася, што ў «Палессі» можа купіць адзенне толькі для дачкі.
IMG_0558 Купляць — не купляць?
— На жаль, для сябе не магу нічога выбраць, — скардзіцца жанчына. — Усё такое аднатыпнае, змрочнае, шэрае, позірк не на чым спыніць. У некаторых магазінах, якія прапануюць беларускія тавары, даведалася аб тым, што склады гатовых вырабаў пустуюць. Толькі чаму ж асартымент у гандлёвых залах іншых не толькі не змяншаецца, але і не мяняецца па колькасці? Як віселі шэрагі чорных, шэрых, карычневых сукенак, трыкатажных кофтачак, бесформенных палантынчыкаў, так і вісяць. Напэўна таму, каб зрушыць з мёртвай кропкі справу і «разгрузіць» вешалкі для новых «цікавых» ідэй, 29 снежня на тэрыторыі Беларусі вырашылі арганізаваць адзіны дзень зніжак на гандлёвых аб’ектах. Як прайшоў гэты дзень у фірменным магазіне ад швейнай фабрыкі «8 Сакавіка», пацікавілася ў начальніка аддзела збыту прадпрыемства Алены Крэтавай. — Сапраўды, на ўвесь асартымент тавараў у нашым магазіне былі зроблены 10- працэнтныя зніжкі, — патлумачыла яна. — Але наплыву людзей не было, усё прайшло як і ў любы з выхадных ці святочных дзён. А вось, напрыклад у нашым фірменным магазіне, што па Рэчыцкім праспекце ў Гомелі, дык наогул бывае мала людзей — рабі зніжкі ці не рабі. GP_Jan-16_N7-8_Page_03 На мой погляд, нашы магазіны не дапрацоўваюць у плане рэкламы. Паяўленне інфармацыі аб зніжках на цэнніках адзення і вопраткі ад беларускага вытворцы, яшчэ не значыць, што аб гэтым даведаўся пакупнік. Інфармацыю да спажыўца трэба даводзіць праз газеты і тэлебачанне. А з другога боку: што дае 10-працэнтная зніжка, калі пры разліку па дысконтнай карце ў магазінах імпартнага адзення COLINS і BigStar зніжка складае 15%? Зніжкі ў 50, а то і ў 80% прывабліваюць наведвальнікаў магазіна ACROPOLIS у Літве, вельмі папулярнага сярод беларускіх пакупнікоў.

Што для рускіх танна, для беларусаў аніяк

Затое ў райцэнтрах, здаецца, жывуць менш пераборлівыя пакупнікі. У добрушскім універмагу давялося пагутарыць з пенсіянеркай Раісай Макеенка. Жанчына расказала, што нягледзячы на крыху большы кошт айчынных адзення і абутку, яна і яе дзеці купляюць менавіта беларускае. — Нядаўна мая дачка набыла для дзіця зімовую куртачку. Засталіся з мужам задаволенымі, бо ўпэўнены, што пасля прання тканіна не зменіць афарбоўку і памер, як часам гэта бывае з рэчамі імпартнымі, — патлумачыла яна. — Ніжні і верхні трыкатаж ад беларускіх вытворцаў мяне задавальняе цалкам — як па кошце, так і па якасці. У аддзеле жаночага адзення заўважыла чаргу. Падышла, прыслухалася — пакупнікі з Расіі. Аказалася, спецыяльна прыехалі за панчошна-шкарпэткавымі вырабамі, нацельнай бялізнай, верхнім трыкатажам, паліто. Хвалілі «Купалінку», «8 Сакавіка», «Рамгіль», «Элему».
IMG_0561 Беларускае ці кітайскае: кожны выбірае сам
Беларускі абутак таксама карыстаецца попытам у расіян, іх прыцягвае кошт. Але ўсё ж складана перастаць дзівіцца таму, што некаторыя зусім безаблічныя і часам ніякія па выглядзе тавары ад беларускага вытворцы прадаюць па кошце, за які можна апрануцца і абуцца нават у Еўропе, не кажучы ўжо аб Расіі і Украіне.

«Нам не па кішэні...»

Абутак ад беларускіх вытворцаў сёння прадстаўлены шматлікімі прадпрыемствамі. «Белвест», «Сівельга», «Марка», «Отыка», «Прамень», «Нёман». Гэта раней туфлі і боцікі «выкідвалі» ў гандлёвую сетку толькі ў пэўныя дні і за імі ствараліся вялізныя чэргі. Прычым людзі нават не цікавіліся ні памерам, ні коштам вырабаў, а хваталі тое, што трапляла ў рукі. Цяпер можна пахадзіць па магазінах і рынках на працягу некалькіх дзён або тыдняў і выбраць абутак па гусце і кошце. Магазіны абутку ў абласным цэнтры прадстаўляюць у асноўным амаль што аднолькавыя мадэлі ад вядомых беларускіх брэндаў. У пакупнікоў розныя меркаванні. Хтосьці задаволены прапановай і заўсёды купляе толькі беларускі абутак. Некаторыя набываюць толькі імпартнае, таму што «падабаецца выбар па мадэльным шэрагу», а нехта наогул лічыць абутак ад беларускага вытворцы «тапорнай работай». Зусім нядаўна я завітала ва ўнівермаг «Гомель» і пацікавілася прапановай на мужчынскі і жаночы абутак. Для моцнай паловы чалавецтва яшчэ можна выбраць зімовыя боты ад «Белвеста» ці «Марка» — яны і на выгляд сімпатычныя і выраблены якасна. А вось з жаночым асартыментам бяда. Палічкі запоўнены, але на працягу дня маладыя дзяўчыны і жанчыны бальзакаўскага ўзросту марна спрабуюць падабраць сабе боты.
IMG_0572 Для Віктара і Крысціны краіна-вырабнік значэння не мае
— Аддаем немалыя грошы, дык хацелася б купіць такі абутак, каб сядзеў на назе зручна і выгляд меў, — скардзіцца маладая жанчына. Гляджу — перабіраюць боты на паліцах, круцяць іх, мераюць, але выбар ні на чым не могуць спыніць. Думаю: я чалавек не капрызны, сабе змагу што-небудзь нагледзець. Пахадзіла-пахадзіла — а выбраць, сапраўды, няма чаго. Кошт на жаночыя боты складае 1 700 000 беларускіх рублёў і вышэй. Нават высокія боты са штучным мехам каштуюць не менш за 2 мільёны. У аддзеле дзіцячага адзення і абутку прапануюць беларускія боты для дзятвы коштам ад 560 тысяч да 800 тысяч рублёў. У той час я прыпамінаю, што імпартныя каштуюць ад 280 да 400 беларускіх рублёў на рынку і ад 560 да 700 тысяч у магазінах з імпартнымі таварамі. Высновы рабіце самі.

За таварам — на Украіну

Зрэшты, большасць людзей сёння па-ранейшаму імкнецца апранацца на рынку ці ў магазінах імпартных тавараў. Хоць там, здаецца, трыкатажныя вырабы, скажам мякка, не вельмі высокай якасці. Для некаторых пакупнікоў краіна-вырабнік не мае значэння. Яны купляюць як беларускія тавары, так і імпартныя. Некаторыя нашы суайчыннікі не пагаджаюцца апранацца ў «патрыятычнае рыззё». Лічаць: раз у нас нельга набыць нармальныя тавары, трэба ехаць за імі за мяжу, напрыклад на Украіну. Нават мае знаёмыя часта вязуць адтуль адзенне і абутак. Мама траіх дзяцей, жыхарка Добруша Таццяна Дударава купляе ў суседняй краіне трыкатажныя вырабы, бо ўпэўнена, што іх якасць сёння не ўступае якасці беларускіх вырабаў. Там таксама шмат прыватных прадпрыемстваў, дзе шыюць добрыя сукенкі, касцюмы, спадніцы, штаны. Што датычыцца кошту, то ён амаль у два разы меншы. Значна танней каштуюць абутак і верхняе адзенне. Зусім нядаўна Таццяне спатрэбілася набыць старэйшаму сыну зімовыя боты. Аб’ездзіла шмат магазінаў у Гомелі, глядзела прадукцыю беларускай вытворчасці, але ўсё ж давялося купіць імпартныя, таму што нашы аказаліся дужа грубымі на выгляд і не вельмі таннымі па кошце. І такіх, як Таццяна, — нямала. IMG_0578 Экспертыза вырашыць... Цікава неяк атрымліваецца: беларусы ездзяць на Украіну за таварамі, а украінцы кажуць, што лепей нашага трыкатажу няма. Ды і расіяне не адстаюць ад сваіх суседзяў у гэтым меркаванні. Звярнулася ў Гомельскую мытню. Там патлумачылі: сапраўды, грамадзяне, якія едуць на рынкі Украіны, вязуць адтуль тавары для асабістага карыстання, у тым ліку адзенне і абутак. Але масавага вывазу, напрыклад у параўнанні з 2012 годам, не назіраецца. Людзі як наведваліся ў сезон: апрануць і абуць дзяцей да школы або набыць зімовае адзенне і абутак, так і наведваюцца зараз. Часам бывае цяжка зрабіць выбар на карысць беларускага ці імпартнага тавару, калі арыентавацца на іх якасць. Аказваецца, і тыя, і другія могуць мець як вытворчыя дэфекты, так і дэфармацыю пры эксплуатацыі. Як патлумачыла вядучы судовы эксперт Гомельскага аддзялення Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Таццяна Драздова, сёння мае месца вяртанне няякасных беларускіх тавараў.
Па інфармацыі камітэта эканомікі аблвыканкама, за 10 месяцаў 2013 года з Украіны і Расіі на Гомельшчыну імпартавана адзення на 2 мільёны 285 тысяч долараў ЗША. Завезена абутку на 1 мільён 176 тысяч долараў
— Пакупнікі звяртаюцца да таваразнаўцы і на месцы вырашаюць схему далейшых дзеянняў, — расказала эксперт. — Падлягае тавар абмену або пакупнік мае права на атрыманне грошай — вырашае экспертыза. Скажу толькі, што 60% адзення і абутку ад беларускіх вытворцаў, па якіх ёсць пытанні ў спажыўцоў, маюць вытворчы брак, а 40% тавараў губляюць якасць па віне пакупніка — з-за няправільнай эксплуатацыі. Што датычыцца імпартных тавараў, адносна іх схема крыху іншая. Па пытаннях дэфектаў адзення і абутку ў сярэднім да нас звяртаюцца 3-4 чалавекі на тыдзень. Прычым, выпадкі вяртання абутку складаюць 80%, на швейныя ж вырабы застаецца 20%.

Модна, дорага і бяспечна для здароўя

— Прадаўцы імпартнай прадукцыі сёння прапаноўваюць больш нізкі кошт і маюць магчымасць рабіць сезонныя зніжкі, — адзначае намеснік начальніка ўпраўлення гандлю і паслуг Гомельскага аблвыканкама Вольга Жылко. — Але ў любым выпадку тавары ад беларускага вытворцы — гэта гарантыя на эксплуатацыю, бяспека для здароўя спажыўца, наяўнасць адпаведных дакументаў на ажыццяўленне кантролю якасці на вытворчасці. Што датычыцца калекцый адзення і абутку ад беларускіх прадпрыемстваў для экспарту, то гэта не сакрэт: у кожнага вытворцы ёсць дамоўленасці з Украінай, Расіяй, краінамі дальняга і бліжняга замежжа, еўрапейскімі дзяржавамі на выраб пэўных мадэляў, якія не трапляюць на прылаўкі магазінаў Беларусі.
IMG_3152 Панчохі і шкарпэткі - толькі беларускія
Канечне, да еўрапейскіх распродажаў на Раство нам яшчэ ой як далёка. Тым больш, што беларускія вытворцы ўпарта трымаюць цэны на пазалеташнія калекцыі ў поўнай упэўненасці іх прадаць. Праўда, было б лепей, калі б з такой завіднай упартасцю нашы мадэльеры сачылі за навінкамі з подыумаў Мілана і Парыжа. Замест таго, каб актыўна займацца рэкламнай дзейнасцю, а таксама знаходзіць магчымасць рабіць зніжкі хаця б на некаторыя групы тавараў, беларускія вытворцы прапануюць альтэрнатыўны варыянт — набыць тавары ў крэдыт. Так можна прыйсці да таго, што скора мы будзем звяртацца ў банк па крэдыт для набыцця шкарпэтак. Дзе ж знайсці альтэрнатыву, якая б не ставіла людзей перад выбарам, а дазваляла купляць тое, што па душы? Думаю, каб прыцягнуць увагу пакупніка да адзення і абутку ад беларускага вытворцы, трэба кардынальна змяніць падыход да іх стварэння. І гэта датычыцца не толькі дызайну, але і падбору матэрыялу, з якога яны зроблены, і памернага шэрагу, і стылю выканання. Тады і магазіны з айчыннымі таварамі не будуць візуальна нагадваць склады з сэканд-хэндам, а беларусы перастануць апранацца і абувацца ў кітайскі шырспажыў. Успомнілася вядомае выказванне: «Хочаш быць шчаслівым — будзь ім!» Апрануцца і абуцца ў беларускае? Шчыра кажучы, вельмі хацелася б...

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей