Ад “Сэрца на далоні” да “Чорнага бумера”

У ГДУ імя Ф. Скарыны з’явіўся музей пісьменнікаў-выпускнікоў ГДУ Alma mater.
У ГДУ імя Ф. Скарыны з’явіўся музей пісьменнікаў-выпускнікоў ГДУ Alma mater. 
На парозе першых гасцей сустракаў шчаслівы і крыху ўсхваляваны доктар філалагічных навук і прафесар Іван Штэйнер. Менавіта яму належыць ідэя стварэння музея. 
IMG_0982.jpgIMG_0993.jpg
— Тут змешчаны матэрыялы, звязаныя з пісьменнікамі, паэтамі і нават кампазітарамі ды спевакамі, якія ў розныя часы вывучаліся ў Гомельскім педінстытуце імя Чкалава, пазней — ГДУ імя Францыска Скарыны, — распавёў карэспандэнту “ГП” Іван Фёдаравіч. — Невыпадкова мы шмат часу рыхтаваліся да адкрыцця музея, збіралі ўнікальныя матэрыялы пра асоб, якія сталі значнай з’явай не толькі для нашага рэгіёна, але і для ўсёй краіны. 
— Якія экспанаты, на вашу думку, заслугоўваюць найбольшай увагі? 
— Гэта лісты Івана Шамякіна, Міхася Даніленкі і Паўлюка Пранузы. Акрамя таго, маем шмат эксклюзіўных фотаматэрыялаў, кнігі, падпісаныя знакамітымі пісьменнікамі і паэтамі. Хоць Іван Мележ і не вучыўся ў нашым ГДУ, але ў музеі ёсць асобнік яго кнігі “Людзі на балоце” з аўтографам. Насамрэч, гэта толькі пачатак. Зараз мы працуем над вялікай колькасцю матэрыялаў, звязаных з жыццём пісьменнікаў, але, каб іх прадставіць наведвальнікам, трэба абсталяваць большае памяшканне. Музей будзе абавязкова пашырацца. Як філолагі мы не вялі падлік экспанатаў, але я ўпэўнены, ужо зараз у нас выстаўлена больш за дзвесце штук. 
— Як з’явілася ідэя стварыць падобны музей?
— Калі я паступіў у аспірантуру ГДУ. У свой час тут вучылася шмат літаратараў, пачынаючы ад знакамітага аўтара “Сэрца на далоні” Івана Шамякіна і заканчваючы тымі, хто вучыцца тут ў цяперашні час. За тры апошнія гады ў маладых пісьменнікаў вышла 11 кніг! Шамякін у свой час даслаў мне ліст, дзе пісаў: “Ганаруся тым, што вучыўся ў педінстытуце”, з удзячнасцю згадваў тагачаснага рэктара акадэміка Барыса Бокуця. Кажуць, Іван Шамякін не здаў экзамен, кінуў інстытут і пераехаў у Мінск. Справа ў тым, што яму прапанавалі стыпендыю ў Вышэйшай партыйнай школе аж 1200 рублёў. Гэта было шмат больш, чым яго заробак у Гомелі. Але пісьменнік захаваў любоў да нашага ўніверсітэта. Нездарма свой ліст Іван Пятровіч скончыў словамі “Паклон цябе, кузня кадраў!” Трэба сказаць, ГДУ скончылі яго сын, зяць і пяць пляменніц. Дарэчы, у нас у свой час тры гады вучыўся славуты рэпер Сярога, вядомы сваім хітом “Чорны бумер”. Але ён вывучаў не літаратуру, а нямецкую мову на факультэце замежных моў. Вядомы гурт “Стары Ольса” заснаваў выпускнік гістарычнага факультэта Зміцер Сасноўскі. Ён арыгінальны кампазітар, паэт і даследчык еўрапейскіх музычных інструментаў. Наш універсітэт скончылі знакавыя беларускія барды Андрэй Мельнікаў, Эдуард Акулін, Вальжына Цярэшчанка. 
— Літаратурныя традыцыі сапраўды моцныя ў ГДУ. Чаму так атрымалася менавіта ў галоўнай навучальнай установе Палесся?
— Складана сказаць, але гэты феномен назіраецца з часу ўзнікнення педагагічнага інстытута імя Чкалава. Захавалася заява тых часоў, якая напісана паэтам Леанідам Гаўрылавым: “Я скончыў першы курс інстытута народнай гаспадаркі імя Куйбышава, але, маючы літаратурныя здольнасці і з’яўляючыся пачатковым паэтам, лічу мэтазгодным займацца на літаратуразнаўчым факультэце педінстытута. Мне патрэбна больш глыбокая распрацоўка ведаў па літаратуры, таму маю намер прасіць вас аб прыняцці мяне на першы курс”. Леаніда Гаўрылава прынялі ў інстытут. На жаль, ён загінуў у першыя дні вайны. Калі ў 1969 годзе інстытут атрымаў статус універсітэта, з’явілася свая газета, якая выдавалася двойчы ў тыдзень. Вакол яе аб’ядналася суполка таленавітых студэнтаў. Паэт Віктар Ярац заснаваў літаратурнае аб’яднанне “Крынічка”, і ў яго ўвайшлі дзясяткі паэтаў, сярод якіх былі не толькі філолагі, але і прадстаўнікі іншых факультэтаў. Як некалі Дзюма штурмаваў Парыж, а Гогаль — Пецярбург, наступная хваля паэтаў палічыла, што Гомеля для іх будзе мала і стварылі ў Мінску мадэрновае аб’яднанне “Тутэйшыя”. Зараз літаратурная суполка ГДУ і нават абласнога цэнтра перайшла ў рукі паэтэсы Ніны Шкляравай, бо ў яе Школе маладога літаратара займаецца шмат маладых паэтаў і пісьменнікаў і друкуюць новыя кнігі. А гэта добрыя весткі для нашага музея.
IMG_0973.jpgIMG_0994.jpgIMG_0995.jpgIMG_0996.jpgIMG_0997.jpgIMG_0998.jpgIMG_1002.jpgIMG_1009.jpgIMG_1015.jpgIMG_1020.jpgIMG_1034.jpgIMG_1036.jpgIMG_1038.jpgIMG_1040.jpg

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей