Фолк, арт і іншы крэатыў

  • 6080
  • Гомельская правда
Поделиться
На мінулым тыдні ў канферэнц-зале цэнтральнай гарадской бібліятэкі адбыўся «Кірмаш праектаў», які па ўсёй краіне ладзіць культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!». Творчыя асобы з Гомеля прадставілі гледачам, якія выконвалі ролю крытыкаў, 11 аўтарскіх праектаў. Іх рэалізацыя можа стаць унёскам у развіццё культурнага жыцця горада і вобласці. — Калі мы разам будзем прыкладаць намаганні, каб кожны з нас паляпшаў сваю асабістую культуру, краіна будзе квітнець. Шмат людзей маюць файныя ідэі, нейкія задумы, але ж разважаюць: «Ай, чаму я буду аб гэтым расказваць камусьці, можа гэта не варта?» «Каго гэта можа зацікавіць?» — сказала напачатку імпрэзы каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі!» Ніна Шыдлоўская. — Насамрэч, калі агучваеш ідэю, заўсёды знойдуцца аднадумцы, якія падтрымаюць і дапамогуць у яе рэалізацыі. І ўсё гэта прынясе агульную супольную карысць канкрэтна
На мінулым тыдні ў канферэнц-зале цэнтральнай гарадской бібліятэкі адбыўся «Кірмаш праектаў», які па ўсёй краіне ладзіць культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!». Творчыя асобы з Гомеля прадставілі гледачам, якія выконвалі ролю крытыкаў, 11 аўтарскіх праектаў. Іх рэалізацыя можа стаць унёскам у развіццё культурнага жыцця горада і вобласці. — Калі мы разам будзем прыкладаць намаганні, каб кожны з нас паляпшаў сваю асабістую культуру, краіна будзе квітнець. Шмат людзей маюць файныя ідэі, нейкія задумы, але ж разважаюць: «Ай, чаму я буду аб гэтым расказваць камусьці, можа гэта не варта?» «Каго гэта можа зацікавіць?» — сказала напачатку імпрэзы каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі!» Ніна Шыдлоўская. — Насамрэч, калі агучваеш ідэю, заўсёды знойдуцца аднадумцы, якія падтрымаюць і дапамогуць у яе рэалізацыі. І ўсё гэта прынясе агульную супольную карысць канкрэтна ўзятаму гораду, вёсцы ці нейкаму асяродку і ўвогуле ўсёй нашай краіне. Перад самым пачаткам былі агучаны правілы: выступ аўтараў павінен працягвацца не больш за пяць хвілін, а гледачы, якія будуць уважліва сачыць за прэзентацыямі, могуць выстаўляць свае адзнакі ў раздадзеныя ім анкеты па трох катэгорыях: актуальнасць, важнасць для мэтавых груп, магчымасць рэалізацыі. Нагадаем, што да Гомеля аналагічная імпрэза адбылася ў Магілёве, на днях распачнецца ў Віцебску. Гомельскія праекты пададзены ў вольным парадку, незалежна ад набраных балаў, бо кожны з іх цікавы.  

Паэтычны фэст пад вольным небам

(Ганна Новік, студэнтка філфака ГДУ імя Францыска Скарыны) — Вядома, што беларусы — нацыя паэтаў, — прадставіў праект Максім Новік, муж Ганны. — У Гомелі ёсць розныя літаратурныя аб’яднанні, напрыклад, школа-студыя маладога літаратара, арт-кавярня і іншыя. Але ўсе мерапрыемствы, якія яны ладзяць, праходзяць у акадэмічным стылі. У іх прымаюць удзел адны і тыя ж людзі, якія ўжо вельмі добра ведаюць адзін аднаго. Мы прапануем вулічны фэст з мэтай папулярызацыі сучаснай паэзіі, каб разварушыць нейкім чынам літаратурнае жыццё нашага Гомеля. Фармат — чытанне вершаў пад адкрытым небам, якому будзе папярэднічаць невялікі майстар-клас з удзелам больш вопытных творцаў з Гомеля і Мінска. Час правядзення — чэрвень 2013-га.  

«Перш чым я памру, я хачу...»

(Валянціна Яцэнка, вучаніца абласнога ліцэя) Праект пачаўся ў Новым Арлеане, дзе яго творца пахаваў свайго блізкага чалавека, потым выкупіў закінуты дом, зафарбаваў яго сцяну чорнай фарбай, напісаў Before I die... (я хачу) і павесіў кавалачкі крэйды, каб жыхары прадоўжылі сказ. Ён захацеў даведацца, што важна для іншых людзей. За першы дзень сцяна была амаль цалкам зафарбаваная. — Такі праект у Гомелі дапаможа кожнаму жыхару задумацца, што ён хоча зрабіць у жыцці, — распавядае Валянціна. — Хтосьці хоча пахудзець, хтосьці — пабываць у Італіі, нехта — хутчэй скончыць школу, а нехта — наадварот. Калі б у мяне была магчымасць напісаць нешта на такой сцяне, гэта было б «Я хачу рэалізаваць гэты праект».  

Танцавальныя этнавечарыны з гуртом «Млын Сонца»

(Валянціна Міронава, супрацоўніца Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава, і Цімафей Палунін, студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры) — Я не ведаю, што робіцца на сучасных дыскатэках, але спадзяюся, што мы можам прапанаваць альтэрнатыву — танцавальныя этнавечарыны, — распавядае пра сваю мару Валянціна. — Мы не толькі граем уласныя песні, але ж і беларускія танцы. Ідэя танцавальных вечарын не новая, але ўнікальная для Гомеля. Раней мы ўжо ладзілі такія вечарыны, і яны карысталіся поспехам. На сённяшні дзень наша мэта рабіць іх раз ці два на месяц. Хацелася б пашырыць нашу аўдыторыю, каб наведвальнікі прыходзілі не проста паслухаць музыку, а менавіта патанчыць. Танцам можна навучыцца на месцы. Усё, што нам патрэбна, — памяшканне, рэклама ў прэсе. Недастае ў нас зараз музычных інструментаў і музыкаў.  

Праект «Замчышча»

(Марына Сяргеева, кіраўнік клуба гістарычнага мадэліравання і фехтавання «Гридни Мстислава Глебовича») — Нашаму клубу 9 гадоў. Гэта адзіны клуб у Беларусі, які займаецца рэканструкцыяй старажытных падзей, асоб, касцюмаў, якія існавалі на старажытнай тэрыторыі Гомеля, — з гонарам за сваю справу адзначыла Марына. — Амаль што ўсе ведаюць пра Палац Румянцавых і Паскевічаў. Але ж мала хто ведае, што было на яго месцы раней. Калісьці, у ХІІІ стагоддзі, быў на яго месцы драўляны замак. У горада была ўласная майстэрня зброі, што сведчыць пра магутнасць тагачаснага Гомеля. Рэканструкцыя ўзбраення — гэта стварэнне таго месца, якое будзе нагадваць гараджанам, наколькі даўно ў ім жывуць людзі.  

Штогадовы фестываль творчай моладзі «Арт-вёска»

(Кірыл Краўцоў, фатограф, вандроўнік) Кірыл Краўцоў, які прапагандуе здаровы лад жыцця, распавёў, што ўжо шосты год займаецца праектам арт-вёска «Чырвоны Кастрычнік». Так называецца вёска, у якой ён жыве. — Чырвоны Кастрычнік знаходзіцца за 70 кіламетраў ад Рэчыцы, там вельмі файная прырода: возера, лес. Кожны год улетку ў вёсцы праходзяць фестывалі, — кажа ён. — Мая «Арт-вёска» адрозніваецца ад іншых фестываляў так, як вулічны тэатр адрозніваецца ад звычайнага. У звычайным ёсць акцёры, рэжысёры, касцюмеры і гэтак далей, і ўсе яны разам ствараюць спектакль, на які прыходзяць паглядзець гледачы. А ў вулічным тэатры кожны глядач — удзельнік імпрэзы. Мая ідэя ў тым, што я прапаную кожнаму ўдзельніку фестывалю прыйсці на фэст з уласным праектам. Гэта можа быць майстар-клас рамеснікаў, выступ гурта, выстава малюнкаў ці здымкаў — карацей кажучы, хто на што мае талент.  

Арт-хаус, кінематаграфічны праект

(Алег Боклаг, мастак) У Алега ёсць канцэпцыя кінематаграфічнага праекта: гэта праблемны твор, які ён прапаноўвае ўвасобіць у эксперыментальнай манеры. Засталося знайсці аднадумцаў, а таксама якасную тэхніку. Плануецца, што фільм будзе зняты ў Гомелі, а яго рэліз адбудзецца ўвосень 2013 ці ўвесну 2014 года.  

Гарадскі інтэрнэт-часопіс The Mag

(Аляксей Чаранкевіч, вэб-дызайнер і праграміст) Сайт The Mag.by працуе з 2012 года, мае 500 — 1000 унікальных наведвальнікаў на дзень і ўжо 150 аўтарскіх публікацый. Зараз Аляксей знаходзіцца ў пошуку таленавітых аўтараў, плануе адкрыць офіс рэдакцыі. Мэта праекта — распавесці чытачам гісторыі поспеху бізнэсоўцаў, якія пачыналі з нуля і ў якіх атрымалася рэалізаваць смелыя ідэі. Акрамя гэтага, у інтэрнэт-часопісе размешчана афіша, агляды кніг, фільмаў і музыкі.  

Тэатр-цырк «Ікропка»

(Ігар Хадыка, студэнт БелДУТа) — Усё пачалося з маёй мары. У дзяцінстве мне хацелася мець свой уласны вандроўны цырк, бо мяне вабіла ўсё вясёлае, незвычайнае, цікавае і яскравае, — распавёў Ігар. — З цягам часу мара ажыццявілася: з дапамогай сяброў і знаёмых атрымалася скрыжаваць музыку, цыркавое шоу і тэатральныя пастаноўкі. Але праект не стаіць на месцы, мае вялізнае жаданне развівацца і выходзіць на больш прафесійны ўзровень. Ігару хочацца арганізаваць прадстаўленні, якія маглі б пабачыць як мага больш гамяльчан...  

Пешаходны бульвар

(архітэктурны праект і візуалізацыя — Дзмітрый Ніканораў, дызайн — Вольга Хаткоўская, канцэпцыя — Сяргей Ляпін)
— Гомель — адзіны абласны цэнтр, у якім няма паўнавартаснай пешаходнай вуліцы. Мы прапануем стварэнне пешаходнага бульвара, — распавядае Сяргей Ляпін. — Тут загсы, музей Вялікай Айчыннай вайны, музей гісторыі горада, выставачная зала, канцэртныя пляцоўкі ў ГЦК. Аўтары ідэі прадставілі праект пешаходнага бульвара ад Ірынінскай да вуліцы Пушкіна, працяг­ласць якога 1300 метраў. Тут шмат гістарычных помнікаў, няма вялікай транспартнай нагрузкі, кажуць яны. І прапаноўваюць паставіць тут таксафоны, стылізаваныя пад даўніну ліхтары, пакласці брукаванку, зрабіць Wi-Fi-зоны і веласцяжынку. Ну і, канешне, мабільную сцэну, адкрытую кінапляцоўку, каб адпачываць тут было прыемна.  

«Арт-камора»

(моладзевая краязнаўчая грамадская арганізацыя «Талака») Ідэя ў стварэнні вольнай арт-пляцоўкі, дзе маглі б адбывацца мерапрыемствы самага рознага кшталту — выступы музыкаў, паэтычныя вечарыны, публічныя лекцыі, майстар-класы, прэзентацыі, святкаванні традыцыйных беларускіх святаў. — Мы б хацелі, каб было месца, дзе творцы маглі б прэзентаваць свае працы. Такія пляцоўкі пачалі стварацца па ўсім свеце ў другой палове 90-х, напрыклад, берлінская «Тахелес», якая вельмі папулярная зараз, — прадставіла канцэпцыю Ірына Глушэц, метадыст па этнаграфіі і фальклору ў абласным цэнтры народнай творчасці.  

Фестываль ткацтва «Кросенцы»

(Пятро Цалка, навуковы супрацоўнік філіяла Веткаўскага музея ў Гомелі) Пятро прапануе трохдзённы ткацкі фэст, на якім майстры будуць прэзентаваць ужо сатканыя ручнікі і таксама працаваць над новымі на вачах наведвальнікаў фэсту. Падчас фэсту плануецца ладзіць лекцыі па семантыцы арнамента, канферэнцыі і экспедыцыі. Ткацкі фэст мусіць завяршыцца стварэннем некалькіх макетаў ручнікоў і іншай ткацкай сувенірнай прадукцыі. Вынікам усяго гэтага стане выданне фотаальбома ў электронным варыянце, у які войдуць найлепшыя ўзоры ткацтва. Такое мерапрыемства будзе працаваць на імідж не толькі асобнага горада, але і ўсёй краіны, упэўнены аўтар праекта.  

Кірмаш праектаў. Адзнакі гледачоў

№ пп Назва праекта Актуальнасць ідэі Важнасць для мэтавых груп Магчымасць рэалізацыі
1 Фестываль творчай моладзі “Арт-вёска” 8,42 8,56 7,08
2 «Перш чым я памру, я хачу…» 5,85 6,8 9,2
3 Пешаходная вуліца як цэнтр гарадской вулічнай культуры 8,31 9,16 6,33
4 Танцавальныя этна-вечарыны 6,27 7 8,88
5 Арт-камора 6,54 7 7,24
6 Гарадскі інтэрнэт-часопіс “The Mag” 7,62 8,28 9,29
7 Тэатральна-цыркавы праект “Ікропка” 8,42 8,12 8,48
8 Фестываль “Вулічныя вершы” 6,04 7,84 9,08
9 Праект “Замчышча” 7,73 8,04 5,12
10 Арт-хаус 4,27 4,71 7,26
11 Ткацкі фэст “Кросенцы” 7,96 7,4 8,72
  P.S. Свежыя ідэі — гэта заўсёды цікава. Асабліва, калі яны тычацца ўпрыгожвання таго месца, дзе мы праводзім шмат свайго часу. Бо жыць у сваім горадзе і адчуваць сябе госцем неяк няўтульна. Хутка пацяплее, і моладзь пачне збірацца каля фантана на вуліцы Савецкай. Было б файна, калі б тут чыталі вершы, паказвалі цыркавыя нумары ці танчылі пад музыку гурта “Млын Сонца” і іншых гомельскіх музыкаў. І нават калі прапановы, якія былі агучаны на “кірмашы”, не будуць рэалізаваны, гэта не самае галоўнае. Важна, што кожны з маладых людзей, якія іх прапанавалі, хоча нешта рабіць для свайго горада. Прыемна, што імёны некаторых аўтараў ідэй можна было бачыць на старонках нашай газеты і раней. Гэта Валянціна Міронава, Кірыл Краўцоў, Пятро Цалка, Сяргей Ляпін ды іншыя. Поспехаў і крэатыву!

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей