Прыгажуні стогадовай даўнасці

  • 9918
  • Вольга Лабачэўская, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Белдзяржуніверсітэта культуры і мастацтва; Валянціна Лебедзева, выкладчык ГДУ імя Ф. Скарыны
Поделиться
Народ моцны, прыгожы і жыццярадасны Так у 1912 годзе назваў палешукоў вядомы этнограф Роўна стагоддзе назад, у 1912 годзе, па Беларускім Палессі прайшла першая “фатаграфічна-этнаграфічная экскурсія”, ці “фатаграфічная экспедыцыя”, як іх тады называлі. Здзейсніў яе беларускі этнограф, гісторык і археолаг Ісак Сербаў (1871 — 1943), а арганізатарам выступіла адна з самых аўтарытэтных расійскіх навуковых устаноў — Імператарскае Расійскае геа­графічнае таварыства (ІРГТ), Паўночна-Заходні аддзел якога дзейнічаў у Вільні. Сербаў быў амаль нашым земляком, ураджэнцам Магілёўскай губерніі (у склад якой уваходзіў тады і Гомель) і звязаў свой лёс з беларускай культурай. Прага да адукацыі прывяла яго спачатку ў Полацкую настаўніцкую семінарыю, а ўжо ў 30

Народ моцны, прыгожы і жыццярадасны

Так у 1912 годзе назваў палешукоў вядомы этнограф

Роўна стагоддзе назад, у 1912 годзе, па Беларускім Палессі прайшла першая “фатаграфічна-этнаграфічная экскурсія”, ці “фатаграфічная экспедыцыя”, як іх тады называлі. Здзейсніў яе беларускі этнограф, гісторык і археолаг Ісак Сербаў (1871 — 1943), а арганізатарам выступіла адна з самых аўтарытэтных расійскіх навуковых устаноў — Імператарскае Расійскае геа­графічнае таварыства (ІРГТ), Паўночна-Заходні аддзел якога дзейнічаў у Вільні.

Сербаў быў амаль нашым земляком, ураджэнцам Магілёўскай губерніі (у склад якой уваходзіў тады і Гомель) і звязаў свой лёс з беларускай культурай. Прага да адукацыі прывяла яго спачатку ў Полацкую настаўніцкую семінарыю, а ўжо ў 30 гадоў ён скончыў прэстыжны Маскоўскі археалагічны інстытут. Настаўнічаць пачаў у Мінску і, як многія прадстаўнікі інтэлігенцыі, захапіўся вывучэннем Беларусі. Наладжваючы трохгадовую палескую экспедыцыю, ІРГТ паставіла перад Сербавым задачу збору матэрыялаў пра насельніцтва рэгіёна, народныя касцюмы, звычаі і фальклор. Таварыства ўдзяляе вялікую ўвагу фіксацыі імкліва адыходзячай этнаграфічнай рэчаіснасці, таму даследчык быў узброены новым па тым часе тэхнічным сродкам — фота­апаратам. Дакладна невядома, колькі здымкаў было зроблена ім за экспедыцыйныя 1911 — 1913 гады: даследчыкі мяркуюць, што ад 2 да 5 тысяч. 438 фота захоўваюцца ў бібліятэцы Вільнюскага ўніверсітэта ў Літве. Меркавалася выдаць альбом здымкаў Сербава, але перашкодзіла Першая су­светная вайна, фотазбор быў надоўга забыты. Новае яго адкрыццё адбылося зусім нядаўна. Бібліятэка Вільнюскага ўніверсітэта дала ласкавы дазвол на капіраванне і публікацыю здымкаў у Беларусі, што азначае вяртанне часткі нашай культурнай спадчыны, а таксама выдатнай крыніцы інфармацыі пра рэаліі, якія беззваротна зніклі ўсяго праз нейкае дзесяцігоддзе. Значная частка экспедыцыйнага маршруту Ісака Сербава пралягала па Гомельшчыне: сучасных Жыткавіцкім, Калінкавіцкім, Петрыкаўскім, Мазырскім, Светлагорскім і Рэчыцкім раёнах. У кожным з іх даследчык здымаў сялян, рамеснікаў, жанчын у традыцыйных строях, дзяцей, драўляныя цэрквы, могілкі, забудову вёсак і хутароў, краявіды. Акрамя фотаздымкаў, ён рабіў запісы казак, загадак, паданняў, песень, занатоўваў народныя мелодыі.
З надрукаванай у “Записках Северо-Западного отдела Императорского Русского географического общества” справаздачы Сербава “Поездка по Полесью летом 1912 года” можна даведацца аб маршруце і ўражанні, якое зрабіла на яго Гомельшчына. Вось якую этнаграфічную характарыстыку дае даследчык тэрыторыі паміж нізоўямі Прыпяці і Дняпра: “Па сваёй прыродзе гэта багатая краіна, якая ўяўляе сабой як бы пераход ад Палесся да Падня­проўя. Тут яшчэ стаяць некранутыя вялізныя лясныя пушчы, з якіх адна толькі Абрамаўшчына займае амаль сотні квадратных метраў. Ворных зямель і лугоў таксама шмат. У некаторых, напрыклад, паселішчах сялянскі надзел складае 60 дзесяцін. Таму народу жывецца тут прывольна. Паўсюдна і ва ўсім бачны поўны дабрабыт. Пабудовы ў цэлым добрыя, жывёлы шмат, хлеба ў дастатку. Мясцовыя дрыгавічы выразна адрозніваюцца ад палешукоў як па выгляду, так і па ладу жыцця. Тут бачыш народ моцны, прыгожы і жыццярадасны. Асаблівай прыгажосцю вылучаюцца жанчыны. Пры гэтым яны добрыя рукадзельніцы. Паркаль ў іх адносна мала распаўсю­джаны. Мне, напрыклад, нідзе не даводзілася бачыць такіх прыгожых кужалевых жаночых строяў, як у гэтай вобласці. На свята і ў будні жанчыны апранаюцца ахайна і чыста. Асаблівую ўвагу прыцягвае іх белая кужалевая сарочка, па-мастацку затканая ці расшываная ўзорамі на паліках і рукавах. Паважаныя бабулі носяць яшчэ наметку, аднак маладзіцы даўно замянілі яе больш лёгкім палатном, які павязваюць накшталт старадаўняй дзявочай хусты, з карункавай аздобай”. Этнограф робіць таксама выснову пра этнічны склад насельніцтва гэтай тэрыторыі: “Наколькі мне давялося шляхам павярхоўнага назірання ўстанавіць, увесь гэты вялікі клін паміж Дняпром і нізоўямі Прыпяці, па лініі Мазыр — Парычы — Чырвоны Бераг — Рагачоў заселены аднародным беларускім племенем”. Зазначым, што фотакалекцыя — не адзінае, што Сербаў пакінуў Гомельшчыне. Будучы даследчык яшчэ ў дарэвалюцыйныя гады пэўны час настаўнічаў у нашым горадзе, а ў 1919 — 1921 гады, вярнуўшыся сюды, працаваў у Гомельскім губернскім аддзеле народнай адукацыі. Гэта старонка яго біяграфіі патрабуе даследвання. У 1911 годзе разам з вядомым гісторыкам Зміцерам Даўгялам і гомельскім святаром-краязнаўцам Фёдарам Жудро ён падрыхтаваў і выдаў у Вільні працу “Город Гомель” — даследванне, якое не страціла значэння і сёння. Акрамя кароткага гістарычнага нарыса, выданне змяшчае агляд гарадской тапаграфіі, сацыяльна-эканамічнай структуры, статыстычныя даныя па прамысловасці, гандлю на пачатак ХХ стагоддзя. Сённяшняму чытачу было б цікава параў­наць, чым стаў Гомель роўна праз стагоддзе.
У сувязі з сотым юбілеем экспедыцыі і фотакалекцыі Ісака Сербава выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя” вярнулася да ідэі выдання альбома, праца над якім ужо распачата. На нашу думку, гамяльчанам варта было б, хаця б са спазненнем, адзначыць перавыданнем і соты юбілей выхада ў свет кнігі аб нашым горадзе, напісанай з удзелам Сербава.

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей