Па-за межамi часу

  • 6616
  • Гомельская правда
Поделиться
Гурт “Стары Ольса” непаўторны: тое, што робяць яго ўдзельнікі, больш чым музыка. “Стары Ольса” нясе культуру нашай спадчыны, як бы пафасна гэта ні гучала. Асабіста ў мяне іх творчасць выклікае гонар за свае карані. З кожным годам колькасць прыхільнікаў гурта расце, як расце і майстэрства выканаўцаў. А ствараўся гурт паступова. Пачаўся ён з прыватнай калекцыі старых інструментаў нашага земляка Зміцера Сасноўскага, потым жадання на гэтых інструментах іграць спачатку аднаму, а потым — з кім-небудзь адначасова. Пазней з’явілася ідэя запісаць альбом. Нейкі час гастрольнай дзейнасці ў гурта не было. Але пасля запісу трэцяга альбома стала зразумела, што быць студыйнымі музыкамі не атрымаецца, бо
Гурт “Стары Ольса” непаўторны: тое, што робяць яго ўдзельнікі, больш чым музыка. “Стары Ольса” нясе культуру нашай спадчыны, як бы пафасна гэта ні гучала. Асабіста ў мяне іх творчасць выклікае гонар за свае карані. З кожным годам колькасць прыхільнікаў гурта расце, як расце і майстэрства выканаўцаў. А ствараўся гурт паступова. Пачаўся ён з прыватнай калекцыі старых інструментаў нашага земляка Зміцера Сасноўскага, потым жадання на гэтых інструментах іграць спачатку аднаму, а потым — з кім-небудзь адначасова. Пазней з’явілася ідэя запісаць альбом. Нейкі час гастрольнай дзейнасці ў гурта не было. Але пасля запісу трэцяга альбома стала зразумела, што быць студыйнымі музыкамі не атрымаецца, бо нельга было адмовіцца ад шматлікіх запрашэнняў. Першы сольны канцэрт адбыўся менавіта ў Гомелі ў 1999 годзе. Цяперашні год для гурта юбілейны. А гучная назва паходзіць ад вельмі прыгожага ручая, што на заходняй Магілёўшчыне. Прапануем вашай увазе гутарку з заснавальнікам “Старога Ольсы” Зміцерам Сасноўскім. — Вы граеце старажытную музыку, не адчуваеце часовых абмежаванняў? Маю на ўвазе, ці шмат яшчэ ў вас матэрыялу на будучыню? — Беларуская музычная спадчына багатая. Напрыклад, са зборніка “Полацкі сшытак”, дзе 70 кампазіцый, на сённяшні момант сыграна толькі каля 15. А з шасці кампазітараў-лютністаў, якія жылі на тэрыторыі Беларусі ў XVI стагоддзі, у партытуры беларускіх кампазітараў трапілі толькі лічаныя творы чатырох з іх. Музыкі вельмі шмат, вельмі шмат матэрыялу — займацца рэстаўрацыяй і аднаўленнем нашай музычнай спадчыны хопіць і нам на ўсе жыццё, і нашым нашчадкам. Нотныя матэрыялы з тэрыторыі Беларусі знаходзяцца ў архівах абсалютна ўсіх еўрапейскіх гарадоў. Яны ляжаць там недаследаваныя і неадкрытыя. Трэба займацца іх апісаннем, капіраваннем... Таму на будучыню матэрыялаў проста процьма! І калі першыя гады існавання гурта мы дазвалялі сабе стылізацыю пад сярэднявечча, пісалі творы, то на гэтым этапе мы сутыкнуліся з такім валам музычнага матэрыялу, што да канца жыцця мы хаця б па ўсіх асноўных зборніках і асноўных крыніцах па аднаму разу прайшліся. — Зміцер, як выглядалі старажытныя ноты, ці адрозніваліся яны ад сучасных? — Справа ў тым, што ў сярэднія вякі выкарыстоўвалася кручковая сістэма напісання нот, так званы кручковы надпіс. Пазней сталі выкарыстоўваць і ромбападобныя ды квадратныя ноты — гэта было распаўсюджана ў Еўропе, потым прыйшло і да нас. У той час не існавала лінейных станаў, яны з’явіліся пазней, у канцы XVI — пачатку XVII стагоддзяў. У сярэднія вякі таксама адсутнічала вызначэнне танальнасці і падзел на такты. — Акрамя вядомага Тодара Кашкурэвіча, хто яшчэ робіць для вас музычныя інструменты? — Так, усе язычковыя — дуды — зрабіў майстар Тодар Кашкурэвіч. Лютні робіць Юрый Андрэевіч Дубнавіцкі з Пінска, томбамарын — Валерый Зінкевіч з Браслава, сурму — Алесь Курбан, цыстры (струнападобныя лютневыя інструменты) — мінскі майстар Сяргей Смута. Ліра і гуслі ў нас латышскага майстра Донаса Вуцаса. А нашы барабаны зроблены нямецкім майстрам Стэфанам Пічманам. — Састаў гурта вельмі гарманічны, кожны з музыкаў — асоба. Гэта выпадкова ці добра прадуманы прадзюсарскі ход? — Фактычна гэта выпадкова, але гарманічнасць, якая ў нашым гурце прысутнічае, наштурхоўвае на думку, што нейкія крытэрыі існуюць у прыродзе і грамадстве, якія нас разам і звялі. Дзякуй Богу, што мы сустрэліся і што наш гурт такі дружны: вельмі прыемна бавіць час і займацца творчасцю з такімі людзьмі. Таму фактычна наша сустрэча адбылася выпадкова, але я лічу, што ў сэнсе творчым і духоўным ёсць элементы невыпадковасці. Словам, гэта не быў прадуманы прадзюсарскі ход. — Які з перыядаў дзесяцігадовага існавання “Старога Ольсы” лічыце найбольш плённым? — Вельмі цяжка ацаніць плён­насць розных год, таму што займаліся музыкай рознай стылістыкі, розных стагоддзяў. Мы былі на розных ступенях музычных здольнасцяў. І таму сказаць, што адзін перыяд больш ці менш плённы, немагчыма. Напэўна, плённасць павялічваецца і паляпшаецца з ростам тэхнікі грання на старадаўніх інструментах. Акрамя таго, мы ўсе больш і больш займаемся навуковымі даследваннямі музыкі, і потым ужо рэалізуем гэта ў канцэртнай дзейнасці і запісах альбомаў. — У вас шмат прыхільнікаў, а ці з’явіліся ўжо й вучні? — Мы пачалі такую хвалю захаплення сярэднявечнай музыкі, што за намі ўжо ідзе шэсць гуртоў старадаўняй музыкі, якія граюць у тым жа стылі, з тым жа наборам інструментаў старадаўніх, выходзяць на сцэну апранутыя ў старынны строй. Гэта такія гурты, як “Тэстаментум Тэррэ”, “Келіх Кола” і “Расалія”. — Выйшла ў свет ваша кніга “Гісторыя беларускіх музычных уплываў”. Чаго яшчэ можна чакаць ад вас у бліжэйшы час, што цікавіць вас акрамя музыкі? — Гэтая кніга — толькі маленькая вытрымка з вялікай кнігі, якую я ўжо падрыхтаваў, гэтай зімой яна выйдзе ў свет. У нас унікальная сітуацыя: у Беларусі адсутнічае падручнік па гісторыі беларускай музыкі. Я маю такую нясціплую прэтензію на тое, што напісаў храналагічна размеркаваны падручнік па гісторыі музыкі, і ён нарэшце з’явіцца ў нашай дзяржаве. — Цікава, ці адрозніваюцца патрабаванні вашага райдара на Беларусі і за мяжой? — Наш тэхнічны райдар аднолькавы для гастроляў па нашай краіне і для замежжа. Яго трэба абавязкова выконваць. Што тычыцца бытавого райдара, то мы просім, каб у грымёрцы былі гарбата, негазаваная вада, бутэрброды… — Якую музыку слухаеце? — Самую розную — ад цяжкага року да джаза. Падабаецца ўсё якаснае. Адно, што мне канкрэтна не падабаецца і слухаць не здольны — гэта рэп. — Ці прымаеце ўдзел у якіх-небудзь акцыях дабрачыннасці? — Прымаем, і рэгулярна. Напрыклад, у Палацы Рэспублікі ўдзельнічалі ў дабрачынным канцэрце, які праводзіла дабрачынная арганізацыя “Дзіцячы хоспіс” па збору сродкаў для дзяцей-інвалідаў… — У савецкі перыяд існаваў фразеалагізм “Незаменимых людей нет”. Як асабіста вы, Зміцер, ставіцеся да гэтага? — Гэты фразеалагізм, я лічу, адносіўся да чыноўніцкай працы ў савецкіх дзяржаўных установах. У творчасць чалавек прыносіць сваё бачанне, свае ідэі, і гэты выраз да духоўнай сферы не вельмі датычыць, таму што чалавека замяніць у гэтай дзейнасці немагчыма. Кожны у гэтым сэнсе вельмі ўнікальны. — Што вас звязвае з Гомелем? — Перш за ўсё — паходжанне, дзяцінства, успаміны, бацькі, сябры, аднакласнікі.

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей