Адчыненыя дзверы ў гісторыю

  • 1877
  • Гомельская правда
Поделиться
Дзесяць гадоў таму дзверы фотастудыі адчыніў высокі малады чалавек у доўгім чорным паліто і недарэчнай футравай шапцы. Ён вымавіў: “Мне патрэбны фотаздымкі для музычнага альбома”. Можна сказаць, што з гэтага моманту рака майго жыцця ўвайшла ў іншае рэчышча.Знаёмства і супрацоўніцтва з гісторыкам, музыкам, даследчыкам і заснавальнікам гурта сярэдневяковай музыкі “Стары Ольса” Зміцерам Сасноўскім змяніла мой светапогляд. Зміцер стаў тым звяном, што звязала з невядомым, загадкавым, цудоўным светам, аб існаванні якога я нават не здагадваўся. Казачныя дзверы ў terra incognita сталі адчыняцца перада мной у Мінску. Праз іх я трапіў у сярэдневяковую майстэрню зброі цэхавога майстра Фёдара Міхеева. Латы, шлемы, кальчугі,
IMG_3753Дзесяць гадоў таму дзверы фотастудыі адчыніў высокі малады чалавек у доўгім чорным паліто і недарэчнай футравай шапцы. Ён вымавіў: “Мне патрэбны фотаздымкі для музычнага альбома”. Можна сказаць, што з гэтага моманту рака майго жыцця ўвайшла ў іншае рэчышча.

Знаёмства і супрацоўніцтва з гісторыкам, музыкам, даследчыкам і заснавальнікам гурта сярэдневяковай музыкі “Стары Ольса” Зміцерам Сасноўскім змяніла мой светапогляд. Зміцер стаў тым звяном, што звязала з невядомым, загадкавым, цудоўным светам, аб існаванні якога я нават не здагадваўся.
Казачныя дзверы ў terra incognita сталі адчыняцца перада мной у Мінску. Праз іх я трапіў у сярэдневяковую майстэрню зброі цэхавога майстра Фёдара Міхеева. Латы, шлемы, кальчугі, мячы… Грукат стаіць неймаверны. Але затое якая прыгажосць! Сапраўдныя тварэнні мастацтва! У іх яшчэ сякуцца на турнірах? І не шкада? А вось у “жаночай палове”  клуба ткуць паясы, шыюць сярэдневяковыя сукенкі, вышываюць.
Восеньскі вецер урываецца ў дзверы, змятаючы лісце з ганку Лошыцкай сядзібы. Віктар Кульпін у вобразе сляпога гусляра просіць міласціню ў конных рыцараў, якія праязджаюць міма. У шапку са звонам падаюць не то талеры, не то еўрацэнты. “Стоп! Знята!” — камандуе рэжысёр. Асвятляльнікі гасяць лямпы.
А за наступнымі дзвярамi — сцэна тэатра, дзе перад відэакамерай у святле сафітаў славуты прафесар Адам Мальдзіс раскрывае загадкі гісторыі. І маркотная лютня ў руках Ільі Кубліцкага распавядае пра сум дзяўчыны, каханы якой пайшоў у паход. А ёй падтакваюць гуслі Алеся Чумакова пра ружу-кветку. Здымаецца фільм пра гісторыю беларускай музыкі.
А за гэтымі дзвярамi шумнае войска ліцвінскае за святочным сталом утыкае кінжалы ў засмажанае парася і падымае кубкі з добрым віном за здароўе. Гарланіць любімую песню “У карчме калі мы былі…”. Натоўп выходзіць пад зорнае неба. У святле запаленых паходняў, падбухторваемыя крыкамі расчырванелых кабет, хлопцы рэжуцца на клінках, гарэзліва падаюць “ад ран”, паляць з гарматы, зрываючы сігналізацыю іншамарак і брэх сабак на пяць кіламетраў вакол.
Праз драўляныя дзверы, якія абіты каваным жалезам, адкрыліся мне чароўныя пейзажы вакол сядзібы гасціннага Алеся Лася. Быццам стомлены фаўн, што прыхіліўся да дрэва, заваблівае німф гукамі валынкі Юрась Панкевіч. Грэецца на цёплым сонейку дзядуля з сівымі вусамі — Уладзімір Пузыня. У асяроддзі кніг, карцін, драўляных нарыхтовак будучых інструментаў разважае майстар і публіцыст Тодар Кашкурэвіч.
А гэта майстар Алесь Сурба ў сярэдневяковай жоўта-чырвонай сукні, якая раздзімаецца на ветры. Ганарліва расправіўшы трубы ваяўнічага дудльзака, цвёрдай хадой крочыць ён ля мінскіх гмахаў са шкла і металу.
Дзверцы “Шкоды”, якія ратуюць ад холаду і мокрага снегу. Цяпер перадыхну, адтане трохі аб’ектыў “кэнана” і зноў пайду здымаць. Бо нішто так не перадае дух сярэдневякоўя, як велічныя замкі Гедыміна і Радзівілаў у снезе.
Колькі адчынена гэтых дзвярэй за дзесяць гадоў! Іх дзесяткі, можа быць, нават сотні. Гэта дзверы, якія прывялі мяне на канцэртныя пляцоўкі і фэсты, здымкі відэакліпаў і фальклорныя экспедыцыі ў далёкія вёскі. Дзверы, якія адкрылі шлях да людзей, што дыхаюць гісторыяй сваёй краіны. Але ўсе гэтыя дзверы аднаго вялікага замка, у якім мы жывём. І у мяне такое адчуванне, што гісторыя жыве ў гэтым замку і існуе па-за часам. Засталося толькі адчыніць патрэбныя дзверы, дзе нават 600-гадовы Грунвальд здарыўся толькі ўчора.

Алег БЕЛАВУСАЎ
Фота  аўтара

 

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей