У свет пайшоў з Кармы... На роднай зямлі памятаюць Івана Шамякіна

  • 4857
  • 16:58
  • 04.02.2021
  • Гомельская правда Тамара Кручэнка
Поделиться
У Добрушы і аграгарадку Карма Добрушскага раёна адсвяткавалі 100-годдзе з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна.
У Добрушы і аграгарадку Карма Добрушскага раёна адсвяткавалі 100-годдзе з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна.

IMG_8605.JPG
Іван Пятровіч Шамякін на лецішчы ў Церусе Гомельскага раёна. Фота з фондаў Добрушскага краязнаўчага музея

Сама прырода падаравала ў гэтыя дні сапраўдную снежную зіму, якія і былі ў маленстве будучага класіка. І лясы Гомельскага раёна, і добрушскія хвойнікі нібы прыбраліся ў святочныя бялюткія строі, вітаючы векавы юбілей сына лесніка.

Родная зямля прыцягвае, падпітвае, дае сілы. Творчая інтэлігенцыя рэгіёна, жыхары Добруша пачалі свята з раённага краязнаўчага музея, дзе аформлена экспазіцыя, пры­свечаная Івану Шамякіну. Многія пажадалі сфатаграфавацца ў імправізаваным рабочым кабінеце класіка, знаёміліся з фотавыставай «Летапісец эпохі». Пісьменнік клапаціўся, каб яго землякі, беларусы заставаліся чытаючай, культурнай нацыяй.

Усіх удзельнікаў свята вельмі кранула акцыя навучэнцаў і педагогаў Кармянскай сярэдняй школы: дзеці з кнігамі Івана Шамякіна стварылі ганаровую варту каля бюста пісьменніка ў цэнтры аграгарадка. Прысутных вітаў намеснік старшыні Добрушскага райвыканкама Руслан Сікорскі.

– Іван Пятровіч Шамякін – яркі прыклад пісьменніка-грамадзяніна, які прысвяціў свой агромністы талент служэнню Айчыне і роднай літаратуры. Кнігі пісьменніка выходзілі мільённымі тыражамі, заваёўвалі чытачоў інтрыгуючымі сюжэтамі і вострымі жыццёвымі тэмамі, перакладаліся на многія мовы свету, пераўтвараліся ў яркія сцэнарыі кінафільмаў і тэатральных пастановак. Ён сам стаў не толькі народным пісьменнікам, але сапраўды класікам нацыянальнай літаратуры XX стагоддзя, – падкрэсліў Руслан Уладзіміравіч.

У Кармянскай сельскай бібліятэцы, якая з 2016 года носіць імя Івана Шамякіна, шчыраўніца на ніве роднай культуры бібліятэкар Антаніна Якушэнка прадставіла выставы «Аўтограф на памяць», «Гомельскія пуцявіны пісьмен­ніка», «Гонар Беларусі». У Доме культуры аграгарадка адбылася вечарына «Таленавіты сын Добрушскага краю». У фае свае ўнікальныя работы выставілі народныя майстры Добру­шчыны – разьбяр па дрэве Валерый Мінкоў, майстар апрацоўкі бяросты Марыя Літвінава і майстар саломапляцення Анастасія Лапунова. 

– Складана пераацаніць уклад Івана Шамякіна ў су­светную літаратуру, – адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Добрушскага райвыканкама Алена Раздуева на вечарыне. – На творах Шамякіна расло і расце цэлае пакаленне землякоў. Іван Пятровіч – выхадзец з народа, і таму нам заўжды цікавыя яго творы: яны пра наша з вамі жыццё, простага сялянскага чалавека.

Шчыра падзяліліся сваімі згадкамі пра сустрэчы з літаратарам і знаёмства з яго кнігамі старшыня аблас­нога аддзялення Саюза пісьмен­нікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч, дырэктар аблас­ной біб­ліятэкі імя Леніна Марына Рафеева, сваяк Івана Шамякіна мастак Васіль Калінін, член абласнога савета ветэранаў педагагічнай працы Валянціна Бондарава, ветэран культуры Валянціна Грынчык і іншыя.

Вельмі кранула, што юбілей земляка-класіка ўганараваў Добрушскі фарфоравы завод: на прадпрыемстве выпусцілі сувенір з выявай Івана Шамякіна і цытатай з рамана «Крыніцы», які пісаўся на роднай зямлі. Гэтая падстаўка для прылад пісьменніцкай працы, вырабленая ў форме кніжнага тома, будзе нагадваць пра 100-годдзе Івана Пятровіча і натхняць і паэтэсу-дабрушанку Вольгу Астапенка: менавіта на ўрачыстасці было абвешчана, што яна прынята ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.

Можам уявіць, якія б пажаданні сказаў землякам-пісьменнікам Іван Пятровіч. Сам ён быў вялікім працаўніком, чый шчодры кніжны ўраджай і зараз змагаецца за Беларусь, за нашы душы.

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей