Сяўкі. Вандроўка шэсцьдзясят шостая

  • 6017
  • 18:17
  • 12.07.2020
  • Гомельская правда
Поделиться
Шчодры на гістарычныя падзеі, спеўны, гасцінны Дняпроўскі край!
Шчодры на гістарычныя падзеі, спеўны, гасцінны Дняпроўскі край!

4E6A9349.JPG

Асяродак культуры


Гэты куток Лоеўскай зямлі асабліва дарагі для ветэрана культуры Тамары Шапавал, якая вядома далёка за межамі раёна як спявачка адметнага фальклорнага гурта «Лутава». Кіравала ім 30 гадоў! Тамара Сяргееўна родам з Сяўкоў. Яе дзявочае прозвішча Панамарчук. Як сведчаць некаторыя даследчыкі мінулага вёскі, у адным з паданняў старажылаў паведамлялася, што «шмат зрабіў у гэтай мясцовасці для ўкаранення хрысціянскай веры, ідэй братэрства і чалавекалюбства прапаведнік з Візантыі Аляксей Панамарчук, ад якога затым пайшоў пашыраны тут род Панамарчукоў». Адчуваеце, які годны працяг? Дабрыні, шчырасці не займаць спявачцы-лутаўчанцы і сёння. Здароўя б больш! Цудоўную песенную спадчыну «Лутава» перадае маладым, сваю адметную манеру выканання.
 
Ветэран культуры Тамара Шапавал  

З навукова-даследчай работы працытаванай мной Ірыны Хохун, навучэнкі Лоеўскага дзяржаўнага педагагічнага кале­джа, даведваемся і пра паходжанне назвы селішча: «Мясцовае паданне сведчыць, што заснаваў вёску пан Сева, які пабудаваў на востраве сярод балот хутар і жыў на ім са сваёй сям’ёй. Паступова вакол «хутара Сяўкі пасяліліся іншыя сяляне, утварылася вёска Сяўкі».

У Лоеўскім музеі бітвы за Днепр нам расказалі яшчэ пра аднаго даследчыка гісторыі населеных пунктаў раёна і сваіх родных Сяўкоў Аляксандра Лысянка. Тры гады таму школьнік таксама
ўдзельнічаў у конкурсе даследчых работ, пісаў пра знакамітага земляка-сяўкоўца, выхадца з сялянскай сям’і, змагара за беларускую дзяржаўнасць Яўсея Канчара. Гэта прозвішча таксама было адным з найбольш распаўсюджаных тут. Восенню 1917-га Яўсей (у некаторых крыніцах Яўген) быў абраны старшынёй Беларускага абласнога камітэта пры Усерасійскім савеце сялянскіх дэпутатаў, а ў снежні 1917 года стаў адным з арганізатараў першага Усебеларускага кангрэсу. Першае сялянскае сельгаставарыства 23 сакавіка 1915 года таксама стварыў у Сяўках гэты Канчар, ажыццяўляючы ідэі кааператыўнага руху. У гэты ж год у вёсцы адкрыта народнае вучылішча.

З гісторыі вёскі

У 1897 годзе Сяўкі былі ў Дзяражыцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерніі.

Першы настаўнік вясковай школы – селянін Іван Канчар. 

Асушэнне балот ва ўрочышчах Рагавая змена і Памеркі арганізаваў кіраўнік сельскай абшчыны Сцяпан Канчар (1847–1912 гады).

У 1908 годзе ў вёсцы было 74 двары, налічвалася 508 жыхароў, яна адносілася да Ручаёўскага праваслаўнага прыхода.

У 1924 годзе – у складзе Лоеўскай воласці. Працавалі тры кузні, воўначоска, ветраны млын, развіваліся кравецкі і шавецкі промыслы.

Цэнтрам аднайменнага сельсавета былі Сяўкі ў 1926–1927 гадах, потым тэрыторыю далучылі да Дзяражыцкага сельсавета.

Калгас «Кастрычніцкі» стварылі ў 1930 годзе. Першы старшыня – Пімен Панамарчук. У 1936-м гаспадарку ўзбуйнілі.

69 вяскоўцаў загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. 24 кастрычніка 1943 года ў час баёў за вызваленне вёска была спалена, загінулі пяць жыхароў. 

У 1951 годзе ўзбуйнены калгас стаў насіць імя Горкага. Чарговае зліццё было ў лютым 1960 года: стварылі калгас «Дняпровец». 

У 1962–1966 гады, калі расфарміравалі Лоеўскі раён, Сяўкі адносіліся да Брагінскага. У ліпені 1967-га вёска зноў стала цэнтрам адноўленага сельсавета Лоеўскага раёна. Зараз яна ў Бывалькаўскім сельсавеце, землі – у складзе КСУП «Бывалькі». У Сяўках 106 падвор’яў, жывуць 284 чалавекі. Храмавае свята вёскі – Сёмуха.

Валянціна Шаўчэнка рыхтуе альбом-летапіс гаспадаркі

Дзякуй музейшчыкам і ўсім даследчыкам гісторыі роднага краю! І мы бу­дзем доўжыць свой аповед пра цяперашніх людзей гэтай вёскі. Пра яе, калыску свайго дзяцінства, нам згадаў начальнік аддзела раслінаводства, механізацыі і аховы працы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Лоеўскага райвыканкама Уладзімір Шаўчук. «Памятаецца, як бацькі-настаўнікі далучалі да працы. Школа ў дзве змены працавала, дзяцей было багата, з пяці вёсак у нас вучыліся. Улетку мы працавалі на зернетоку, таксама вывозілі на конях нарыхтаваныя старэйшымі копны сена. Узімку ганялі ў хакей. У бацькі, дырэктара Сяўкоўскай васьмігодкі, былі толькі два запісы ў працоўнай кніжцы: пра прыём на работу і звальненне. 74-гадовая мама, былая настаўніца роднай мовы і літаратуры, і зараз жыве ў Сяўках на вуліцы Цэнтральнай».

Асяродкам культуры ў вёсцы з’яўляецца мясцовы цэнтр культуры і адпачынку. Сюды мы і рушылі. Загадчыца Ала Фалей пазнаёміла з падрыхтаванай выставай ткацтва, вышыўкі: 17 ліпеня – Дзень этнографа.

– Нашы дзеці, канешне, улетку больш дапамагаюць бацькам, але ў вольны час прыходзяць у гурткі, ахвотна займаюцца ў тэатральным, вакальным, танцавальным. Ладзім дыскатэкі, – падзялілася Ала Мікалаеўна. – Летні лагер дзейнічае, хаця і нешматлікі, але рабяты без справы не ся­дзяць. Многія дзяўчаткі ў самы складаны з забеспячэннем медыцынскімі маскамі час прыходзілі і дапамагалі іх шыць. Ды і да святаў дзяржаўных рыхтуемся заўсёды творча.

Самы важны ўрок

У спякотны летні час, калі многія займаюцца нарыхтоўкай сена, рупяцца на агародах, баяліся не заспець ветэрана-педагога, былога дырэктара школы Мікалая Глушанка. Ды па афармленні яго дома здагадаліся: у такога майстра разьбы па дрэве, скульптурных кампазіцый, у мінулым настаўніка гісторыі і працоўнага навучання, спраў хапае ва ўласнай творчай майстэрні! А там такі парадак! Увесь інструмент раскладзены па адпаведных шуфлядах, палічках, развешаны на сценах: не трэба губляць час, каб знайсці неабходнае. Мікалай Максімавіч спяшаўся правесці нам свой урок.

Ветэран-педагог Мікалай Глушанка аздобіў свой дом карункавай разьбою

– Баі тут былі вельмі жорсткія, выбівалі фашыстаў 35 дзён восенню 1943-га. Імёны 22 Герояў Савецкага Саюза выгравіраваў на помніку ў вёсцы Глушэц Афанасій Шкляраў, ветэран рачнога флоту. Штогод бываем з дзецьмі там і каля мемарыяла ў Дзяражычах (я там раней настаўнічаў), арганізуем патрыятычныя веласіпедныя прабегі, – дзяліўся настаўнік. – Калі праводжу экскурсіі ў нашым школьным краязнаўчым пакоі, расказваю пра лёсы кожнага героя фарсіравання Дняпра і ўтрымання плацдарма. Напрыклад, пра грузіна Георгія Майсурадзэ, які лёг на амбразуру варожага дзота, каб рота змагла рушыць далей і падавіць агнявы пункт праціўніка. Выязджаем мы і да магілы невядомага лётчыка ў Майску, а таксама падлеткаў на грамадзянскіх могілках Добрага Рога: дзяцей, якія былі партызанскімі сувязнымі, жорстка замучылі нелюдзі-карнікі...

Ландшафтны дызайн, басейн і... конікі

Ля сядзібы сям’і Хадасок нельга было не спыніцца: раўнюткі травяны газон, ружы, мальвы на клумбах, дызайнерскія горкі з экзатычнымі раслінамі. Сёлета гаспадары ўпершыню эксперыментуюць з арэшнікам, хурмой, баклажанамі. Усё дагледжана так, быццам людзі толькі і займаюцца добраўпарадкаваннем зямлі. Прайшлі ў дварышча і парадаваліся пырскам з блакітнага басейна: два хлопчыкі шчодра абдавалі адзін аднаго і так залівіста смяяліся, што мы залюбаваліся імі. Казачны час – дзяцінства! Гаспадыня дома Наталля, мастацкі кіраўнік цэнтра культуры і адпачынку, пазнаёміла з сынам Кірылам і пляменнікам Ягорам. 

Наталля Хадасок далучае да прыгожага сына і пляменніка 

З утульнай альтанкі, дзе ўлетку збіраецца вечарамі ўся сям’я, мы ўбачылі добра апрацаваны агарод: зроблена па-чалавечы, з любоўю.

– Я сюды замуж з Гарадка прыйшла. Гаспадар мой сяўкоўскі: Валерый у лясгасе працуе, вадзіцель. У нас яшчэ сынок Мікіта ёсць, дзесь на веласіпедзе з сябрам катаецца, – падзялілася Наталля.
Менавіта ад яе і Алы Фалей даведаліся мы пра незвычайных «конікаў» – адметную сяўкоўскую выпечку з даволі крутога дражджавога цеста з начынкай: распаранымі і пакрышанымі дробна сухафруктамі, ці згушчаным малаком альбо карамеллю. Цікава, што тыя ж самыя выпечаныя «конікі» у Бывальках – цэнтры сельсавета – называюць «коханы», рыхтуюць на вяселлі. 

Пакідаючы гэты куток Лоеўшчыны, мы любаваліся яго ганаровай вартай: бусламі! Іх гнёзды літаральна на працягу ўсяго шляху. Гэта добры знак: дзеці народзяцца не толькі ў птушак!







Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей