Святыня нацыянальнай памяці. Палескія сёстры Хатыні
78 гадоў назад, 22 сакавіка 1943 года, карнікі сцерлі з зямлі непадалёку ад Мінска невялікую вёску Хатынь разам з жыхарамі.
78 гадоў назад, 22 сакавіка 1943 года, карнікі сцерлі з зямлі непадалёку ад Мінска невялікую вёску Хатынь разам з жыхарамі.

Гэта быў апошні дзень жыцця 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей, самаму малодшаму споўнілася ўсяго сем тыдняў. Старыя і малыя, хворыя і знямоглыя, жанчыны і мужчыны – іх усіх сагналі ў хлеў. Зачынілі. А потым… Лямант, крыкі, дзіцячы плач – фашысты абклалі сцены саломай, палілі бензінам і чыркнулі запалкамі. Драўляная пабудова загарэлася, не вытрымалі – паваліліся пад націскам дзясяткаў людзей дзверы. Але тых, хто спрабаваў вырвацца з вогненнага палону, фашысты спакойна расстрэльвалі. Яны вынеслі бязвінным жыхарам смяротны прыгавор.
Прычына, па існуючай версіі, была простая: непадалёку ад вёскі партызаны абстралялі нямецкую аўтакалону і нават забілі афіцэра Вёльке, чэмпіёна берлінскай Алімпіяды 1936 года. Жудасныя, страшэнныя правілы вайны: адказваць павінна было мірнае насельніцтва. Спалілі карнікі і 26 дамоў. На месцы Хатыні засталося толькі папялішча.
Жахлівы лёс Хатыні зазналі больш за 9000 сёл і вёсак Беларусі, 186 з якіх так і не змаглі адрадзіцца, бо былі знішчаны з усімі жыхарамі. Таму мемарыяльны комплекс увасобіў у сабе вогненную трагедыю нашага народа. Тут моўчкі схілялі галовы прадстаўнікі самых розных дзяржаў: прэзідэнты і сяляне, вучоныя і святары, вайскоўцы і школьнікі, дыпламаты і дэпутаты… Людзі міру.
Як сведчыць кніга «Памяць», на тэрыторыі Брагіншчыны і Камарыншчыны нямецка-фашысцкія захопнікі поўнасцю або часткова знішчылі ў 1941–1943 гадах сорак шэсць населеных пунктаў. У іх ліку – Бярозкі, Жылічы, Новая Ёлча, Кірава, Крыўча, Лубенікі, Малажын, Рудня Жураўлёва, Чамярысы… Дзве вёскі: Байдакі, што ўваходзілі ў склад Мікуліцкага сельсавета, і Кулаковік – Савіцкага, пасля вайны так і не аднавіліся. У першай фашысты спалілі 31 двор, у другой – 23 і загубілі 11 жыхароў.#RIGHT_ITEM_1#
Расстрэлы, спаленні людзей, закопванне жывымі, забойствы дзяцей. Усё гэта было і ў Брагінскім раёне. Часта акупанты спаганялі злосць за смелыя дзеянні абаронцаў менавіта на мірных жыхарах. Тэрыторыі, што прылягалі да партызанскіх дыслакацый, яны ператваралі ў зоны выпаленай зямлі. Праводзячы аблавы, блакады месцаў базіравання партызан, асабліва вясной, летам і восенню 1943-га, гітлераўцы знішчалі цэлыя вёскі разам з іх жыхарамі. Толькі за некалькі майскіх дзён таго года адзін атрад эсэсаўцаў на чале з катам Шыманам спаліў у Баршчоўскім і Радзінскім сельсаветах (тады ўваходзілі ў склад Камарынскага раёна), а таксама ў суседнім Хойніцкім раёне некалькі вёсак. Было знішчана 399 жыхароў населеных пунктаў Баршчоўка, Лясок, Масаны, Радзін, Уласы.
Няма апраўдання жорсткаму тэрору, зверствам, якія адчула на сабе мірнае насельніцтва. Няма апраўдання злачынствам супраць чалавецтва.
З успамінаў А. М. Старахатаха, былога жыхара вёскі Вельмаў, адселенай у сувязі з катастрофай на ЧАЭС: «…Бяжым з Апанасам і бачым, што з парога нашай хаты махае рукой мая маці і гукае: «Апанас! Хадзі сюды, не бяжы ў свой двор!»
Маці расказала, што ў нашу адсутнасць немцы выгналі вяскоўцаў з хат і паставілі каля Калузькавых бяроз, пад прыцэлам кулямётаў. Стаялі так, пакуль не з’явіўся нейкі нямецкі чын і не пачаў штосьці чытаць з паперкі. Перакладчык загадаў усім ісці на свае селішчы. А немцы і паліцэйскія рушылі па вуліцы, робячы меткі крыжыкамі на некаторых варотах. Потым з тых двароў забралі ўсіх і сагналі ў двор Грыцка. Апанас выскачыў з нашага двара і забег у сваю хату. Дарэчы, ён тады ацалеў.
Немцы пасадзілі вяскоўцаў з Грыцковага двара ў крыты грузавік і некуды павезлі. Мы думалі, што ў Піркі.
Жахлівы лёс Хатыні зазналі больш за 9000 сёл і вёсак Беларусі, 186 з якіх так і не змаглі адрадзіцца, бо былі знішчаны з усімі жыхарамі
Запаліўшы хаты з крыжыкамі на варотах, фашысты і паліцаі селі ў машыны і паехалі з вёскі. А мы пачалі гасіць агонь, не дапускаючы яго да сваіх хат. Пасля таго мы, хлапчукі, пачалі аглядаць пажарышчы. На месцы хлява ў двары Волкава Паўла Раманавіча ўгледзелі чорную кучу, якая густа дымілася. Наблізіўшыся да згарэўшага хлява, мы ўбачылі, што з тае кучы тырчаць чалавечыя ногі. Людзі ўсё зразумелі: у кучы – спаленыя вяскоўцы. Загаласілі жанчыны. Толькі па кавалках адзення і гузіках пазнавалі родных і блізкіх. Ды па маленькіх дзецях, якія не абгарэлі, затуленыя мацярынскімі целамі.
Мужчыны зрабілі вялікую скрыню, у якой усіх загінуўшых і пахавалі. Пазней запрасілі папа, паставілі пры дарозе на ўскраіне вёскі крыж. Каля яго разаслалі палатно і справілі памінкі…»
Напрыканцы 1960-х гадоў каля месца пахавання спаленых вельмаўцаў быў узведзены цагляны абеліск з металічнай плітой, дзе пералічаны прозвішчы ахвяр фашысцкага тэрору.
З успамінаў М. Ц. Назаравай, жыхаркі вёскі Вярховая Слабада, адселенай у сувязі з катастрофай на ЧАЭС: «Жорстка расправіліся з маімі аднавяскоўцамі фашысты ў красавіку 1942 года. Жыхароў зганялі ў хаты і спальвалі жывымі. Калі прыйшла наша чарга, маці крыкнула: «Уцякайма, дзеці. Усіх не заб’юць!» Мы кінуліся ў прыдарожныя кусты. Ззаду загрымелі стрэлы, але, на шчасце, кулі нікога з нас не закранулі. Мы схаваліся і перасядзелі да ночы ў нейкай яміне. Адтуль бачылі, як гарэла вёска, чулі страшныя крыкі жанчын і дзяцей. Потым усё сціхла. Ад нашай вёскі засталіся адны чорныя галавешкі».
Ці варта пасля гэтага гаварыць, чым была тая вайна для нашых папярэднікаў і што яна азначала для той вялікай краіны, у якой мы нарадзіліся і калісьці жылі, чым адгукаецца ў сэрцах сучаснікаў?
5 ліпеня 1969 года ў рамках святкавання 25-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на месцы спаленай вёскі адбылося афіцыйнае адкрыццё мемарыяльнага комплексу «Хатынь». У 2004-м, да 60-годдзя вызвалення Беларусі, праведзена яго рэканструкцыя.
Званы Хатыні гучаць набатам, наказваюць нам: «Людзі, помніце!» Яны – як перасцярога ад паўтарэння страшнай трагедыі. І з кожным новым ударам глыбей разумееш пакуты, з якімі давялося сутыкнуцца нашаму народу ў гады Вялікай Айчыннай. Праўда вайны – вечная. Таму спынімся на хвіліну, успомнім, памаўчым. Гэта патрэбна ўсім, хто жыве пад мірным небам Беларусі.
Реклама
Другие статьи раздела
Самое читаемое
-
В Гомеле после капремонта открылось общежитие для студентов медуниверситета
- 15:36
- 29.12.2020
- 196861
-
Сегодня в Гомеле начинают отключать отопление в квартирах
- 09:23
- 04.05.2021
- 160741
-
Почему нельзя выносить мусор вечером из дома
- 14:36
- 12.01.2021
- 160552
-
Блогер-тракторист из Хойников уехал в Латвию, а теперь рассказывает сказки о том, что у него хотели забрать ребенка
- 12:54
- 12.01.2021
- 156139
-
КСУП «Агрокомбинат «Холмеч» опираются на профессионализм людей – и это приносит результат
- 17:29
- 26.09.2020
- 125622
-
В Гомеле человек, переболевший COVID-19, стал первым в области донором плазмы с антителами
- 17:19
- 11.05.2020
- 115089
-
ПравдаБлог. Тихановская сделала шокирующее признание о своих доходах
- 15:58
- 26.02.2021
- 109867
-
Видеофакт: кто стоит в первых рядах на несанкционированных мероприятиях в Гомеле
- 16:35
- 27.08.2020
- 102353
-
На Гомельщине вводят обязательный масочный режим
- 10:11
- 09.11.2020
- 93689
-
О контроле на границе с Россией, необычных задержаниях и туристическом сезоне рассказал начальник Гомельской таможни
- 14:27
- 21.08.2020
- 91808



