11 красавіка – Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў

  • 5462
  • 15:07
  • 11.04.2020
  • Гомельская правда Уладзімір Пернікаў
Поделиться
У іх, малалетак вёскі Красноўка былога Парыцкага (зараз Светлагорскага) раёна, не было радаснага дзяцінства. Яго адабрала нямецка-фашысцкая набрыдзь, якая загнала іх у азарыцкае пекла. З дзікім холадам, голадам, болем і страхам, якія ўрэзаліся ў памяць на ўсё жыццё так моцна, што і зараз не-не ды і выціскаюць слёзы. Але аб усім па парадку.
У іх, малалетак вёскі Красноўка былога Парыцкага (зараз Светлагорскага) раёна, не было радаснага дзяцінства. Яго адабрала нямецка-фашысцкая набрыдзь, якая загнала іх у азарыцкае пекла. З дзікім холадам, голадам, болем і страхам, якія ўрэзаліся ў памяць на ўсё жыццё так моцна, што і зараз не-не ды і выціскаюць слёзы. Але аб усім па парадку.

фото 2.jpg
Таццяна Куцціна і Таццяна Курыловіч сябруюць з дзяцінства

Да вайны

Таццяне Міхайлаўне Курыловіч (да замужжа – Філіпчык) 83 гады, а Таццяне Іванаўне Куцціной (Какоўка) на год менш. Абедзве з’явіліся на свет у простых сялянскіх сем’ях, якія мелі прысядзібныя ўчасткі з такой-сякой жыўнасцю, ды рупіліся на калгасных гонях. Не скажаш, што жыццё было вельмі заможным, але з кожным годам яно паляпшалася.

– У нашай сям’і да вайны было трое дзяцей: Маня, я і Валодзя, які нарадзіўся ў 1940 годзе, – апавядае Таццяна Міхайлаўна. – Бацька Міхаіл Трафімавіч ваяваў на фронце, вярнуўся дадому з баявымі ўзнагародамі. А маці Ірына Іванаўна заставалася ў вёсцы ра­зам з намі.

– Тое ж самае было і ў нашай сям’і, – працягвае яе расказ Таццяна Іванаўна, – акрамя таго, што дзецьмі ў ёй былі мой старэйшы брат Саша ды я. А баць­ка Іван Дзянісавіч атрымаў два цяжкія раненні на вайне. У ваенным шпіталі ўрачы прапаноўвалі ампутаваць нагу, ад чаго ён катэгарычна адмовіўся. Застаўся на ўсё астатняе жыццё інвалідам. Доўгі час, калі быў на фронце, ён не ведаў, што ў канцы 1941 года ў яго нарадзіўся сынок Ваня.

Азарыцкае пекла

Таццяна Міхайлаўна і Таццяна Іванаўна ў адзін голас сцвяр­джаюць, што, па расказах сваіх маці і родзічаў, выпадкаў расправы нацыстаў над мясцовымі жыхарамі ў пачатку вайны не было. Пазней, калі пашырыўся партызанскі рух, усё змянілася. У адзін з лютаўскіх ці сакавіцкіх дзён 1944 года фашысты са сваімі паслугачамі-паліцаямі сілком выганялі жанчын, старых і дзяцей з хат на сход, дзе ім было аб’яўлена, што Чырвоная армія наступае і хутка тут пачнуцца вялікія баі: «Каб вы не трапілі пад кулі ці снарады і засталіся ў жывых, мы, немцы, якім вы павінны быць удзячнымі, пераправім вас у бяспечныя месцы. Але калі хто будзе супраць, да таго будуць прыменены самыя жорсткія меры». 

Як след сабрацца ў дарогу (а куды павязуць, ніхто не ведаў) часу не было, і таму людзі прыхапілі з сабой толькі такія-сякія пажыткі ды што-нішто з прадуктаў харчавання, якіх і ў паўсядзённым жыцці не хапала. Калі Ірына Іванаўна захвалявалася, што не трапіць з дзецьмі ў адну машыну з сем’ямі сваіх сясцёр Марфы і Марыны, у якіх было сем дзяцей-падлеткаў, нейкі немец папярэдзіў яе: не трэба ехаць. Верыць яму ці не, не даводзілася. Павезлі, нягле­дзячы на плач і просьбы вяскоўцаў пакінуць іх тут. Спачатку ў нейкі перасыльны лагер, а потым, як выявілася, у наваколле гарадскога пасёлка Азарычы. Грузавікі, крытыя брызентамі, павольна рухаліся па бездарожжы, часта буксавалі, і тады няшчасныя па снезе, гразі ці лужынах пляліся наперад. Тых, хто адставаў і перашка­джаў зададзенаму «рытму», тут жа прыстрэльвалі. Здаралася і так, што нявольнікаў жыўцом кідалі пад колы машын, каб тыя працягвалі маршрут. 

І вось рэдкалессе, абгаро­джанае ў два рады калючым дротам. Чатыры вышкі з кулямётнай вартай. Ніводнага збудавання, нават прыбіральні няма. Наскрозь гола, адкрыта, калі не лічыць такога-сякога кустоўя ды некалькіх дзясяткаў сасонак. Надвор’е – самая сапраўдная расхлябіца: то снег, то дождж, то мароз, то вецер. Схавацца і пагрэцца няма нідзе. Пад пагрозай расстрэлу забаранялася разво­дзіць вогнішчы. Сухога месца, каб прысесці ці паляжаць, не знайсці. Даво­дзілася садзіцца ці класціся проста на снег ці на трупы, якіх пасля кожнай ночы заставалася многія дзясяткі, а можа і сотні. Іх доўга не ўбіралі, а пасля складвалі ў штабялі, за якімі ацалелым вязням можна было схавацца ад ветру.

Сухога месца, каб прысесці ці паляжаць, было не знайсці. Даводзілася садзіцца ці класціся проста на снег ці на трупы

Невялікія запасы прадуктаў харчавання ў людзей хутка скончыліся. Іншым разам з грузавіка праз калючую агароджу нацысты кідалі хлеб, які быў, як выявілася пазней, заражаны тыфам, і тады вязні натоўпам беглі туды. Пачыналіся бойкі, і тады для забавы фашысты страчылі па іх з кулямётаў і аўтаматаў. 

– Нашы маці ў такіх выпадках не адпускалі нас ад сябе, – гавораць Таццяны. 

Не было і чыстай пітной вады: абыходзіліся то снегам, то жыжай балацянак. У лагеры фашысты штучна распаўсюджвалі тыф не толькі для змярцвення нявольнікаў, але і для таго, каб у час вызвалення заражаць ім чырвонаармейцаў. Выратавацца ў такіх нечалавечых умовах, калі адольвалі голад, холад і хваробы, было вельмі-вельмі цяжка, але лю­дзі настойліва шукалі выйсце. Філіпчыкі і Какоўкі, напрыклад, здзіралі з соснаў кару і смалу, сабіралі ігліцу і пускалі ўсё гэта ў ход. А маці, каб сагрэць дзяцей, седзячы на снезе, скрозь які праступала вада, прыхінала іх да сябе, прыкрываючы нейкімі лахманамі. У такіх умовах трохгадовы Валодзя Філіпчык памёр, а ў яго сястры Тані нага прагніла да самой косці. У Каковак таксама былі страты: на той свет пайшлі маленькі Ваня і яго дзядуля з бабуляй. Таццянам пашанцавала: яны выжылі.

Збавенне


– Не толькі мы, а ўсе вязні канц­лагера Азарычы праз два-тры дні апынуліся б на нябёсах, – зноў у адзін голас кажуць Таццяна Міхайлаўна і Таццяна Іванаўна, – калі б 19 сакавіка 1944 года не прыйшлі чырвонаармейцы. Фашысты замініравалі ўсе падыходы да лагера, і нашым салдатам давялося некалькі дзён абясшкоджваць тэрыторыю. Убачыўшы, у якім стане былі нявольнікі, многія плакалі разам з намі. Нямала было смяротных выпадкаў сярод вязняў, калі яны самастойна спрабавалі хутчэй вярнуцца дадому, не ведаючы пра міны. А пасля, як нам стала вядома, сярод вызваліцеляў пачалася такая эпідэмія сыпнога тыфу, што спатрэбілася напружаная работа ваенных шпіталяў.

Вызваленых пачалі развозіць па населеных пунктах, дзе ацалелі хаты. Філіпчыкі трапілі ў вёску Астрагляды, а Какоўкі – ў Дудзічы. Не маючы ні кала, ні двара, яны фактычна ператварыліся ў бежанцаў, якіх чакала цяжкая доля. Іх дзеці з жабрацкімі торбачкамі ў руках пайшлі па блізкіх і далёкіх вёсках у надзеі чым-небудзь разжыцца. Адны нешта давалі, другія толькі разводзілі рукамі: самі сядзім у голадзе. 

Потым было вяртанне дадому ў Красноўку. Адступаючы, гітлераўцы пусцілі на дым нямала хат, у тым ліку Какоўкі і двух цётак Таццяны Філіпчык. Добра, што радня, суседзі і знаёмыя былі спагадлівымі, дапамагалі неяк уладкоўвацца ды ад талакі не адмаўляліся, каб у бядоты з’явілася жытло.

Калі з вайны вярнуліся баць­кі, стала лягчэй і весялей. Працы хапала ўсім, у тым ліку і падлеткам. Дзве Тані, як і іншыя дзеці, і па гаспадарцы былі заняты, і маці ў калгасных справах дапамагалі, і пра вучобу не забывалі. Пасля заканчэння школы змянілі месца жыхарства – пераехалі ў Гомель, набылі рабочыя спецыяльнасці, выйшлі замуж, нарадзілі дзяцей. Таццяна Філіпчык стала Таццянай Курыловіч і 37 гадоў адпрацавала на кандытарскай фабрыцы «Спартак», а Таццяна Какоўка – Куцціной, якая майстэрства токара, фрэзероўшчыка і шліфоўшчыка дэманстравала на некалькіх прадпрыемствах абласнога цэнтра. Партрэты абедзвюх змяшчаліся на Дошках гонару. 

Сяброўства Міхайлаўны і Іванаўны як пачалося з дзяцінства, так працягваецца і зараз. Збіраючыся разам ці ў нейкай кампаніі, яны вельмі любяць спяваць. А ўспамінаючы пра жахі і пакуты азарыцкага канц­лагера, кажуць, што падобнае не павінна паўтарыцца. Ніколі і ні з кім.

Каментарый старшыні Гомельскай гарадской грамадскай арганізацыі «Дзеці вайны» Інайды Саўчыц:

– Падобныя гісторыі са свайго жудаснага дзяцінства ў фашысцкіх канцлагерах маглі б расказаць усе 84 члены нашай арганізацыі. Лідзія Іванаўна Шаўцова, напрыклад, пра тое, як разам са сваёй раднёй была ў пяці кроках ад жэрла печы краматорыя і цудам засталася жывой. Ніна Ула­дзіміраўна Габрусёнак пазбегла смерці ў канцлагеры Саласпілс. Барысу Маісеевічу Прэсу ўдалося выратавацца, калі трапіў у гета, а потым збегчы адтуль у партызанскі атрад.

Я нарадзілася ў студзені 1945 года ў канцлагеры КІС горада Штутгарта-Гедэльфінген, куды наша сям’я Прылуцкіх была прымусова вывезена, таму, вядома, тых часоў не памятаю. Але з аповедаў маёй маці і яе сястры Людмілы Фролаўны ўяўляю, які жорсткі рэжым там панаваў. Вязні працавалі на заводзе па 12 гадзін. Харч быў дрэнны, пастаянна хацелася есці. Нягледзячы на тое, што мама была цяжарнай, ад работы яе не адхілялі. З-за нейкіх нязначных парушэнняў «парадку» моцна збівалі. Нявольнікаў адольваў і холад у бараках.
Карацей кажучы, вязні – гэта людзі асобай катэгорыі, у якіх свая непрыдуманая і нічым не прыфарбаваная гісторыя. Горкае мінулае нацысцкіх нявольнікаў прыціскала нас пасля вайны доўгія гады, мы былі ізгоямі грамадства. Нарэшце справядлівасць перамагла: нас прызналі, далі статус вязняў, прыраўнялі да ўдзельнікаў вайны, надзялілі невялікімі льготамі, але неўзабаве іх аднялі.

Наша арганізацыя «Дзеці вайны» існуе ўжо каля трыццаці гадоў. Яна абараняе законныя правы і інтарэсы былых непаўналетніх вязняў нацызму, паляпшае якасць іх жыцця. Сярод нас ёсць такія, якія з-за стану здароўя не выходзяць з дому, але ніхто з іх не застаецца без увагі. Дзякуючы таму, што мы працуем па гуманітарнай праграме «Месца сустрэчы: дыялог». У Беларусі ў рамках яе дзейнічае 130 праектаў, каардынатарамі якіх з’яўляецца Міжнародная грамадская арганізацыя «Узаемаразуменне» пры падтрымцы нямецкага фонда «Памяць, адказнасць, будучыня».

Мы паспяхова адпрацавалі ўжо тры праекты: «Дыялог», «Мір», «Надзейнае плячо», якія выйгралі ў міжнародных конкурсах. З першага сакавіка пачалі ажыццяўляць чацвёрты праект, які мае назву «Надзейнае плячо – працяг». 35 валанцёраў і актывістаў нашай арганізацыі наведваюць вязняў, якія адчуваюць патрэбу ў апецы. Ёсць і школьнікі, якія дапамагаюць вязням авалодаць камп’ютарнай граматай. Мы, апошнія сведкі злачынстваў нацызму супраць чалавецтва, наладжваем сустрэчы з моладдзю, стараемся данесці да іх, што такое вайна, якое гора яна прыносіць, як важны мір на Зямлі. Бадай што ў горадзе няма ніводнай навучальнай установы, дзе б не пабывалі члены нашай арганізацыі. Спасылаючыся на асабісты вопыт, яны растлумачваюць моладзі сутнасць сапраўдных каштоўнасцей жыцця. Разам з настаўнікамі і работнікамі інспекцый па справах непаўналетніх удзельнічаюць у перавыхаванні цяжкіх падлеткаў, праводзяць іншую карысную работу. У арганізацыі дзейнічаюць гурткі па інтарэсах. Нашы карціны і вышытыя бісерам іконы, як і карціны мастака-вязня Фелікса Аляксеевіча Казлоўскага, дэманструюцца на розных выставах горада. 

«Дзеці вайны» падтрымліваюць кантакты з нямецкай грамадскасцю. Сустрэчы з яе прадстаўнікамі ўмацоўваюць сяброўскія сувязі з нямецкім народам, згладжваюць у памяці нашых людзей страшнае мінулае.

Прыемна ўсведамляць, што наша дзейнасць зацікавіла старшыню Савета старэйшын Беларускага саюза сувораўцаў і кадэтаў Іллю Макаравіча Караблікава. Ён параіў расказаць аб лёсах нашых вязняў у кнізе «Дзеці вайны ўспамінаюць», якая павінна выйсці ў свет да 75-годдзя Вялікай Перамогі.

Работу мы праводзім вялікую, патрэбную і карысную, але ўмовы ў нас складаныя: офіс мае плошчу толькі 17,5 квадратных метра. Нават членам праўлення тут цесна, а калі даводзіцца наладжваць сустрэчы з моладдзю, то ўзнікаюць вялікія цяжкасці ў пошуках памяшкання. Дарэчы, за гэты офіс (арэнда, камунальныя паслугі, камп’ютар, тэлефон, інтэрнэт-банкінг) мы плацім 173 рублі ў месяц са сваіх мізэрных узносаў і за кошт праектаў, якія выйгралі ў міжнародных конкурсах. Спадзяемся, што гарадскія ўлады з разуменнем унікнуць у нашы праблемы і дапамогуць іх вырашыць. 

Віншую членаў арганізацыі «Дзеці вайны» з Міжнародным днём вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў і жадаю ўсім моцнага здароўя.

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей